Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не бывае правільных адказаў – правільнымі бываюць толькі пытаньні”


Выйшла 16-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” “Акцэнты Свабоды” Юрыя Дракахруста. Гэтая кніга — зборнік выбраных перадачаў праграмы Беларускай службы Радыё Свабода «Праскі акцэнт», якія выйшлі ў эфір у 2001—2008 гадох.

Філёзаф Валянцін Акудовіч:

“Як вядома, Юры Дракахруст прыйшоў у журналістыку з матэматыкі. Цяпер ужо ніхто ня зможа сказаць, што з гэтага страціла матэматыка, а вось тое, што з гэтага атрымала не абы які прыбытак беларуская журналістыка, скажа кожны, хто хоць нешта пра яе ведае. Безумоўна, Юры Дракахруст сёньня адзін з самых заўважных герояў на ўсёй мэдыйнай прасторы Беларусі. Праграма “Праскі акцэнт” на радыё “Свабода”, дзе ён ужо шмат год вядзе рэй, зьяўляецца своеасаблівым эталёнам, на які арыентуюцца палітычныя аглядальнікі як незалежных, так і дзяржаўных СМІ. Таму кніга “Акцэнты свабоды”, укладзеная зь перадач “Праскага акцэнту”, хоць і разьлічаная на самага шырокага чытача, бадай найперш зацікавіць уласна журналістаў. Ня будзе яна лішняй і ў адукацыйных праграмах факультэтаў журналістыкі, паколькі тут маладым людзям ёсьць з чаго павучыцца.

У пасьляслоўі да кнігі Юры Дракахруст піша, што “гэта не задачнік з правільнымі адказамі, а хроніка напружанага інтэлектуальнага пошуку…” Слова “напруга” ў аўтарскай самапрэзэнтацыі для мяне загалоўнае. Бо без напятай напругі, якую так удала ўмее ствараць Юры Дракахруст, мы мелі б толькі аналітычныя рэфлексіі “высакалобых” суразмоўцаў… Але ня мелі б тых інтэлектуальных падзеяў, якімі раз-пораз выбухае “Праскі акцэнт”.

У кнізе прадстаўленыя развагі на самыя розныя тэмы больш як шасьцідзесяці сапраўды выбітных асобаў. Але хай не крыўдуюць іншыя, для мяне ў “Акцэнтах свабоды” самым цікавым суразўмоўцам аказаўся сам аўтар кнігі. Я атрымліваў амаль фізычную асалоду, прасочваючы аналітычна разгорнутыя пытаньні журналіста. У гэтых пытаньнях мяне цешыў і эўрыстычны досьціп, і так любая мне канцэптуалізацыя актуальных праблематык, але найперш іх антынамічнасць, празь якую Юры Дракахруст увесь час трымае сваіх суразмоўцаў у сытуацыі інтэлектуальнага крызісу, зь якога ім неадкладна трэба знайсьці выйсьце. І не істотна, што гэтае выйсьце знаходзіцца адно зрэдзьчас. Бо не бывае правільных адказаў – правільнымі бываюць толькі пытаньні.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG