Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у рэйтынгу “недзеяздольнасьці дзяржаваў” надалей застаецца ў катэгорыі краінаў, дзе ня ўсё ў парадку.

У пятым штогадовым рэйтынгу “недзеяздольнасьці дзяржаваў”, які складаюць часапіс “Foreign Policy” і дасьледная арганізацыя “Фонд міру”, Беларусь сёлета заняла 66-месца, палепшыўшы свой леташні (53-е) і пазалеташні (51-е) паказьнік. (Чым вышэйшае месца – тым горшая сытуацыя ў краіне.)

Як і ў папярэднія гады, 177 краінаў сьвету ацэньваліся паводле 12 паказьнікаў – сацыяльных, эканамічных і палітычных. Сярод іх – дэмаграфічныя праблемы, наяўнасьць уцекачоў, нераўнамернасьць эканамічнага разьвіцьця, крыміналізацыя дзяржаўнага апарату, парушэньне правоў чалавека, умяшаньне ва ўнутранае жыцьцё краіны з боку іншых краінаў.

Найбліжэйшыя суседзі Беларусі сёлета – Свазілэнд (65) і Лесота (67).

Самая нестабільная краіна сьвету, паводле амэрыканскіх дасьледнікаў, сёлета, як і летась – Самалі. У першай дзясятцы – Зімбабвэ, Судан, Чад, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Ірак, Афганістан, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Гвінея і Пакістан. Склад першай дзясяткі фактычна ўжо некалькі гадоў застаецца амаль той самы. З постсавецкіх краінаў у самую небясьпечную катэгорыю “Alert” (Трывога) трапілі Ўзбэкістан (31), Грузія (33) і Таджыкістан (37). Замыкае гэты сьпіс 38 краінаў Іран.

Бальшыня краінаў сьвету – 93 – у тым ліку і Беларусь, трапілі ў наступную катэгорыю – “Warning” (Папярэджаньне). Постсавецкія краіны разьмесьціліся ў сьпісе так: Кіргізстан (42), Малдова (54), Азэрбайджан (56), Туркмэністан (59), Расея (71), Армэнія (101), Казахстан (105), Украіна (110).

У наступную катэгорыю – “Памяркоўныя” (Moderate) – увайшлі больш “пасьпяховыя” краіны, сярод іх тры балтыйскія дзяржавы – Латвія (136), Эстонія (140) і Літва (145). Сюды трапіла і бальшыня краінаў колішняга сацыялістычнага блёку, а таксама буйныя заходнія дзяржавы – Нямеччына (157), Францыя (158), ЗША (159), Вялікая Брытанія (161).

Урэшце, у 13 краінах сьвету, паводле дасьледнікаў, усё ў поўным парадку . Замыкаюць сьпіс самыя стабільныя краіны сьвету – Швэцыя, Фінляндыя і Нарвэгія.
XS
SM
MD
LG