Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самуэль Жбогар – за вяртаньне Беларусі ў Раду Эўропы


Самуэль Жбогар і кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў

Самуэль Жбогар і кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў

Выступаючы ў першы дзень летняй сэсіі ПАРЭ перад эўрадэпутатамі, старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы, міністар замежных спраў Славеніі Самуэль Жбогар падтрымаў ідэю вяртаньня Беларусі статусу адмыслова запрошанага у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.


Ён таксама заявіў, што Рада Эўропы будзе ўважліва сачыць за тым, як у Беларусі выконваюцца стандарты ў галіне правоў чалавека. Цяпер экспэртныя групы і сакратырыят выпрацоўваюць канкрэтны сьпіс патрабаваньняў да беларускіх уладаў.

Калі заўтра эўрадэпутаты падтрымаюць праект рэзалюцыі, падрыхтаваны па выніках даклада адмысловага дакладчыка ПАРЭ па сытуацыі у Беларусі Андрэа Рыгоні, статус адмыслова запрошанага будзе вернуты. Але пасьля гэтага эўрадэпутаты штогод будуць вяртацца да гэтага пытаньня – і вырашаць, ці варта такі статус падаўжаць.

26 траўня палітычная камісія ПАРЭ прагаласавала за тое, каб вярнуць Беларусі статус адмыслова запрошанай. У паведамленьні пра гэта прадстаўнікі ПАРЭ зазначаюць, што вярнуць статус плянуецца дзеля таго, каб “уцягнуць беларускія ўлады ў палітычны дыялёг” і адначасна “падтрымліваць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць”.

Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанай у Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы ў 1992 г.

Гэты статус быў скасаваны ў 1997 годзе пасьля таго, як у краіне адбыўся канстытуцыйны рэфэрэндум. Прычынаю скасаваньня стала адсутнасьць прагрэсу ў галіне дэмакратызацыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону.
XS
SM
MD
LG