Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tages-Anzeiger: Лукашэнку тэрмінова патрабуюцца новыя сябры


Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў і Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў і Бэніта Фэрэра-Вальднэр

Швайцарскае выданьне Tages-Anzeiger надрукавала свой артыкул з нагоды візыту ў Менск эўракамісара Бэніты Фэрэры-Вальднэр. Як піша газэта, цяпер эўракамісар “жаданая госьця для Беларусі”.


А “апошні дыктатар Эўропы”, як часта называюць тутэйшага прэзыдэнта, апошнім часам стаў надзвычай прыязны да ЭЗ. Нягледзячы нават на тое, што падобны флірт зь менскага боку вельмі не падабаецца Крамлю. Сам Лукашэнка, які папрасіў Фэрэру-Вальднэр “прыехаць у Менск як мага хутчэй”, настойвае, што падобная прыязнасьць — не гульня, а “доўгатэрміновы курс”.

Паводле аўтара артыкула, гэта зусім новы тон для аўтарытарнага палітыка, вядомага сваёй антызаходняй рыторыкай. Відавочна, што Лукашэнку тэрмінова патрэбныя новыя сябры. Яго рэжыму пагражае крах. Беларуская эканоміка дзейнічае паводле савецкай мадэлі. Прадпрыемствы выпускаюць састарэлую тэхніку. Да крызісу беларускія тавары знаходзілі пакупнікоў пераважна ў Расеі. Цяпер іх экспарт скараціўся напалову, істотна зьнізіліся валютныя запасы краіны.

Як адзначае Tages-Anzeiger, сёньня ў Менску эўракамісар зьбіраецца прамацваць новыя магчымасьці супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Як далёка можа пайсьці гэтае супрацоўніцтва, сама яна, мабыць, пакуль ня ведае. У сваіх інтэрвію Фэрэра-Вальднэр выказваецца па-ранейшаму загадкава: “Беларусы павінны яшчэ шмат чаго зрабіць. Аднак у іх ёсьць шанцы супрацоўнічаць з намі, калі яны зробяць тое, што павінны”.

Натуральна, флірт Лукашэнкі з Захадам раздражняе Крэмль. Масква разглядае Беларусь ня толькі як малодшага брата, які ў адпаведнасьці з кланавымі традыцыямі ёсьць часткай агульнай сям’і — расейскай імпэрыі. Гэтая маленькая краіна — ваенны буфэр паміж Расеяй і НАТО. Тут месьцяцца і элемэнты расейскай супрацьпаветранай абароны.

Некаторыя назіральнікі мяркуюць, што Лукашэнка спадзяецца на фінансавую падтрымку эўрапейцаў, у тым ліку ў пытаньні аплаты беларускіх газавых даўгоў, піша Tages-Anzeiger. Пры гэтым швайцарскае выданьне прыводзіць словы маскоўскага экспэрта з Цэнтру палітычнай каньюнктуры Дзьмітрыя Абсалава: “Эўропа цяпер ня мае на гэта сродкаў”.
XS
SM
MD
LG