Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі парлямэнт атрымае статус адмыслова запрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, але толькі пасьля таго, як Беларусь увядзе мараторый на сьмяротнае пакараньне. Такое рашэньне сёньня было ўхваленае на чарговай сэсіі асамблеі, дзе прайшлі дэбаты па сытуацыі ў Беларусі.


У дэбатах па “беларускім пытаньні” ўзялі ўдзел паўтара дзясятка дэпутатаў. Ніводзін зь іх не пярэчыў супраць вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу адмыслова запрошанага, аднак наконт таго, калі гэта можа адбыцца і якімі ўмовамі павінна быць абстаўлена, меркаваньні падзяліліся. Найбольш істотнай была папраўка наконт мараторыю на сьмяротнае пакараньне, ухваленая юрыдычным камітэтам ПАРЭ, які ўзначальвае Хрыстас Пургурыдэс. Вядомы сваім жорсткім падыходам да палітыкі беларускіх уладаў кіпрскі дэпутат, выступаючы з трыбуны Асамблеі, прапанаваў статус аднавіць, але толькі пасьля таго, як улады ўвядуць мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ён нагадаў пра тое, што сьмяротныя прысуды ў Беларусі па-ранейшаму выносяцца, а целы пакараных нават не выдаюць сваякам.

Віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Валеры Іваноў, які ўзначальваў афіцыйную дэлегацыю, даводзіў, што колькасьць сьмяротных прысудаў у Беларусі значна скарацілася (з 47 у 1998 годзе да двух — за апошнія гады). І што фармальна адмена сьмяротнага пакараньня ня ёсьць абавязковай умовай атрыманьня гасьцявога статусу. У канчатковым выніку, аднак, папраўка пра мараторый была ўхваленая Парлямэнцкай Асамблеяй.

Увогуле, прынятая дэпутатамі рэзалюцыя ахоплівае вельмі шырокі дыяпазон праблемаў, да вырашэньня якіх ПАРЭ заклікае беларускую ўладу. Гэта:

  • неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
  • спыненьне перасьледу і запалохваньня актывістаў апазыцыі;
  • спыненьне прымусовага прызыву на вайсковую службу апазыцыйных актывістаў, якія раней былі прызнаныя непрыдатнымі да яе;
  • скасаваньне перашкодаў пры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў;
і шмат іншых умоў, зьвязаных з рэформай выбарчага заканадаўства, дзейнасьцю незалежных мэдыяў, правядзеньнем мірных акцыяў пратэсту…

Андрэа Рыгоні
Спэцдакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні асабліва падкрэсьліў важнасьць (і нават, паводле ягоных слоў, “рэвалюцыйнасьць”) таго палажэньня рэзалюцыі, у якім замацавана, што “да таго часу, пакуль у парлямэнце Беларусі ня будзе належным чынам прадстаўлена апазыцыя”, ПАРЭ будзе “забясьпечваць, каб дэлегацыя беларускай непарлямэнцкай апазыцыі запрашалася на кожную сэсію Асамблеі, а таксама кожны раз, калі ў парадку дня камісіі Асамблеі будзе фігураваць пытаньне пра Беларусь”.

Анатоль Лябедзька
Прадстаўнік Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька з трыбуны ПАРЭ гаварыў пра неабходнасьць сумеснай распрацоўкі апазыцыяй і ўладай “дарожнай мапы” дзеля ўступленьня ў Раду Эўропы. Цяперашнія магчымасьці для ўнутрыпалітычнага дыялёгу стварыў, паводле яго, эканамічны крызіс і тупіковая сытуацыя, у якую завяла Беларусь улада. Аляксандар Лукашэнка дамагаецца ад Захаду ўсё новых пазыкаў, і гэта, як лічыць лідэр апазыцыі, — спрыяльны момант дзеля таго, каб дамагацца правядзеньня ў краіне свабодных выбараў. Выступ Анатоля Лябедзькі суправаджаўся воплескамі дэпутатаў.

Валеры Іваноў
Віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Валеры Іваноў пасьля галасаваньня выглядаў расчараваным. У размове з журналістамі ён сказаў, што такое рашэньне для яго было нечаканым. Зрэшты, канчатковае юрыдычнае рашэньне ў гэтым пытаньні будзе прымаць Бюро Рады Эўропы ў верасьні. І да таго часу, як паведаміў спадар Іваноў, беларуская ўлада можа вярнуцца да разгляду пытаньня пра мараторый.

На працягу 60-гадовай гісторыі Рады Эўропы яшчэ не было прэцэдэнту, калі б краіна, якая ўжо мела статус адмыслова запрошанай у ПАРЭ, страціла яго, а праз шмат гадоў зноў аднавіла.

Намесьніца генэральнага сакратара Рады Эўропы Мод дэ Бур-Букікіё, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра гістарычныя паралелі, згадала толькі прыклад Грэцыі. У 70-я гады, пасьля ўсталяваньня ў гэтай краіне аўтарытарнага рэжыму, Грэцыя была выключана з Рады Эўропы. І паўторна прынята толькі пасьля таго, як да ўлады там прыйшоў дэмакратычны ўрад.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG