Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявона Баршчэўскага рэкамэндавалі ў кандыдаты на прэзыдэнта


Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка

Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка

Старшыню Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага сёньня рэкамэндавалі ў якасьці партыйнага кандыдата ў кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі. Адпаведнае рашэньне прынятае на прайшоўшым у Палацы культуры Менскага трактарнага заводу сходзе-наразде. Гэта рашэньне носіць выключна рэкамэндацыйны характар. А афіцыйнае абраньне плянуецца зрабіць на партыйным з’езде.

СЛУХАЦЬ:


Супраць Лявона Баршчэўскага галасаваў толькі адзін удзельнік сходу. Яшчэ сем чалавек устрымаліся. Усе астатнія (а паводле арганізатараў, зарэгістраваліся больш за 220 чалавек) падтрымалі свайго партыйнага лідэра.



Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў “Свабодзе”, што нічога дзіўнага ў абраньні менавіта кіраўніка партыі няма. Спадар Баршчэўскі мае досьвед парлямэнцкай працы, правёў некалькі цікавых і карысных акцыяў, адукаваны, інтэлігентны чалавек.

Яшчэ да пачатку галасаваньня Лявон Баршчэўскі публічна пагадзіўся вылучацца на высокую пасаду і паабяцаў весьці сябе годна:

Віктар Івашкевіч і Лявон Баршчэўскі
“На будучых прэзыдэнцкіх выбарах павінны сур’ёзна ўключыцца ў бойку кандыдат, які пойдзе да канца і не прызнае сваёй паразы, калі выбары будуць зноўку праводзіцца па сумна вядомых сцэнарах. Калі я атрымаю неабходную падтрымку (а на гэта трэба вельмі прапрацаваць, ведаючы, як зьбіраўся наш сёньняшні сход), то я ўрачыста гатовы паабяцаць: мяне не пераманяць, не перакупяць і не пераманяць”.

Прэтэндэнтаў на вылучэньне ад партыі было шмат. Кожны ўдзельнік сходу атрымаў ліст зь імёнамі і біяграфіямі дзесяці чалавек, якіх рэкамэндавалі на мясцовых партыйных сходах.
Сяргей Мальчык і Аляксандар Мех ужо на сёньняшнім сходзе адмовіліся ад далейшай барацьбы. Іван Шэга не змог тут прысутнічаць, паколькі знаходзіцца за мяжой. А яшчэ шэсьць патэнцыйных кандыдатаў – Сяргей Салаш, Лера Сом, Рыгор Кастусёў, Зьміцер Салаўёў, Сяргей Антусевіч і Ігар Лялькоў даслалі спэцыяльны ліст. Яны паведамілі, што не прыйдуць на сход, паколькі ён супярэчыць статуту партыі.

Юры Хадыка
Арганізатары сходу так не лічаць – яны гавораць, што кіраўнік партыі можа самастойна прызначыць такую нараду. Сёньня раніцай, перад пачаткам сходу, яны спрабавалі правесьці паседжаньне сойму, каб на ім дадаць сходу дадатковую легітымнасьць. Пра тое, што адбылося, гаворыць прафэсар Юры Хадыка:

“У нас вельмі часта здараецца, што людзі, якія займаюць узважаную пазыцыю адсутнічаюць з тых ці іншых прычынаў. Так было і сёньня. Трыгубовіч – за мяжой, Голубеў – за мяжой, Бяляцкі – няведама дзе. І нам як раз і не хапіла для кворуму трох чалавек.

Пры поўнай адсутнасьці нашых маладых “рэвалюцыянэраў, якім не падабаецца напісанае ж імі палажэньне аб паўнамоцтвах старшыні партыі”.


А вось Ігар Лялькоў тлумачыць заклік ігнараваць сход так:

Ігар Лялькоў
“Я стаю на пазыцыі легітымнасьці. Ёсьць пастанова рэвізійнай камісіі Партыі БНФ, дзе адзначаецца, што загад Баршчэўскага пра скліканьне гэтага сходу не адпавядае Статуту партыі БНФ і не мае ніякай юрыдычнай сілы. А рэвізійная камісія менавіта як раз той орган, які ўпаўнаважаны вызначаць, наколькі тое ці іншае рашэньне ёсьць легітымным.

А па-другое, калі ўжо падыходзіць не з юрыдычнага, а з маральнага пункту гледжаньня, то мне проста прыкра глядзець на тое, як сябры Партыі БНФ выкарыстоўваюцца ў якасьці масоўкі ці гарматнага мяса для абсалютна правальнага мерапрыемства, так званага Кангрэсу эўрапейскіх сілаў, які склікае Мікола Статкевіч”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG