Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўшовік: Самы стабільны бізнэс у Мастах – рытуальныя паслугі


Уладзімер Каўшовік

Уладзімер Каўшовік

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Уладзімер Каўшовік з Мастоў. Сёлета яму 50 гадоў. Скончыў Інстытут замежных моваў. Валодае францускай і ангельскай. Сябра партыі КХП БНФ. Захапленьні: фота, відэа. Стваральнік сайту www.masty.org Працуе над мэтодыкай выкладаньня ангельскай мовы.


Як у 1995 годзе ў Мастоўскім раёне было 43,9 тысячы насельніцтва, то цяпер – каля 33 тысяч. Калі дынаміка такой застанецца, то па словах дэпутата раённага Савета Зьміцера Кухлея, у 2015-м насельніцтва паменшыцца да 28,8 тысячы.

Просты факт: у 2008 навучальным годзе ў мястэчку Пескі зь яго трактарным рэмзаводам і філіяй ваўкавыскага малочнага заводу ў першую клясу прыйшлі аж… два вучні. Сёлета ж выпускнікоў было 14.

Горад Масты паменшыўся за гэты час з больш чым 20 тысяч да 16 000. На гарадзкіх могілках ужо няма месца. Адзіны бізнэс, які стабільны і дынамічна развіваецца, – гэта рытуальныя паслугі.

Мясцовая газета, рупар райвыканкаму, са скуры лезе, каб паказаць зрухі ў “лепшы” бок: “За бягучы год у вёсках Курылавіцкага сельскага Савету памерлі дваццаць чалавек, а дзетак нарадзілася толькі чацьвёра. Вось такі невясёлы дысбалянс сельскай дэмаграфічнай сытуацыі. Заспакойвае толькі тое, што ў Курылавіцкім сельсавеце паміралі толькі людзі сталага ўзросту”.

Па горадзе паўзуць чуткі: абмяркоўваецца магчымасьць прывезьці мігрантаў, вось жанчыны і бядуюць – ў кітайцаў кроў “жгучяя” – гэта значыць, нават “аццатае” пакаленьне будзе з чорнымі валасамі і вузкімі вачамі.

Застаецца толькі больш усьміхацца. Ад гэтага горш ня стане.




















XS
SM
MD
LG