Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 22 чэрвеня, панядзелак.


Агульны сход сяброў Партыі БНФ падтрымаў вылучэньне Лявона Баршчэўскага кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Канчатковы выбар будзе зроблены ўвосень на зьезьдзе партыі. З гэтай нагоды слухач задае пытаньне:

Лявон, Магілёў: “Вялікае пытаньне да Баршчэўскага. Ён што, Пазьняка ўжо сьпісаў на пэнсію? Калі так, то я пачынаю агітацыю за Лукашэнку, якога ненавіджу. Чакаю адказу ці камэнтара”.

Адказвае Лявон Баршчэўскі:

“Са спадаром Пазьняком у нас добрыя адносіны. Я спадзяюся, што летам мы сустрэнемся і абмяркуем далейшыя пэрспэктывы. Ніхто яго на пэнсію ня сьпісваў, і мы, у прыватнасьці, падтрымалі заяву, якую ён падпісаў зь вядомымі дзеячамі перад самітам у Празе. А калі гаварыць пра балятаваньне на прэзыдэнта, то, напэўна, пакаленьне 50—60-х гадоў больш пэрспэктыўнае. Але гэта абсалютна не зьніжае заслугаў спадара Пазьняка перад нашай незалежнасьцю”.

Сёньня, 22 чэрвеня, спаўняецца 68 гадоў з дня нападу гітлераўскай Нямеччыны на сталінскі Савецкі Саюз. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Ільля Копыл: “68 год, як нямецка-фашысцкая Германія напала на СССР. А магло здарыцца і наадварот. Чым больш мы аддаляемся ад тых часоў, тым больш хлусьні зьяўляецца вакол тых падзей. Зараз да дзяржаўных СМІ дапускаюцца толькі тыя вэтэраны вайны, якія належаць да катэгорыі “чэсных”. Ёсьць яшчэ адна катэгорыя людзей, якая перажыла вайну. Гэта дзеці ваеннай пары. Яны шмат чаго ведаюць і памятаюць, але іх успаміны ня ўпісваюцца ў агульную канцэпцыю хлусьні. Асабіста я ў 1945 годзе ва ўмовах акупацыі пайшоў у першую клясу. Хутка сьведак вайны зусім не застанецца. Стане поўная свабода для хлусьні”.

Павал Давыдзенка: “Шаноўная “Свабода”, Лукашэнка і яго вэртыкаль народ зрабілі рабамі. А калі рабы, значыць, адсутнічае нацыянальная культура, традыцыі, мова і людзі жывуць як качэўнікі, а качэўніку ня трэба культура і мова. Вакол сваволя ўлады і абыякавасьць да народа. І ўладзе, і чыноўнікам лягчэй хаміць, рабаваць і нажывацца за кошт рабства народа”.

Спадарыня: “Кіраўнікі Расейскай імпэрыі і беларускі прэзыдэнт асуджаны на непрыязь ва ўзаемаадносінах, хоць і патрэбныя адзін аднаму.Чарговы раз далі з Усходу зразумець, каб Лукашэнка не заглядаўся на Крэмль. Толькі мара не пакідае. Нездарма ж так танна аддаваліся туды малочныя вырабы ад беларускіх каровак.

Але як стаміліся беларусы ад палітычнага крыку нашага кіраўніка — то любоўнага, то варожага. Ну жывуць жа, працуюць спакойна грамадзяне недалёкай Швайцарыі, напрыклад, ці якой яшчэ эўрапейскасьці — аж зайздрасьць бярэ.

Колькі нам яшчэ атрымліваць стрэсы, што нам нездароўя ад Чарнобылю не хапае? Бясконца ж так працягвацца ня можа і ня будзе. А тым часам Беларусь апаноўваюць нездаровыя, мякка кажучы, зьявы ў грамадзкай супольнасьці: варожасьць людзей адзін да аднаго, нават подласьць, п’янства, моладзь адарваная ад нацыянальных набыткаў, ад беларускіх каранёў, сьпіваецца. Самай старажытнай у сьвеце прафэсіяй займаюцца і маладыя хлапцы, абы грошы. Нават могуць высочваць і шантажаваць. Пажылыя людзі, жанчыны, не абароненыя ня толькі на вёсцы, але і ў горадзе.

Чаму ж пра гэта маўчыць БРСМ, дзяржаўная тэлевізія? Толькі паліваем брудам лепшае, што маем, — апазыцыйную моладзь і людзей, адданых Беларусі. На жаль, старэйшая апазыцыя паводзіць сябе так, што самы час грамадзтва беларускае ў дэпрэсію ўцягнуць. З апошняга: Леанід Баршчэўскі, сабраўшы аж 200 сваіх прыхільнікаў з двухмільённай краіны, зацьвярджае, прапіхвае сябе кандыдатам у прэзыдэнты. Ну так, Лукашэнку доўга яшчэ правіць у стомленай краіне Беларусі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG