Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас крызісу правальваюцца праграмы імпартазамяшчэньня


У гэтым месяцы ўрад Беларусі абяцае чарговым разам скарэктаваць дзяржаўную праграму імпартазамяшчэньня. Гэтага перадусім патрабуюць прамысловыя прадпрыемствы ў рэгіёнах.

У гэтым месяцы ўрад Беларусі абяцае чарговым разам скарэктаваць дзяржаўную праграму імпартазамяшчэньня. Гэтага перадусім патрабуюць прамысловыя прадпрыемствы ў рэгіёнах. Нават паводле афіцыйных дадзеных, тавары, якія тут вырабляюць узамен абмежаванага імпарту, не знаходзяць попыту.

Магілёўшчына


Mагілёўшчына і сёньня застаецца імпартазалежным рэгіёнам. 79 працэнтаў асноўнай масы тавараў і сыравіны завозіцца з-за мяжы, у асноўным з Расеі.

Усяго на Магілёўшчыне рэалізуюцца 44 праекты праграмы імпартазамяшчэньня. Іх агульны бюджэт — 550 мільярдаў рублёў. Чаканага эканамічнага эфэкту яны не даюць.

У рэгіёне праваленыя 44 праекты імпартазамяшчэньня.
“І ня могуць даць”, — заяўляе эканаміст Пётар Мігурскі, — “бо праграма імпартазамяшчэньня адпачатку эканамічна неапраўданая.

Імпартазамяшчэньне правакуе сытуацыю ў эканоміцы, калі яна не разьвіваецца. Чаму б нам ня ўкласьці сродкі ў інавацыйныя нейкія тэхналёгіі, каб мы пачалі вырабляць уласную прадукцыю, якой няма на сусьветных рынках? То бок экспартныя магчымасьці нашай дзяржавы ўзрастуць“.

Пётар Мігурскі ўпэўнены, што сродкі, выдаткаваныя паводле гэтай праграмы, выкарыстоўваюцца надзвычай нядбайна. Гэта прызнаюць і чыноўнікі аблвыканкаму.

На імпартным абсталяваньні можна вырабляць 2000 тон крухмалу. Вырабілі 256 тон. 250 зь іх ляжыць на складзе.
“Ёсьць у нас такі крухмальны завод зь імпартным кітайскім абсталяваньнем. Летась было заплянавана вырабіць 2000 тон крухмалу. Выраблена ўсяго 256 тон, 250 тон зь якіх ляжыць на складзе”, — такім прыкладам дакараў падначаленых старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік.

На заводзе бялыніцкага сельгаскаапэратыву “Новая Друць” плянавалася вырабляць 200 тон крухмалу экстра-клясы за суткі. У наладжваньне вытворчасьці ўклалі дзесяць з паловай мільярдаў рублёў. Цяперашнюю сытуацыю на прадпрыемстве яго кіраўніцтва камэнтаваць адмаўляецца.

Пра працу заводу апавёў “Свабодзе” бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч:

Прадукцыя ня мае збыту, бо вялікі сабекошт.
“Прадукцыя ня мае збыту, бо вялікі сабекошт. У іх атрымліваецца вельмі малы выхад крухмалу з той бульбы, якая ў іх ёсьць. Узімку вельмі часта ў іх ламалася абсталяваньне. Там працуюць у асноўным жанчыны. Яны цягалі гэтую бульбу ўручную, замест таго каб падаваць яе па канвэеры”.

Крухмальны завод — не адзінае прадпрыемства Магілёўшчыны зь мізэрным плёнам ад імпартазамяшчальных інвэстыцыяў. На слаўгарадзкім заводзе па сушцы гародніны набытае замежнае абсталяваньне дагэтуль прастойвае, бо не адпавядае тэхнічным парамэтрам. Парадокс яшчэ і ў тым, што абодва імпартазамяшчальныя праекты лічацца ўжо рэалізаванымі.

Берасьцейшчына


Філіял заводу “Атлант” у горадзе Баранавічы быў створаны на базе некалькіх стратных прадпрыемстваў. Сёньня тут зноў глыбокі крызіс.

Раней больш як 70% прадукцыі “Атланту” ішло на экспарт. Тавары вырабляліся напалову з камплектуючых беларускай вытворчасьці. У далейшым гэты паказчык плянавалася павысіць. Аднак сёньня імпартазамяшчэньня на “Атланце” фактычна не існуе.

“У нас, наадварот, згарнулася гэта ўсё. Раней — было, так. Зараз заказы па тэрмаплястах, якія былі заяўленыя паводле праграмы па імпартазамяшчэньні: за першае паўгодзьдзе мы зрабілі дзьве штукі. Хіба гэта паказчык? У народу няма грошай — няма чаго заказваць”, — адказаў інжынэр “Атланту” Сяргей Старавойтаў.

Суразмоўца кажа, што праблема мае зацяжны характар:

“Тэндэнцыя. Вы ж чытаеце газэты. Прадукцыя нібыта карыстаецца попытам. Але заказаў няма”.

Якія прэтэнзіі ў насельніцтва да беларускіх лядоўняў?

Буду купляць брэнды чужых краін, бо яны лепшыя і нават дзешавейшыя.
“Я купіў бы „Атлант“. Але я хацеў бы сабе лядоўню з такімі рэчамі, як LCD-экран, спэцыяльная камэра для захоўваньня садавіны, для захоўваньня мясных прадуктаў. На жаль — і гэта аб’ектыўны факт — на сёньня „Атлант“ такіх рэчаў не прапаноўвае. Таму я зьвярнуўся да іншых фірмаў. Звычайная канкурэнцыя”, — паведаміў выкладчык ВНУ Андрэй Ячкоўскі, які сабе нядаўна прывёз лядоўню з Польшчы.

Суразмоўца таксама выказваецца пра суадносіны кошту й якасьці:

“Аказваецца, што калі ты хочаш купіць прадукт, які мае большую інфраструктуру, чым прапаноўвае сёньняшні „Атлант“, то на Беларусі гэта атрымліваецца дзесьці даражэй у два разы — у раёне 1000 даляраў. Ёсьць дэвіз „купляйце беларускае!“. Я гатовы купляць беларускае пры адпаведнасьці якасьці і кошту. Гэтага я не назіраю. Таму я буду купляць брэнды чужых краінаў”.

Сяржук зь Берасьцейшчыны, які займаецца перавозкамі тавараў з Польшчы ў Беларусь, паведамляе, што такая сытуацыя тычыцца ня толькі лядоўняў:

“Можна прывезьці з Польшчы таньнейшы якасны тавар. І нават з улікам выдаткаў на прывоз атрымліваецца істотна таньней, чым у Беларусі. На адсоткаў 30-40. „Купляйце беларускае“ — гэта бяда”.

Гарадзеншчына


Чыноўнікі Гарадзеншчыны нават плянаваныя праекты імпартазамяшчэньня залічваюць у дзейныя.

Нават плянаваныя праекты чыноўнікі залічваюць у дзейныя.
Вытворчасьць брыкетаў з трасты лёну ў акцыянэрным таварыстве “Карэлічы-лён” павінна была дзейнічаць ужо сёлета. Але пляны не выконваюцца. Галоўны інжынэр прадпрыемства Мікалай Сіўко кажа, што аб’яднаньне “Белаграсэрвіс” дагэтуль не закупіла неабходнага абсталяваньня.

Сіўко: “Як купяць і прывязуць абсталяваньне, то мы запусьцім. Павінны былі ўжо зрабіць, але ўсё расьцягнулася ажно на гады два…”

Спадар Сіўко кажа, што праект нібыта зручны і хутка акупіцца, бо падобны існаваў на Пінскім ільнозаводзе. Сыравіна для таннага паліва ёсьць, і ахвотных набываць яго ў раёне таксама дастаткова. А вось чаму цягнуць з закупам абсталяваньня — гэтага інжынэр ня ведае.

Тэрмін акупнасьці праекту расьцягнецца на 10 гадоў.
У Мастоўскім раёне заплянавана будаўніцтва крухмальнага заводу, арыентаванага на выраб крухмалу “Экстра”. Падобнага ў Беларусі дагэтуль няма.

Але загадчык аддзелу эканомікі Мастоўскага райвыканкаму Сяргей Рудзяк кажа, што адпачатку было няправільна абрана месца будоўлі — на ворыўных землях. Пакуль знайшлі іншае — страцілі час і панесьлі іншыя выдаткі.

Сіўко: “Першапачаткова плянавалася, што завод акупіцца празь пяць гадоў, але ў сувязі са зьменай пляцоўкі, узьвядзеньнем новых будынкаў ды іншага — тэрмін акупнасьці расьцягнецца на 10 гадоў”.

У чыноўніцкіх дакладах ужо значыцца, што ў Ваўкавыску з удзелам швэдзкага капіталу створана закрытае акцыянэрнае таварыства “РындыБел”. Са справаздачаў вынікае, што асноўны ягоны від дзейнасьці — выпуск новых відаў паліва з адкідаў драўніны.

Нам вінныя 150 мільёнаў рублёў, але няма з каго спагнаць даўгі…
У сапраўднасьці “РындыБел” дзейнічае зь лютага, але новых відаў паліва пакуль не вырабляе. Для гэтага тут нават не закуплена неабходнае абсталяваньне. Прадпрыемства займаецца пакуль толькі расьпілоўкай драўніны.

Бугальтар “РындыБела” спадарыня Сьвятлана кажа, што гэта вынік крызісу. Дзяржаўныя лясгасы ня могуць своечасова разьлічвацца.

Спадарыня: “Нават на паліва для аўтамашыны няма з каго спагнаць грошы — настолькі гэтыя гаспадаркі безграшовыя. На сёньняшні дзень нам вінныя каля 150 мільёнаў рублёў, а я не магу знайсьці нават шасьці мільёнаў, каб набыць паліва…”

Даведка Свабоды


У студзені 2009 году Аляксандар Лукашэнка загадаў чыноўнікам выкарыстоўваць “максымальнае імпартазамяшчэньне”. “Завозіць тавары народнага ўжытку — гэта злачынства. Усё трэба вырабляць у сябе”. Аднак ужо 17 чэрвеня начальнік галоўнай управы прамысловасьці, транспарту і сувязі Мінэканомікі Ўладзімер Дзярнавы заявіў, што дзяржпраграма імпартазамяшчэньня патрабуе чарговай карэкціроўкі. Яшчэ раней старшыня Камітэту дзяржкантролю Зянон Ломаць прызнаваў, што імпартазамяшчэньне павінна быць абгрунтавана, бо “мы ня можам вырабляць у рэспубліцы ўсё, ад шрубкі да гайкі”.

XS
SM
MD
LG