Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хамайда адмовіўся ад удзелу ў працэсе над праваабаронцам


Барыс Хамайда

Барыс Хамайда

Віцебскі апазыцыянэр, які зьяўляецца пацярпелым па справе, заведзенай супраць праваабаронцы, публічна заявіў, што лічыць суд над Леанідам Сьвецікам несправядлівым. Абвінавачаньне ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці ён лічыць бязглуздым і адмыслова сфабрыкаваным абласной управай КДБ.


Барыс Хамайда ўручыў судзьдзі віцебскага абласнога суду Галіне Ўрбановіч заяву аб тым, што ён адмаўляецца прысутнічаць у залі суду ў якасьці пацярпелага.

Леанід Сьвецік
Праваабаронцу Леаніда Сьвеціка вінавацяць у тым, што ён цягам 2006-2007 гадоў рассылаў лісты з пагрозамі ад імя Віцебскай філіі “Русского Национального Единства” віцебскім актывістам, прадстаўнікам габрэйскіх арганізацый і дзяржаўным чыноўнікам, аднак спадар Хамайда ў гэта ня верыць. Ён лічыць крымінальную справу супраць праваабаронцы помстай з боку КДБ за тое, што Леанід Сьвецік патрабаваў знайсьці аўтараў лістоў, тады як міліцыя і пракуратура сьцвярджала, што гэта немагчыма, бо арганізацыя “РНЕ” у Беларусі незарэгістраваная.

Суд, паводле спадара Хамайды, ёсьць заангажаваным уладамі і КДБ, і таму апазыцыянэр выказвае сумневы ў ягонай справядлівасьці. Раней ён ужо заяўляў хадайніцтва пра адвод судзьдзі Галіне Ўрбановіч, якое яна не задаволіла. Аднак з тым, што пацярпелы Хамайда адмаўляецца прысутнічаць на працэсе ў гэтай якасьці, яна мусіла пагадзіцца.

Падсудны Леанід Сьвецік заявіў сёньня хадайніцтва пра адвод пракурора Сяргея Селіванава. На ягоную думку, дзяржаўны абвінаваўца не імкнецца ўстанавіць ісьціну і мае зацікаўленасьць у пэўным выніку працэсу. Гэтае хадайніцтва задволена не было.

Зрэўшты, судзьдзя Галіна Урбановіч за час судовага працэсу, які распачаўся ў абласным судзе 10 чэрвеня, адхіліла пераважную большасьць хадайніцтваў Леаніда Сьвеціка і ягонага адваката Паўла Сапелкі.

Калі суд прызнае Леаніда Сьвеціка вінаватым, паводле артыкулу 130.1 “Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці” яму пагражае тэрмін зьняволеньня да 5 гадоў.

XS
SM
MD
LG