Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас чакаюць бульбяная, агурочная, кілбасная ды іншыя войны”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 24 чэрвеня 2009 году

Той, хто ўпершыню назіраў, як на мінулым тыдні Менск і Масква абменьваліся ўзаемнымі папрокамі, абвінавачаньнямі і крыўдамі, мог падумаць, што адносіны паміж сабой высьвятляюць ня даўнія саюзьнікі і сябры, а зацятыя ворагі і нядобразычліўцы, якія падазраюць адзін аднаго ў самых чорных намерах.

На тэму чарговых беларуска-расейскіх гандлёвых і палітычных супярэчнасьцяў — ліст нашага слухача Аляксандра Мельніка зь Менску, зь якога і пачну сёньняшнюю размову. Спадар Мельнік піша:

Дзеяньні Лукашэнкі ў адказ дастойныя: на саміт АДКБ у Маскву ехаць адмовіўся, мытнікаў на беларуска-расейскую мяжу выставіў
“Даводзіцца прызнаць, што Лукашэнка абараняе нацыянальныя інтарэсы Беларусі, як і належыць прэзыдэнту незалежнай дзяржавы. Яшчэ невядома, як у такой сытуацыі паводзілі б сябе нашы апазыцыянэры — Лябедзька, Казулін, Пазьняк ды іншыя. А Лукашэнку Масква “прыгнуць” ня можа. Яна яго і так, і гэтак — а ён цьвёрды, як камень. Цяпер вось Крэмль распачаў “малочную вайну”. Прыніжаюць, як толькі могуць. А дзеяньні Лукашэнкі ў адказ дастойныя: на саміт АДКБ у Маскву ехаць адмовіўся, мытнікаў на беларуска-расейскую мяжу выставіў... І беларусы яго разумеюць і падтрымліваюць. Нават такія, як я, хто заўсёды выступаў за незалежнасьць Беларусі, супраць любых саюзаў з Расеяй.

Думаю, Лукашэнка ўвойдзе ў нашу нацыянальную гісторыю як першы прэзыдэнт, які мужна супрацьстаяў усім замахам агрэсіўных суседзяў на незалежнасьць беларускай дзяржавы”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Мельнік зь Менску.

У гісторыі, спадар Мельнік, застанецца і іншае — як у сярэдзіне і напрыканцы 90-х гадоў ад Аляксандра Лукашэнкі адна за адной сыходзілі ініцыятывы як мага больш цеснага аб’яднаньня з Расеяй: спачатку стварылі супольнасьць, потым — саюз, і ўрэшце — саюзную дзяржаву. Справа шпарка пасоўвалася да саюзнай канстытуцыі, саюзных выбараў, а ў пэрспэктыве — і да пасады саюзнага прэзыдэнта. І калі б састарэлы Барыс Ельцын, адыходзячы, задаволіў палітычныя амбіцыі Аляксандра Лукашэнкі, калі б сваім пераемнікам ён не прызначыў маладога і амбітнага Ўладзіміра Пуціна — хто ведае, што было б зараз зь Беларусьсю і яе незалежнасьцю?

Пра тое, чаму канфлікты паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам на ўсім працягу прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі пэрыядычна паўтараюцца, разважае ў сваім новым лісьце наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Слухач піша:

“Што наша краіна з прыходам да ўлады Лукашэнкі будзе пэрманэнтна канфліктаваць з суседзямі, і ня толькі з суседзямі, можна было прадбачыць яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў ‘94 году. Сама біяграфія Лукашэнкі давала падставу падазраваць сварлівы і няўжыўчывы характар кандыдата ў прэзыдэнты. Мяркуйце самі: за нейкі дзясятак год пасьля вучобы і службы ў войску Рыгоравіч зьмяніў цэлы шэраг працоўных месцаў. Быў ён і камсамольскім сакратаром у гархарчгандлі, і сакратаром раённай арганізацыі “Веды”, і ротным зампалітам, і намесьнікам старшыні калгасу, і намесьнікам дырэктара камбінату будматэрыялаў, і калгасным партыйным сакратаром. У выніку — за 10 год аніякага прагрэсу ў кар’еры. Тут шараговаму выбарніку трэба было задумацца і пралічыць прынамсі тры магчымыя варыянты: будучы прэзыдэнт — 1) нікуды ня варты спэцыяліст; 2) мае канфліктны характар, што несумяшчальна з пасадай прэзыдэнта; 3) не шанцуе чалавеку. Пазьней жонка прэзыдэнта, Галіна Радзівонаўна, казала, што ейны Саша нідзе больш за два гады не затрымліваецца.

Паколькі мы выбіралі не шкарпэткі ў шапіку, а прэзыдэнта, то асабіста я адрынуў гэтую кандыдатуру адразу. Калі ж спрабаваў давесьці свой пункт гледжаньня да катэгарычных прыхільнікаў прэзыдэнта, то ў адказ пачуў, што 1) я — вораг народа; 2) мяне трэба расстраляць; 3) мяне трэба павесіць.

Да нафтавай, газавай, малочнай войнаў дададуцца бульбяныя, агурочныя, тэлевізарныя, аўтамабільныя, кілбасныя ды яшчэ хто ведае якія
І вось мы маем тое, што маем. Няцяжка спрагназаваць, што канфлікты паміж Беларусьсю і краінамі, зь якімі мы маем дачыненьні, былі, ёсьць і будуць, пакуль улада ў Рыгоравіча. Да нафтавай, газавай, малочнай войнаў дададуцца бульбяныя, агурочныя, тэлевізарныя, аўтамабільныя, кілбасныя ды яшчэ хто ведае якія. Адна з найбольш верагодных (а часам і самых важкіх) прычын палягае ў тым, што Лукашэнка не жадае (ці ня ўмее?) выконваць элемэнтарныя этычныя нормы, прынятыя ў міжнародных адносінах, у дыпляматычным асяродзьдзі. Ён дазваляе сабе ня проста непрымальныя, а нават вульгарныя выразы ў ацэнках ня толькі вышэйшых асобаў, але і народаў іншых дзяржаваў. Але, як адзначыў сёньня адзін са слухачоў Радыё Свабода, “за базар трэба адказваць”, —

— гэтак лічыць наш слухач Кастусь Сырэль з Ушачаў.

“Малочная вайна”, як вядома, працягвалася нядоўга: пасьля тыднёвага абмену ўзаемнымі прэтэнзіямі і папрокамі беларускіх перамоўнікаў у Маскве ўсё ж прынялі, дакумэнты падпісалі і дарогу перад малакавозамі разблякавалі. Але ў той жа дзень навальнічныя грымоты пачуліся зь іншага боку: расейскі “Газпром” палічыў, што беларускія спажыўцы ня цалкам разьлічваюцца за спажыты газ. Доўг з пачатку году нібыта склаў ужо больш як 230 мільёнаў даляраў. Беларускія газавікі такія разьлікі лічаць памылковымі, а доўг не прызнаюць. Так што абрысы новай эканамічнай сваркі ўжо выразна акрэсьліліся...

Наш слухач Мікалай Кернажыцкі са Слуцку распавёў пра цікавы прыклад таго, як мясцовыя чыноўнікі займаюцца ўдасканаленьнем гістарычных тапонімаў. У сваім лісьце на “Свабоду” спадар Мікалай піша:

“Перад прыездам у Слуцак прэзыдэнта нехта з раённых чыноўнікаў выявіў надзвычайную пільнасьць. Справа ў тым, што на 15-м кілямэтры менскай шашы яшчэ нядаўна можна было бачыць указальнік “Вынісцы” — гэта назва вёскі, якую ў 19-м стагодзьдзі заснавалі беларусы-каталікі, што прыехалі сюды з-пад Баранавічаў. Ім далі за вёскай ня самыя лепшыя надзелы зямлі — “вынесьлі”. Адсюль і назва новага паселішча.

Са 170 двароў сабралі чалавек 40—50 і вось такой “большасьцю” галасоў далі вёсцы новую назву — “Вынішчы”
І вось нейкаму пільнаму чыноўніку, відаць, падалося, што гэтая назва ня надта мілагучная — можа не спадабацца прэзыдэнту. І далі з раёну ў сельвыканкам каманду: склікаць сход вяскоўцаў і замяніць назву. Са 170 двароў сабралі чалавек 40—50 і вось такой “большасьцю” галасоў далі вёсцы новую назву — “Вынішчы”. Зусім не падумаўшы, які сэнс мае гэтае слова ў беларускай мове. У вайну ў партызанскай газэце “Народны мсьцівец”, што выходзіла ў лясах на Любаншчыне, былі артыкулы з загалоўкамі “Вынішчым фашысцкіх акупантаў!” Сам чытаў іх хлапчуком. Дзеля паказухі сёньняшнія ўладныя паслугачы нярэдка забываюць і мову родную, і здаровы народны сэнс”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Кернажыцкі са Слуцку.

Сапраўды, зусім ня там, дзе варта было б, шчыруюць ахвотнікі да зьмены тапонімаў. Колькі на Беларусі (у тым ліку і на Случчыне) камуністычных назваў вёсак, мястэчак, вуліц, зьвязаных з імёнамі бальшавіцкіх правадыроў ды сымбаляў эпохі сацыялізму. І ці не за кожнай зь іх — амаль забытая гістарычная назва, якая рана ці позна павінна быць вернута на мапу Беларусі. Але на імёны Леніна, Калініна, Дзяржынскага чыноўнікі пабойваюцца замахвацца і сёньня, праз дваццаць год пасьля краху камунізму. Хоць мала хто зь мясцовых людзей быў бы супраць вяртаньня спрадвечных назваў.

Даўні сябар “Свабоды” Ільля Копыл зь Менску зьвярнуў увагу на тэлефанаваньне адной слухачкі, якая неўзабаве пасьля конкурсу песьні “Эўрабачаньня” крытычна выказалася на адрас пераможца — Аляксандра Рыбака. Маўляў, што вы носіцеся зь ім, які ж ён беларус, калі жыве ў Нарвэгіі? Спадар Ільля з гэтай нагоды піша:

“Такое меркаваньне пра беларусаў, якія з розных прычынаў апынуліся далёка за межамі радзімы, досыць распаўсюджанае. Прынамсі, мне даводзілася чуць падобнае нават ад сьвядомых беларусаў.

Я нагадаў, што Беларусь, ня будучы марской дзяржавай, дала сьвету 62-х адміралаў. Але мы, на жаль, ня ведаем ніводнага прозьвішча
На адной сустрэчы з нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыяй, дзе зайшла размова пра гэта, я нагадаў, што Беларусь, ня будучы марской дзяржавай, дала сьвету 62-х адміралаў. Але мы, на жаль, ня ведаем ніводнага прозьвішча. У адказ прагучала: “Якія ж яны беларусы — яны манкурты”. Крыўдна было пачуць такое ад быццам бы адукаванага чалавека, які мае вучоную ступень. Лічу, што такія меркаваньні — шкодныя. Чаму мы павінны адмаўляцца ад сваіх суайчыньнікаў? Наадварот, мы павінны ганарыцца такімі асобамі, як, напрыклад, расейскі актор Алег Янкоўскі (які, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцьця — сьветлая яму памяць). Як можна адмаўляцца ад сусьветна вядомага вучонага Барыса Кіта, які жыў у ЗША, а цяпер жыве ў Нямеччыне? А касманаўты Кавалёнак, Клімук, Церашкова? Пералічыць усіх проста немагчыма”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ільля Копыл зь Менску.

Сапраўды, спадар Копыл, тыя дзяржавы, якія дбаюць пра ўласны імідж у сьвеце, ня толькі не выракаюцца сваіх суайчыньнікаў, якія з розных прычынаў апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, а наадварот — рознымі спосабамі падтрымліваюць іх, заахвочваюць да ўдзелу ў разнастайных праектах, фінансуюць культурніцкія і зямляцкія арганізацыі. Напрыклад, урад Польшчы за кошт уласнага бюджэту ўтрымлівае шэраг польскіх школ, газэт, культурных інстытуцыяў у розных краінах сьвету, у тым ліку ў Беларусі. Актыўна падтрымліваюць сваіх суайчыньнікаў і іншыя суседнія зь Беларусьсю краіны — Літва, Латвія, Украіна. А вось беларусам замежжа праблематычна нават сабрацца на свой зьезд у Менску. Сёлета, як і раней, арганізатары сутыкнуліся з праблемамі памяшканьня: ім адмовілі каля 20 установаў Менску. І толькі ў самы апошні момант, калі ўжо ішла размова пра верагоднасьць правядзеньня зьезду за мяжой, беларускія ўлады далі дазвол арандаваць залю ў Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG