Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правакатары з мандатамі


Групу маладзёнаў, якія бралі ўдзел у Кангрэсе эўрапейскага выбару 20 чэрвеня, арганізатары назвалі правакатарамі. Хто гэтыя людзі?

Інцыдэнт з маладымі ўдзельнікамі кангрэсу стаў ледзь не асноўнай навіной, якая абмяркоўвалася ў мэдыях. Бальшыня гэтых дэлегатаў сядзелі ў першых шэрагах. Як толькі фотакарэспандэнты пачалі іх здымаць, яны пачалі прыкрывацца газэтамі і абражаць карэспандэнтаў. Асобныя былі нападпітку. Калі арганізатары спыталі іх мандаты, яны засьмяяліся. Тады падышоў Сяргей Скрабец і сказаў, што гэта былі дэлегаты ад незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”.

Мікола Статкевіч і Сяргей Скрабец
“Там пару радоў былі пустыя, ніхто іх не займаў. І я сказаў адной з маіх дэлегацый, каб маладыя хлопцы занялі гэтыя месцы. Але там былі хлопцы, бацькі якіх займаюцца бізнэсам, і самі некаторыя былі бізнэсоўцы. І яны не былі гатовыя да таго, што іх будуць фатаграфаваць. Каб не нашкодзіць сваім бацькам, яны не хацелі, каб іх твары былі ў апазыцыйных мэдыях. Усяго толькі. Яны былі нявопытныя, бо можна было сесьці недзе ў закутках у залі, каб не было бачна. Але яны не чакалі, што будуць здымаць. Таму яны прыкрыліся. А тыя, якія сварыліся з карэспандэнтамі, былі правакатарамі. Я іх ня ведаю. У іх нашых пасьведчаньняў не было”.

Але чаму тады ня вывелі з залі гэтых асобаў? Спадар Скрабец сказаў:

“Відавочна, што трэба было б вывесьці гэтых двух хлопцаў, якія ўсё і справакавалі. Але ня вывелі, ня ведаю чаму. Я аховай не займаўся. Але гэтая сытуацыя была на адну хвіліну. І яны адразу супакоіліся. Я нават ня ведаў, што яны пілі гарэлку. Бо я ня бачыў і паху не адчуў, калі падышоў разьбірацца. Я дагэтуль ня ведаю, былі яны п’яныя ці не. Можа, стаміўся той хлопец, які заснуў. Гэта, натуральна, была правакацыя”.

Вячаслаў Сіўчык, які сядзеў у прэзыдыюме, кажа, што гэтыя дэлегаты не прадстаўлялі аргкамітэт руху салідарнасьці “Разам”. Але ўсе яны мелі мандаты.

“Гэта былі дзьве групы людзей. Адна група сядзела побач з Дранчуком. Другая сядзела па цэнтру. Разам іх было 30—35 чалавек. Але калі б гэта былі мае дэлегаты, натуральна, былі б прынятыя адпаведныя меры. Я ж ня маю дачыненьня да Дранчука і фракцыі Скрабца. Падчас майго выступу цэнтральная група спрабавала проста сарваць мой выступ. Дзеяньні іх былі сэнсоўнымі, у іх быў лідэр”.

Цімафей Дранчук, які вылучаў Сяргея Скрабца патэнцыйным прэтэндэнтам на кандыдата ў прэзыдэнты, патлумачыў:

“Наколькі я разумею, гэта група людзей, якая зьявілася, калі скончылася афіцыйная рэгістрацыя, і неяк зарэгістравалася. Прычым дагэтуль ня высьветлена, у якой з трох груп яна была зарэгістравана. У любым выпадку гэта была нечая правакацыя”.

Паводле Міколы Статкевіча, пасьля кангрэсу было праведзена своеасаблівае расьсьледаваньне. Гэтыя людзі спрабавалі зарэгістравацца ад “Народнай грамады”. Аднак там квота была ўжо выбрана, і яны зарэгістраваліся ад партыі “Свабода” Сяргея Скрабца. Яны нібыта ішлі па лініі адной моладзевай арганізацыі, якая зараз супрацоўнічае з рухам “За свабоду”. Спадар Статкевіч лічыць, што гэта была правакацыя супраць кангрэсу і яго асабіста.

“Я калі выйшаў, то ўбачыў купку маладых людзей, якія, як мікстуру, давяцца, п’юць без закускі, за кутом палаца МТЗ гарэлку з гарла. Я потым іх убачыў у залі. Калі мне сказалі, што ёсьць нейкія людзі, якія самі чапляюцца да журналістаў, абражаюць іх. І яны селі ня ззаду, а на самым перадзе. Я падышоў, спытаў іх мандаты. Яны паказалі. Партыя “Свабода”. Я сказаў: паводзьце сябе прыстойна. Выводзіць іх адтуль — гэта таксама спрацаваць на правакатараў. На мяне раней пастаянна запускалі, што я дыктатар. А тут бярэ, дэлегатаў выводзіць сілай з кангрэсу. Я сказаў ім сядзець ціха. Яны сядзелі ціха, але пазіравалі. Галаву на грудзі схілялі, што галаву не трымаюць, сьпяць”.

Актывіст руху “За свабоду” Аляксей Кавалец заявіў, што маладзёны з кангрэсу ня маюць ніякага дачыненьня да руху.

“Гэтыя людзі аблажаліся і цяпер хочуць, ня ведаю зь якіх прычынаў, абгадзіць Мілінкевіча. Добра, што гэтая пена зараз вылезла”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG