Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ня пойдзе ў эўрапейцаў ад пацяпленьня мароз па скуры?


Такім пытаньнем задаецца на старонках брытанскага часопіса Еconomist аўтар артыкула “Summertime Blues” (Летні блюз). Ён мае на ўвазе сытуацыю, якая склалася ў рэгіёне “Ўсходняга партнэрства”, у тым ліку і ў Беларусі, у сувязі з нежаданьнем былых савецкіх рэспублік заставацца пад сталым ціскам Расеі.

Як піша аглядальнік, кожны раз, як толькі кіраўнікі заходніх дзяржаў зьбіраюцца адпачыць, ва ўсходнеэўрапейскім постсавецкім рэгіёне што-небудзь ды здараецца. Летась у жніўні Расея ўварвалася ў Грузію. На Каляды газавая сварка з Украінай прымусіла мільёны эўрапейскіх спажыўцоў задрыжэць (калі не ад холаду, то ад нэрваў), на Вялікдзень адбыліся гвалтоўныя акцыі ля парлямэнту Малдовы. Што прынясе гэтае лета, можна толькі здагадвацца. Магчымасьць новай вайны ў Грузіі застаецца заўсёды. Крым — сапраўдная выбуховая сумесь несумяшчальных ваенных ды этнічных інтарэсаў. Дачыненьні Крамля зь некалі паслухмяным беларускім рэжымам зрабіліся ледзянымі.

Паводле Еconomist, тая палітыка, якую ЭЗ зьбіраецца праводзіць у дачыненьні да Беларусі, Украіны, Малдовы і рэспублік паўднёвага Каўказу, выглядае пераможнай толькі на паперы. Нягледзячы на абяцаную гэтым шасьці краінам прывабную паступовую інтэграцыю з ЭЗ, праект “Усходняе партнэрства”, які стартаваў сёлета ў траўні ў Празе, ня можа не выклікаць вялікай крытыкі з боку экспэртаў.

Дарэчы, сваю павагу да “Партнэрства” з буйных эўрапейскіх краін прадэманстравала толькі Нямеччына ў асобе канцлера Ангелы Мэркель. У той жа час Нямеччына апынулася ў ліку ініцыятараў выкасаваньня з праграмы “Партнэрства” ці ня самага прывабнага для яе ўдзельнікаў пункту — лібэралізацыі візавага рэжыму.

Як вынікае з артыкула, у аснову якога пакладзены досьлед экспэртаў Эўрапейскай рады па замежных дачыненьнях (European Council on Foreign Relations) пра магчымасьці і абмежаваньні супрацоўніцтва Эўразьвязу з шасьцю постсавецкімі краінамі, пакуль ЭЗ займаецца кулюарнымі маніпуляцыямі, былыя савецкія рэспублікі застаюцца сам-насам з эканамічным крызісам і няспынным ціскам з боку Расеі. Дзеяньні ж Зьвязу ў крытычны для гэтага рэгіёну час аказваюцца запозьненымі ды занадта слабымі, піша брытанскі часопіс Еconomist.

Тым часам міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на старонках амэрыканскага Wall Street Journal заклікае ЭЗ працягнуць руку падтрымкі Беларусі, Малдове, Украіне, Азэрбайджану, Армэніі і Грузіі.

Паводле Сікорскага, новыя суседзі ЭЗ — эўрапейцы ня толькі ў геаграфічным, але і ў культурна-гістарычным сэнсе. Аднак у гэтых краінах існуе дэфіцыт дэмакратычных інстытутаў, тут слабая ды неэфэктыўная судовая сыстэма, няразьвітыя грамадзянская супольнасьць ды эканоміка.

“Не забывайцеся, што гэтыя дзяржавы атрымалі незалежнасьць усяго 18 гадоў таму”, — зазначае аўтар. Ад імя Польшчы міністар заклікае ЭЗ не пазбаўляць гэтыя шэсьць краін надзеяў на ўваходжаньне ў Зьвяз.

Паводле Сікорскага, паступовая інтэграцыя Беларусі, Малдовы, Украіны, Азэрбайджану, Армэніі і Грузіі ў эканоміку ЭЗ “умацуе энэргетычную бясьпеку Эўропы”. На старонках амэрыканскага Wall Street Journal польскі міністар прапаноўвае эўрапейцам набываць газ на расейскай мяжы і інвэставаць сродкі ў новую сыстэму транспартаваньня газу ў транзытных краінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG