Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць Свабоды – палітык Мікола Статкевіч, якога на кангрэсе Эўрапейскага выбару ў Менску вылучылі прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Знаткевіч: Якія, на вашу думку вашы перавагі перад іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі ад апазыцыі?

Статкевіч: Гм... пытаньне, падаецца, такое... трохі ў лоб і некарэктнае... Цяжка казаць пра свае перавагі, але, думаю, мае перавагі добра вядомыя найперш уладзе, і гэта зьяўляецца, мабыць, маім недахопам. Я дастаткова даўно ў палітыцы: ва ўладзе ведаюць, што я не саступаю ціску, і я ўсё раблю да канца – недарэмна мяне ўжо двойчы пад прэзыдэнцкія выбары судзілі па ўзбуджаных крымінальных справах. І калі ў першым выпадку – у 2001 годзе – абышліся ўмоўным пакараньнем, то пад выбары 2006 году я ўжо апынуўся на 2 гады на хіміі. Думаю, што гэта галоўная якасьць, якая зараз патрэбная кандыдату ў прэзыдэнты і якой не стае, на жаль, вялікай колькасьці беларускіх палітыкаў.

Знаткевіч: А ці маеце вы моцную каманду? Бо ў беларускіх умовах сабраць 100 тысячаў подпісаў даволі складана...

Статкевіч: У мяне ёсьць моцная каманда, якая сябе ўжо паказала на мінулых парлямэнцкіх выбарах: эўрапейская кааліцыя вылучыла 63 кандыдаты, якія падалі дакумэнты – яны сабралі 107 тысячаў подпісаў. А АДС сабрала каля 150 тысячаў подпісаў: гэта ўвесь рэсурс беларускай апазыцыі – два з паловай кандыдаты, так яно рэальна і ёсьць.

Знаткевіч: Даволі шмат крытыкі выклікала прысутнасьць на кангрэсе Эўрапейскага выбару відавочна нецьвярозых людзей. Спадар Скрабец, чыю арганізацыю гэтыя людзі прадстаўлялі, назваў гэта правакацыяй – але ці ня сьведчыць гэта пра слабасьць арганізацыі: тое, што такіх людзей папросту ня вывелі з залі?

Статкевіч: Розныя арганізацыі бралі ўдзел у гэтым кангрэсе. Мы, улічваючы памеры залі, спадзяваліся, што дэлегацыя БНФ пасьля сходу цалкам застанецца ў гэтай залі – а для Эўрапейскай кааліцыі квота была 500 дэлегатаў. Квота Народнай Грамады была 250, і мы яе выбралі цалкам, гэтак жа, як і астатнія ўдзельнікі.

Але ёсьць розныя арганізацыі, палітыкі з розным досьведам... Сацыял-дэмакратычная партыя Свабода – гэта маладая арганізацыя, шмат неправераных людзей, і яны, безумоўна, паддаліся на правакацыю, уключыўшы ў свае сьпісы правакатараў. Я на свае вочы бачыў, калі выходзіў з палацу, што ля ўваходу стаіць купка людзей, якія п'юць з гарлавіны гарэлку – давяцца, як быццам ім загадалі прыняць гэта перад тым, як кудысьці ісьці. А потым яны сядаюць на першыя шэрагі і чапляюць чамусьці менавіта журналістаў – гэта відавочная правакацыя. Але калі ўявіць, што прыйшлі б магутныя хлопцы, узялі гэтых, скруцілі і павалаклі – гэта было б, па-мойму, яшчэ горш. Тады б узьняўся лямант аб недэмакратычнасьці кангрэсу. Я іх прымусіў замаўчаць і сядзець ціха, але прымусіць іх не імітаваць, што ў іх галовы не трымаюцца і падаюць на бок – гэта ўжо было не ў маіх сілах...

Знаткевіч: Гэта была імітацыя, на вашу думку?...

Статкевіч: Безумоўная імітацыя. Гэта была гульня: спачатку абразілі журналістаў, а потым пачалі ім пазіраваць. Гэта была правакацыя, але я зьдзіўляюся, што хаця на кангрэс сабралася больш як 600 дэлегатаў – годныя, мужныя людзі – усе зацыкліліся на гэтых п'яных правакатарах. Я думаю, трэба больш зважаць на вынікі кангрэсу, а кангрэс паказаў, што сапраўды ёсьць каманда...

СЛУХАЦЬ УСЮ ГУТАРКУ:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG