Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лідэры па ўжываньні наркотыкаў выйшаў Менск


Павелічэньне транзыту наркотыкаў з усходу з-за празрыстасьці межаў з Расеяй і плынь сынтэтычных наркотыкаў з Польшчы — асноўныя прыкметы сытуацыі з наркотыкамі ў Беларусі ў 2009 годзе.

СЛУХАЦЬ:


У Беларусі болей за 11 тысяч 600 наркаманаў стаяць на ўліку ў мэдычных установах як хворыя людзі, але дзясяткі тысяч хаваюць сваю залежнасьць і ўчыняюць злачынствы, каб здабыць грошы на чарговую дозу. Гэта ў міжнародны Дзень барацьбы з наркотыкамі прызнаў Васіль Лосіч, намесьнік начальніка ўправы наркакантролю Міністэрства ўнутраных спраў:

“Што тычыцца Беларусі, у чым нашы праблемы? Вядома, геаграфічнае становішча. Разьвіцьцё ранспартнай сыстэмы, празрыстасьць межаў з Расеяй — усё гэта спрыяе таму, што Беларусь сталі выкарыстоўваць як транспартны калідор з краін Сярэдняй Азіі, Расеі ў Эўропу. І ў адваротны бок — сынтэтычных наркотыкаў. А калі ёсьць транзыт, то частка асядае тут. Статыстыка дрэнная. У 2008 годзе на 100 тысяч жыхароў было 109 наркаманаў, на 500 чалавек штогод становіцца на ўліку болей. Але вялікая лятэнтнасьць, ці схаванасьць, гэтай зьявы. Таму, паводле адмыслоўцаў, сапраўдныя лічбы можна павялічваць у дзясяткі разоў. Ужо кажуць, што болей за 1,6% працаздольнага насельніцтва ўцягнута ў наркаманію”.

У сярэдзіне 1990-х гадоў адным з цэнтраў наркаманіі ў Беларусі стаў Сьветлагорск Гомельскай вобласьці. Зараз, паводле Васіля Лосіча, лідэрства ня толькі ў абсалютных лічбах, але і паводле адносных паказчыкаў належыць сталіцы краіны — Менску. Таксама вельмі непакоіць міліцыянтаў сытуацыя ў Баранавічах і Пінску — тут заўважаны хуткі рост наркаманіі сярод студэнтаў і вучняў сярэдніх навучальных устаноў.

Ці пагаршае сытуацыю з наркаманіяй у Беларусі сусьветны эканамічны крызіс? Пад уплывам крызісу ідзе пераразьмеркаваньне эўрапейскага рынку вытворчасьці наркотыкаў, і ў Беларусі зьявіліся першыя падпольныя наркалябараторыі, кажа кіраўнік прэсавай службы КДБ Валер Надтачаеў:

“На жаль, у нас ужо пачалі засноўваць лябараторыі па вытворчасьці наркатычных рэчываў. 9 такіх лябараторыяў зьліквідавана летась, ужо тры — выяўлены і ліквідаваны сёлета. Даводзіцца і тут прыстасоўвацца пад сусьветныя тэндэнцыі”.

Новая для Беларусі тэндэнцыя — наплыў сынтэтычных наркотыкаў. У Эўропе найбольш падпольных лябараторый, дзе вырабляюць сынтэтычныя наркотыкі, знаходзіцца ў суседняй зь Беларусьсю Польшчы. Расьце і доля сынтэтычных наркотыкаў, вырабленых у краінах Прыбалтыкі. У Беларусі могуць пераняць прыкры досьвед вытворчасьці таблетак экстазі ды амфэтаміну, якія карыстаюцца асаблівым попытам у моладзі, папярэджваюць адмыслоўцы і заклікаюць больш увагі аддаваць прафіляктычнай працы з падлеткамі.

У сярэднім наркаман, які захапіўся сынтэтычнымі наркотыкамі, пражывае з гэтай хваробай ня болей за 5—7 гадоў, кажа галоўны нарколяг краіны Аляксей Аляксандраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG