Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 чэрвеня ўвечары ў Менску ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына, прысьвечаная 85-годзьдзю Васіля Быкава.

Ягоныя сябры і калегі, дасьледчыкі творчасьці і чытачы ўзгадвалі цікавыя сустрэчы з народным пісьменьнікам, глядзелі слайд-фільм пра яго, слухалі ягоны голас, радаваліся, што лёс паслаў Беларусі такую велічную асобу, і журыліся, што ўжо амаль шэсьць гадоў ён пайшоў з жыцьця.

Імпрэза адбывалася ў невялікай музэйнай залі, якая зь цяжкасьцю ўмясьціла ўсіх, хто прыйшоў сюды ўшанаваць памяць Васіля Быкава. Памяшканьне аздаблялі сьвечкі, букеты валошак, новыя тамы кніг народнага пісьменьніка, ягоны партрэт, які намаляваў мастак Міхась Будавей, а на сьценах была разьмешчаная прывезеная з Масквы фотавыстава, прысьвечаная Льву Талстому. Тэму расейскай прысутнасьці на імпрэзе падкрэсьліў факт, пра які распавёў паэт Леанід Дранько-Майсюк.

“Творы Быкава ўваходзяць у школьную праграму расейскіх школ, але ў тым падручніку за дзясятую клясу, які ёсьць у маёй бібліятэцы за, ня сказана, што Быкаў — беларускі пісьменьнік, і пад тым апавяданьнем, якое чытаюць расейскія дзеці — „Адна ноч“, не пазначана, што гэта пераклад. У прадмоўцы толькі сказана, што Быкаў нарадзіўся ў Віцебскай вобласьці, і гэтая Віцебская вобласьць нібыта павісла ў паветры, невядома, дзе яна знаходзіцца. Мы ведаем, што за апошнія гады шмат кніг Быкава было выдадзена і ў Санкт-Пецярбурзе, і ў Екацярынбурзе. Ізноў жа ў гэтых кнігах ня сказана, што гэта пераклады зь беларускай мовы, і што Васіль Быкаў — беларускі пісьменьнік”.

Васіль Быкаў пачаў пісаць па-беларуску ў далёкім 49-м. Але той першы твор не быў надрукаваны. І толькі нядаўна ў архіве пісьменьніка яго знайшла ўдава Ірына Міхайлаўна. Гісторыю захаваньня першага беларускамоўнага апавяданьня Быкава “Прыклад далёкага сябра” расказаў прысутным галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч. Дарэчы, у наступным нумары “Дзеяслову” гэты твор будзе ўпершыню надрукаваны.

“У 49-м годзе Васіль Быкаў аддаў яго ў „Гродзенскую праўду“, але па нейкіх прычынах яго не надрукавалі. І захаваў твор адказны сакратар газэты Мікола Аўчароў. І гэта ўвогуле дзіўна, што першае апавяданьне невядомага маладога аўтара адказны сакратар вырашыў захаваць, і толькі праз дваццаць пяць гадоў да пяцідзесяцігодзьдзя Васіля Ўладзіміравіча ён з Таганрогу даслаў рукапіс як падарунак аўтару”.

Падарунак жа музэю зрабіў на імпрэзе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, уручыўшы першыя восем тамоў поўнага збору твораў Быкава, які выдае цяпер СБП, а таксама зборнікі прозы пісьменьніка па-швэдзку і па-нарвэску. Увогуле па падліках літаратуразнаўцаў за шэсьць гадоў, як ня стала Васіля Быкава, у розных краінах сьвету выйшла каля васьмідзесяці назваў ягоных кніг. Прычыну ўсясьветнай папулярнасьці беларускага пісьменьніка сфармуляваў паэт Уладзімер Някляеў:

Уладзімер Някляеў
“Адным можа быць з галоўных адчуваньняў Васіля Быкава, гэтага буйнейшага мастака сучаснасьці, было адчуваньне трагізму існаваньня чалавека ў сьвеце, няўмольнасьці ягонага сыходу. Гэта ўсе мы адчуваем, але выпісаць гэта так, як выпісаў Васіль Уладзімеравіч, каб гэта не было банальнасьцю, проста ведамі пра тое, што як ты зьявіўся, так і сыдзеш, а сапраўднай літаратурай, сапраўдным мастацтвам, удалося ў нашай літаратуры толькі яму аднаму. Ужо толькі сыходзячы з гэтага ён сапраўды — вялікі пісьменьнік, і кожны з нас, хто тут прысутнічае, і хто хоць аднойчы ў жыцьці яго бачыў, зь ім размаўляў, можа лічыць сябе шчасьлівым. Я лічу сябе шчасьлівым”.
XS
SM
MD
LG