Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адэкватныя дзяржаўная дапамога вэтэранскім заслугам?


Афіцыйны пачатак ІІ Сусьветнай вайны для Савецкага Саюзу сёньня згадвалі найперш ў злучэньнях памежных органаў. А 4.30 памежнікі пачалі цырымонію зьмены каравулу ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Менску. Аднак збольшага Дзень ўсенароднага смутку ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, як пазначанае 22 чэрвеня ў беларускім календары, прайшло не заўважна. Вэтэраны не хаваюць крыўды, то значнасьць іхных заслугаў паступова зьведзеная да нуля.

СЛУХАЦЬ:


Да 65-й гадавіны вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сацыяльныя аддзелы пачалі выплату матэрыяльнай дапамогі вэтэранам.

Дапамога вагаецца ў памерах ад 150 тысяч да 300 тысяч рублёў. Каб атрымаць у эквіваленце 100 даляраў, трэба быць Героем Савецкага Саюзу (такіх у Беларусі засталося 18 чалавек), і кавалеры ордэнаў Славы трох ступеняў. Па 200 тысяч рублёў атрымаюць 35 тысяч інвалідаў і ўдзельнікаў баявых дзеяньняў. У каго заслугі меншыя, задаволяцца 150 тысячамі рублёў.

Ці адпаведная матэрыяльная кампэнсацыя пакутам, якія давялося перажыць людзям старэйшага пакаленьня? Франтавік, народны мастак Беларусі Віктар Грамыка на тле астатніх, як кажа сам, пачувае сябе адносна ня дрэнна. Пэрсанальная пэнсія за асаблівыя заслугі перавышае 900 тысяч рублёў, тады як пэнсіі “без заслугаў” удвая меншыя. У свае 86 гадоў спадар Грамыка вымушаны значную частку атрыманых ад дзяржавы грошай аддаваць на лекі. Таму не разумее, як са сваімі балячкамі спраўляюцца куды меней забясьпечаныя. На яго перакананьне, з улікам, што ўдзельнікаў вайны засталося ня так шмат, увагу ім можна было б надаваць большую:

Мы, вэтэраны, атрымалі пасьля 9 траўня дзесьці па 200 тысяч рублёў кожны – нібыта ў залік да сьвята 3 ліпеня. Але ж я ня ведаю, наколькі гэта суадносіцца з патрэбамі кожнага чалавека…
“Мне вельмі цяжка прыйсьці да нейкай высновы, якая адпавядала б ісьціне. Але становішча складанае. Мы, вэтэраны, атрымалі пасьля 9 траўня дзесьці па 200 тысяч рублёў кожны – нібыта ў залік да сьвята 3 ліпеня. Але ж я ня ведаю, наколькі гэта суадносіцца з патрэбамі кожнага чалавека…”.

Карэспандэнт: “І такая дапамога здараецца фактычна адзін раз на год?”

“Так, адзін раз пакуль што. Крыху ўратоўвае, што я стаю на ўліку ў прэзыдэнцкай паліклініцы, былой лечкамісіі. Бо зараз на лекі вельмі шмат сродкаў ідзе. Час бярэ сваё, дый мінулае, вайна ўсё часьцей пра сябе нагадваюць. Бо ў вельмі цяжкіх умовах давялося мне паспрабаваць ўсіх ваенных прыгодаў. На жаль, іх было шмат. Пасьля вайны моцна хварэў, запаленьне нырак было. Як вынік – цяжка перасоўвацца, з нагамі вельмі дрэнна. То бок, на пэнсію зараз пражыць вельмі цяжка. Я маю перадусім звычайную, сярэднюю пэнсію”.

Падчас ІІ Сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі было 260 канцлягераў. У пасьляваенны час тых, хто прайшоў праз пакуты, прыраўнялі да ўдзельнікаў вайны з пэўнымі льготамі. Аднак у сярэдзіне 1990-х улады падзялілі пацярпелых ад фашызму на катэгорыі, пазбавіўшы асобныя групы матэрыяльнай кампэнсацыі ад уладаў Нямеччыны. Так, сумна вядомы канцлягер “Азарычы” перакваліфікаваны ў “спэцыяльны лягер сьмерці”. На справе перайменаваньне пазбавіла былых вязьняў значнай часткі дапамогі – замест 15 тысяч марак яны маглі прэтэндаваць толькі на 5 тысяч. Напярэдадні 65-й гадавіны вызваленьня Беларусі кіраўніцтва аб’яднаньня былых вязьняў “Азарычаў” гаворыць пра гатоўнасьць адстойваць свае правы ў ААН. Працягвае старшыня аб’яднаньня Фёдар Верас:

Напэўна, там якраз чакаюць, што неўзабаве ўсе мы адыдзем у іншы сьвет, тады і праблемы самі сабой вырашацца
“Калі, прыкладам, чарнобыльцам ільготы вярнулі, вярнулі аўганцам, таму што вельмі моцная хваля незадаволенасьці пайшла з боку гэтых катэгорый, то нашых лябістаў няма ні ва ўрадзе, ні ў іншых кіруючых органах, нідзе. Таму што мы ўжо больш чым 70-гадовыя старыя. Напэўна, там якраз чакаюць, што неўзабаве ўсе мы адыдзем у іншы сьвет, тады і праблемы самі сабой вырашацца. Але ж навошта парушаць палажэньні, якія ўжо былі прынятыя і ўхваленыя? Дык што атрымліваецца, ідзём на зьдзелку зь Нямеччынай, здраджваючы свайму народу? Забываемся на генацыд, устроены фашызмам? Таму мы і ладзім такога кшталту інфармацыйныя кампаніі, каб пра ўрокі мінулага ведала моладзь. Але перадусім, каб праз публікацыі ў СМІ ведала ўсё грамадзтва”.

Зрэшты, ад сярэдзіны 1990-х стаўленьне ўладаў да вэтэранаў фармавалася ў залежнасьці не ад заслугаў таго ці іншага чалавека, а ад ступені яго ляяльнасьці. Самы яскравы прыклад – з народным пісьменьнікам Беларусі, франтавіком Васілём Быкавым. Прозьвішча вядомага ва ўсім сьвеце творцы нават намагаліся выкрасьліць са школьных дапаможнікаў толькі за тое, што сваю вызвольную місію падчас вайны пісьменьнік бачыў крыху інакш, чым новыя кіраўнікі Беларусі.

Між тым, землякі Быкава успамінаюць, што ён ніколі не пераводзіў франтавое мінулае ў браваду, не спрабаваў атрымаць на гэтым ніякіх дывідэндаў. Хоць, як гаворыць жыхар вёскі Бычкі Сямён Быкаў, гульні ў вайну пачаліся яшчэ да самой вайны. І гэтыя гульні проста перацяклі ў рэаліі:

“Ён быў старэйшы за мяне: я з 1932 году, а ён з 1924-га. Але адмалку жылі, гадаваліся разам. Гулялі да вайны, дарэчы, усё ў вайсковыя гульні. Ён быў нібыта начальнік заставы (у нас жа тут побач у Кубліках камэндатура была). Пацаноў тады шмат было, ён быў сярод нас як галоўны, выпісваў нам “пропускі”, “пасьведчаньні”. Такім малым як мы дык не, але большым. Лавілі тады шпіёнаў ды іншых, ён адмалку быў такі хлапец спрытны”.

У справе ўганараваньня не абыходзіцца без казусаў. Народны мастак Міхаіл Савіцкі, вядомы па “канцлягернай” сэрыі карцінаў “Лічбы на сэрцы”, нечакана быў абыдзены ўвагай падчас раздачы юбілейных мэдалёў да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Сам ён лічыць, што пра яго проста запамятавалі. Магчыма, хоць зараз сытуацыя выправіцца:

Ну забыліся. Бачыце, я ж салдат. Памятаюць афіцэраў, а я ж просты салдат, праваяваў у Севастопалі ўсю абарону. Ня думаю, каб мне штосьці далі: не давалі і ніхто нічога не прапаноўваў
“Я пра ўсе акалічнасьці ня ведаю. Але тады мэдалі атрымалі, пэўна, тыя, хто гэтага заслугоўвае. Я як мастак, які адпрацаваў усё сваё жыцьцё без адпачынкаў, без выходных, без сьвятаў узнагароды, напэўна, не заслугоўваю. Ну забыліся. Бачыце, я ж салдат. Памятаюць афіцэраў, а я ж просты салдат, праваяваў у Севастопалі ўсю абарону. Ня думаю, каб мне штосьці далі: не давалі і ніхто нічога не прапаноўваў”.

Абсалютная бальшыня ўдзельнікаў і нават сьведкаў тых падзеяў – людзі сталага веку. Бацька жыхаркі Менску Любові Жарковай неўзабаве пасьля вайны ад атрыманых раненьняў памёр. Яе маці была ў партызанах, некалькі гадоў таму амаль страціла зрок. Цяпер яны жывуць у прыватным сэктары, які аблюбавала для забудоўлі камэрцыйная фірма. Маці-партызанку амаль прымусова высяляюць з хаты -- маўляў, няма ніякага пацьверджаньня асаблівых заслугаў. Ніякі форс-мажор да ўвагі не прымаецца:

“А бабуля ж і ў партызанах была, і ўзнагародамі адзначаная. Муж яе зь дзіцячага дому, ваяваў. Але даведкі ўсе ў печцы, яна і мой пашпарт туды ж ледзьве не ўсунула. Яна старая, сьляпая, не разумее, што насамрэч робіць. Ды яна палову дакумэнтаў і свайго мужа па неасьцярожнасьці зьнішчыла. Узрост такі, пра ўсё забываецца. Штосьці ляжыць -- значыць, непатрэбнае. Я ўжо забрала тое, што засталося яшчэ. Нам, як гаворыцца, есьці няма за што. Мы агародам жылі. Вішні, сьлівы, грушы, яблыкі, агарод. Каля 10 сотак. А атрымалася, як Гітлер без абвяшчэньня вайны, прыйшлі – хочаш - ня хочаш, выматвайся. Ды хоць бы і хочаш – вы ж спачатку якіясьці ўмовы стварыце! Але з намі зараз увогуле ніхто ня хоча ні размаўляць, ні паслухаць”.

Паводле афіцыйных дадзеных, цяпер у Беларусі жывуць крыху менш за 60 тысяч вэтэранаў вайны. Штогод колькасьць жывых сьведкаў тых падзеяў скарачаецца ў сярэднім не 10 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG