Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся беларуска-эўрапейскі дыялёг аб правах чалавека


16-17 чэрвеня ў Празе адбыўся першы раўнд перамоваў аб правах чалавека паміж прадстаўнікамі Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу.

У паведамленьні для прэсы, якое зьявілася на сайце Рады Эўразьвязу, адзначаецца, што дыялёг прайшоў у адкрытай і канструктыўнай атмасфэры.

Падчас сустрэчы абодва бакі абмяняліся думкамі аб сытуацыі з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў краінах Эўразьвязу. Асаблівая ўвага была нададзеная свабодзе сходаў і асацыяцыяў, а таксама працоўным правам, свабодзе выказваньня і інфармацыі, свабодзе думкі, сумленьня і рэлігіі. Былі закранутыя пытаньні барацьбы з рознымі праявамі нецярпімасьці і нянавісьці, правоў мігрантаў і прадстаўнікоў меншасьцяў, барацьбы з гандлем людзьмі, сытуацыі ў турмах, сьмяротнага пакараньня. Былі вызначаныя галіны далейшага супрацоўніцтва і тэмы для глыбейшага абмеркаваньня.

Напярэдадні згаданай сустрэчы адбылося адмысловае паседжаньне, прысьвечанае пытаньням дзейнасьці мясцовых інстытутаў абароны правоў чалавека ў паасобных краінах. У гэтым паседжаньні бралі ўдзел прадстаўнікі офісу омбудсмана Чэскай Рэспублікі.

Падчас перамоваў разглядаліся паасобныя выпадкі, зьвязаныя з праблемамі правоў чалавека ў ЭЗ і ў Беларусі, якія датычаць свабоды мас-мэдыяў, выказваньня, сходаў і асацыяцыяў.

Прадстаўнікі Эўразьвязу і Беларусі абмеркавалі супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека з рознымі міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасьці з Радай правоў чалавека пры ААН і з Генэральнай асамблеяй ААН, а таксама ў дачыненьні да АБСЭ. Былі разгледжаныя пэрспэктывы збліжэньня Беларусі з Радай Эўропы.

У адпаведнасьці з практыкай Эўразьвязу прыслухоўвацца да голасу грамадзянскай супольнасьці пры дыялёгу аб правах чалавека ў трэціх краінах, у пэрыяд падрыхтоўкі да праскай сустрэчы эўрафункцыянэры сустракаліся з прадстаўнікамі беларускіх і міжнародных недзяржаўных арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG