Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе і як выконваюць сьмяротныя прысуды


Пэрформанс за адмену сьмяротнай кары. Меснк

Пэрформанс за адмену сьмяротнай кары. Меснк

У Эўропе Беларусь застаецца адзінай краінай, у якой выконваюцца сьмяротныя прысуды.

Усе іншыя эўрапейскія краіны выключылі сьмяротнае пакараньне са сваіх крымінальных кодэксаў і/або ўвялі мараторый на яго выконваньне.

Прыкладам, Украіна наклала мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў у 1997 годзе, а ў 2000 годзе Вярхоўная Рада скасавала ўсе артыкулы пра сьмяротнае пакараньне ў Крымінальным кодэксе.

У Польшчы мараторый на сьмяротныя пакараньні быў накладзены ў 1989 годзе, а само сьмяротнае пакараньне фармальна зьнікла з Крымінальнага кодэксу ў 1998. Апошні сьмяротны прысуд быў выкананы (праз павешаньне) у 1988 годзе.

У Расеі сьмяротнае пакараньне застаецца як магчымасьць у Крымінальным кодэксе, але Вярхоўны суд наклаў часовы мараторый на выкананьне такіх пакараньняў.

Сёньня пераважная большасьць краінаў у сьвеце забараніла сьмяротнае пакараньне як каральны сродак у сваіх заканадаўствах. Аднак каля 60 адсоткаў насельніцтва на сьвеце ўсе яшчэ жыве ў краінах, дзе выконваюцца сьмяротныя пакараньні. Сьмерцю караюць да сёньняшняга дня ў найбольшых па колькасьці насельніцтва краінах сьвету: Кітаі, Індыі, ЗША, Інданэзіі.

Гісторыя ведае некалькі дзясяткаў спосабаў выконваньня сьмяротнага пакараньня, але ў сёньняшняй судовай практыцы засталося іх усяго некалькі: павешаньне, расстрэл, электрычнае крэсла, сьмяротная ін’екцыя, газавая камэра, каменяваньне.

Сьмерцю праз павешаньне караюць, між іншым, у Пакістане, Малайзіі, Індыі, Японіі, Сінгапуры. У Ізраілі сьмяротнае пакараньне праз павешаньне фармальна існуе ў крымінальным кодэксе, але яго выканалі толькі раз — у 1961 годзе ў адносінах да нацысцкага злачынца Адольфа Айхмана.

Расстрэл як форма сьмяротнага пакараньня існуе, акрамя Беларусі, у Кітаі (страляюць раз у патыліцу або з аўтаматычнай зброі ў сьпіну), Тайване (страляюць раз у сэрца), Інданэзіі (страляе некалькі чалавек з расстрэльнай каманды).

Электрычнае крэсла як форма сьмяротнага пакараньня ў мінулым выкарыстоўвалася ў ЗША і на Філіпінах. Цяпер у большасьці амэрыканскіх штатаў, у якіх існуе сьмяротнае пакараньне, ужываецца наогул сьмяротная ін’екцыя. Але ў некаторых зь іх прысуджаны на сьмерць можа адмовіцца ад ін’екцыі і выбраць электрычнае крэсла.

Газавая камэра раней ужывалася для пакараньня сьмерцю ў шмат якіх амэрыканскіх штатах, але цяпер засталася ў трох штатах як "другасны" мэтад, уступаючы сьмяротнай ін’екцыі. Атрутным газам, ужываным у гэтым пакараньні, зьяўляецца цыяністы вадарод (HCN).

Сьмяротная ін’екцыя, якую некаторыя лічаць "найбольш гуманным" спосабам выкананьня сьмяротнага прысуду, ужываецца ў ЗША як найбольш пашыраны мэтад пакараньня сьмерцю. Прысуджанаму уводзяцца ў вену тры асобныя прэпараты, якія уводзяць сьмяротніка ў стан беспамяцтва, паралізуюць мышцы і спыняюць сэрца.

Камэняваньне як спосаб сьмяротнага пакараньня фармальна існуе ў некалькіх краінах з ісламскай традыцыяй, хоць ужываецца там вельмі рэдка: Аўганістане, Іране, Нігерыі, Пакістане, Судане, Саудаўскай Арабіі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
XS
SM
MD
LG