Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: Беларусь гандлюе эўрапейскай геапалітычнай арыентацыяй


Палата прадстаўнікоў атрымае статус адмыслова запрошанай у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, але толькі пасьля таго, як Беларусь увядзе мараторый на сьмяротнае пакараньне. Такое рашэньне сёньня ўхваленае на сэсіі асамблеі ПАРЭ з ініцыятывы кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса.


Ці можна такое рашэньне назваць эфэктыўным? Як яно будзе ўплываць на сытуацыю ў Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.


Дашчынскі: “Фактычна, сёньня сутыкнуліся два падыходы да беларускага пытаньня. Адзін зь іх агучыў італійскі дэпутат Андрэа Рыгоні, які выступае за скасаваньне санкцый і пашырэньне кантактаў з афіцыйным Менскам. Кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс — прыхільнік больш жорсткай пазыцыі. Ён і прапанаваў паставіць умову афіцыйнаму Менску на шляху да статусу. Ці можна казаць пра пэўны паварот у эўрапейскай палітыцы адносна Беларусі?”
Адмена сьмяротнага пакараньня — гэта крок, як павінен засьведчыць, што Беларусь імкнецца ў эўрапейскую сям’ю не на словах, а на справе.


Чавусаў: “Пэўнае сымбалічнае значэньне вось гэтае рашэньне, безумоўна, мае. І калі вы кажаце пра сутыкненьне двух падыходаў, я б адзначыў, што пара мяняць тэрміналёгію. Спадар Рыгоні дэманстраваў падыход той, які раней называлі “рэалістычным”. Дык вось, большым рэалістам сябе паказаў спадар Пургурыдэс, які абапіраўся на канкрэтныя факты беларускай палітыкі. І гэты рэалістычны падыход, які насамрэч грунтуецца на рэальных магчымасьцях уплываць на беларускую ўладу, быў падтрыманы Парлямэнцкай асамблеяй. Ёсьць такі тэрмін, “элегантнае”, для палітычных крокаў. Дык вось гэтае рашэньне Парлямэнцкай асамблеі можна ацаніць як досыць элегантнае ад беларускага боку, які ў прынцыпе заяўляў пра сваю адданасьць ідэалам Рады Эўропы. І патрабуецца пацьвердзіць гэтую адданасьць рэальнымі, няхай сабе збольшага сымбалічнымі, крокамі. І зараз беларускі бок пастаўлены перад сур’ёзным выбарам”.

Дашчынскі: “Ці будзе гэтая ўмова лёгкай для беларускіх уладаў? Ці выканаюць яны яе? Беларускі МЗС, як і раней, ужо спаслаўся на “вынікі ўсенароднага рэфэрэндуму па гэтым пытаньні”.

Чавусаў: “Адмена сьмяротнага пакараньня — гэта рэальна той каштоўнасны і адначасова палітычны крок, як павінен засьведчыць, што Беларусь імкнецца ў эўрапейскую сям’ю не на словах, а на справе. Не сакрэт, што беларускі бок цяпер крыху гандлюе сваёй эўрапейскай геапалітычнай арыентацыяй. Дык вось Рада Эўропы недвухсэнсоўна заявіла, што па такіх прынцыповых рэчах торг немагчымы. Альбо вы з Эўропай, альбо вы застаяцеся такім анклявам нецывілізаванага сьвету ў сэрцы Эўропы. Гэты крок, адмену сьмяротнага пакараньня, беларускі рэжым разьлічваў зрабіць, але пазьней, калі за гэта можна атрымаць большыя дывідэнды, чым проста крэсла спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі. Трэба ўлічваць, што шмат што будзе вырашацца ў працэсе торгу, у якім будзе браць удзел вышэйшае кіраўніцтва Беларусі. Вельмі зручная ўмова, якую проста выканаць. Патрэбна палітычная воля. А хто ў Беларусі палітычную волю фармуе, я думаю, відавочна”.

Дашчынскі:
“Такое рашэньне ПАРЭ будзе мець уплыў на сытуацыю ў Беларусі?”

Чавусаў: “Вось гэты рэалістычны падыход, выпрацаваны ў Эўропе, стварае новую палітычную сытуацыю найперш для апазыцыйных сілаў. І я б сказаў, што яна спрыяльная для ўсіх. Гэта рашэньне, якое грунтуецца не на аналізе рыторыкі, а на рэальных кроках з боку беларускага рэжыму. Гэта сьведчыць, што і надалей, калі гэты падыход будзе выкарыстоўвацца пасьлядоўна, эўрапейцы змогуць дамагчыся ад беларускага рэжыму рэальных саступак у кірунку лібэралізацыі сытуацыі ў краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG