Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Іране паўтара тыдні працягваюцца масавыя пратэсты супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Удзельнікі пратэстаў кажуць пра масавыя фальсыфікацыі і патрабуюць новых выбараў. Госьць перадачы “Ваша Свабода. Вынікі дня”– палітоляг Сяргей Богдан.

Знаткевіч:
Вы ў свой час вучыліся ў Іране, потым яшчэ наведвалі гэтую краіну, у вас жонка – іранка. Наколькі для вас былі чаканымі гэтыя цяперашнія пратэсты, іх маштаб?

Сама культура такога масавага пратэсту ў Іране зьяўляецца неад'емнай часткай палітычнай
культуры
Богдан:
Пратэсты для мяне былі чаканымі. Нечаканымі для мяне былі такія маштабныя фальсыфікацыі вынікаў выбараў. І калі б я мог гэта нейкім чынам прадбачыць, я б адразу сказаў, што пратэсты будуць і будуць крывавыя. Сама культура такога масавага пратэсту ў Іране зьяўляецца неад'емнай часткай палітычнай культуры.

Знаткевіч: Адкуль стала вядома пра фальсыфікацыі. На падставе чаго вы кажаце пра фальсыфікацыі?

Богдан:
Я ня буду закранаць іншыя крыніцы. Скажу з уласнага досьведу. Я вельмі добра ведаю правінцыю Курдыстан. Я маю там вельмі шмат сяброў, я там шмат разоў быў. Таму хоць забіце мяне, але я ніколі не паверу, што правінцыя Курдыстан прагаласуе за Ахмадзінэжада. Гэта ўсё адно што парушэньне законаў фізыкі, усё адно што зьнікне гравітацыя. Гэтага ня можа быць,таму што гэтага ня можа быць.

Другая рэч – я бачыў, як быў арганізаваны выбарчы працэс. Раней зь міністэрства ўнутраных спраў, якое кантралюе выбары, было вельмі шмат выцяканьняў інфармацыі і было відаць, як супернічаюць бакі. А зараз Ахмадзінэжад узяў МУС пад такі кантроль, што мы ня маем ніякай інфармацыі – маем толькі сьцяну маўчаньня. Гэта ўжо само па сабе нязвыкла для любога, хто назірае за іранскай палітыкай. Але гэта ўсё я кажу без увагі на факт, які высьветліўся сёньня – што парушэньні знойдзены ў траціне акругаў. Ну калі ўжо траціна, дык гэта азначае, што парушэньні ёсьць не выпадковасьцю, але заканамернасьцю.

Знаткевіч: У Іране прэзыдэнт ня ёсьць найвышэйшай уладай. На вяршыні палітычнай сыстэмы там духоўны лідэр – аятала Хамэнэі. У якой ступені вынікі прэзыдэнцкіх выбараў вызначаюць палітыку гэтай краіны? То бок уласна, за што ідзе змаганьне падчас цяперашніх пратэстаў?

Ахмадзінэжад, які верыць, што ён пакліканы падрыхтаваць прыход мэсіі на зямлю... Ён шмат разоў расказваў публічна, што ён сьвяты, што ён адчуў, як на яго сышоў німб сьвятасьці падчас выступу ў ААН...
Богдан:
Па-першае, Ахмадзінэжад сканцэнтраваў у сваіх руках зашмат улады. Гэтым ён парушыў няпісаны закон іранскай палітыкі, паводле якога розныя групоўкі і розныя плыні кантралююць розныя дзяржаўныя інстытуцыі, і ў канкурэнцыі паміж тымі групоўкамі фармуецца плюралізм іранскай палітыкі. З аднаго боку Ахмадзінэжад парушыў гэты балянс, а з другога – вельмі наблізіўся да правадыра, да аяталы Хамэнэі. У выніку ўзьнік вельмі небясьпечны для астатняй палітычнай эліты хаўрус. Хаўрус гэты небясьпечны і для насельніцтва ў сэнсе правоў і свабод апошняга.

Чалавек з такімі поглядамі на сьвет, як Ахмадзінэжад, які верыць, што ён пакліканы падрыхтаваць прыход мэсіі на зямлю... Ён шмат разоў расказваў публічна, што ён сьвяты, што ён адчуў, як на яго сышоў німб сьвятасьці падчас выступу ў ААН...

Дык вось такая ідэалёгія, якая накладаецца на такую канцэнтрацыю ўлады, па-першае, прадугледжвае вынішчэньне палітычнага плюралізму, а па-другое, спараджае грэблівае стаўленьне да правоў і свабодаў. І гэта людзі ў Іране адчулі падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Ахмадзінэжада...

Я гэта ведаю з уласнага вопыту. Ахмадзінэжад і яго адміністрацыя настолькі ўскладнілі жыцьцё простых людзей (нават калі не кранацца пытаньняў свабоды творчасьці ці яшчэ нечага такога), што тыя адмаўляюцца падпарадкавацца... Калі на вуліцы да вас падыходзіць паліцыя і пачынаецца высьвятленьне, правільна ці няправільна надзета ваша жонка... Цяпер пытаньні могуць узьнікнуць нават да жанчыны ў хіджабе...

Да таго ж Ахмадзінэжад выклікаў у краіне гіпэрінфляцыю. І вось гэтыя абмежаваньні рэлігійнага і побытавага характару, з аднаго боку, і згубная эканамічная палітыка з другога, і выклікаюць народны пратэст.

СЛУХАЦЬ УСЮ ГУТАРКУ:
XS
SM
MD
LG