Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івана Шылу арыштавалі за мабільнік


Салдаты-апазыцыянэры адчулі на сабе ціск з боку камандаваньня вайсковых частак. Франку Вячорку і Зьмітру Хведаруку пагражалі крымінальнымі справамі.

СЛУХАЦЬ:


Франку паведамілі, што яго не адпусьцяць у звальненьне да канца тэрміну службы. Івана Шылу пасадзілі на гаўптвахту на 7 сутак за знойдзены ў яго мабільны тэлефон. Бацькі хлопца непакояцца за свайго сына і абураныя жорсткім пакараньнем за дробнае парушэньне.



Франак Вячорка
Пра пагаршэньне стаўленьня да сябе распавялі Франак Вячорка, Зьміцер Хведарук і Іван Шыла. Франак ня мае магчымасьці кантактаваць са сваякамі, бо на КПП па-ранейшаму не працуе таксафон.

Франкаў бацька Вінцук Вячорка бачыў сына апошні раз 12 чэрвеня:

“Супраць яго могуць быць справы адразу па некалькіх матывах: і ўхіленьне ад службы, і парушэньне правілаў узаемадачыненьняў салдатаў з мас-мэдыя, паклёп на галоўнакамандуючага, паклёп на армію.

Прыяжджала група прапагандыстаў зь Беларускага тэлебачаньня, якія спрабавалі скляпаць нейкі абразьлівы сюжэт. Яго спрабавалі вінаваціць у тым, што ён сымулюе стан здароўя. Але ў іх на вачах і ў прысутнасьці камэры прапагандыста з БТ яму памералі ціск. Ціск быў 160 на 105, і яны замаўчалі“.

Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук паведаміў сябрам, што яму забараняюць аддаваць каманды ў часе дзяжурства па-беларуску. Ён казаў, што камандаваньне назвала гэта парушэньнем статуту і пагражала перадаць ягоную справу ў пракуратуру.

Калі гэтая інфармацыя стала здабыткам галоснасьці, камандаваньне часткі яе абвергла і прымусіла хлопца напісаць пісьмовае тлумачэньне.

Маці Зьмітра Ірына Хведарук лічыць, што пасьля дэманстрацыі фільму пра “Малады фронт” пачалося нацкоўваньне салдат на Зьмітра.

“Нацкоўваюць адзін супраць аднаго. У мінулыя выходныя Дзіму спрабавалі паставіць у нарад насуперак ягонай веры. Але ён сказаў, што будзе пісаць у панядзелак рапарт камандзіру брыгады — адразу ж адмянілі. Гэта было нават бязь ведама камандаваньня. Напэўна, ёсьць нейкая зайздрасьць, што бацькі наведваюць, сяброў шмат, лістоў шмат прыходзіць”.

Іван Шыла
Іван Шыла ад 19 чэрвеня пачаў адбываць 7 сутак арышту на гаўптвахце. Яшчэ ў траўні ў хлопца знайшлі ў рэчах мабільны тэлефон. Гэта й стала падставай для жорсткага пакараньня, якое звычайна ўжываюць у выключных выпадках.

Гаворыць бацька Івана Ўладзімер Шыла:

“Несувымернае пакараньне. Тэрмін, калі яго маглі пасадзіць, скончыўся 18 чэрвеня. Яны выправілі паперы. Тое пакараньне, што яны раней аформілі, выправілі на 21 траўня. Пры тым, што абвясьцілі яму спагнаньне 17 траўня.

Там нейкія вучэньні штабныя будуць, прыехала шмат начальства. Папросту Івана вырашылі на нейкі тэрмін схаваць, а тут такая “добрая” нагода. Гэта асабістая пазыцыя камандзіра брыгады Пільневіча. Гэта ён вельмі хацеў, каб Іван адседзеў гэтую гаўптвахту“.

Наконт умоваў утрыманьня на вайсковай гаўптвахце мала што вядома. Бацька Івана сам служыў у савецкім войску. Ён казаў, што яшчэ з савецкіх часоў ведае па расказах салдат, што гэта месца, дзе зьдзекуюцца з чалавека. Таму ён непакоіцца за свайго сына. У якіх умовах давядзецца адбываць арышт Івану, стане вядома пасьля таго, як яго адвязуць у частку. На практыцы тэрмін арышту даволі часта падаўжаюць за нейкае новае парушэньне ўжо ў часе адбыцьця пакараньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG