Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Віцебску мусіць быць помнік Васілю Быкаву!”


Валеры Магучы

Валеры Магучы

З прапановай усталяваць помнік пісьменьніку-земляку зьвярнуўся да прысутных на вечарыне ў віцебскім Літаратурным музэі скульптар Валеры Магучы.

Спадар Магучы — адзін з сааўтараў мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву, усталяванай год таму на будынку былой мастацкай вучэльні, дзе некалі вучыўся славуты беларускі пісьменьнік. Разам са сваім калегам Аляксандрам Гвозьдзікавым яны амаль чатыры гады чакалі, пакуль віцебскія ўлады дадуць дазвол на ўшанаваньне памяці Васіля Быкава. Тым ня менш, віцебскі скульптар спадзяецца, што некалі дойдзе чарга і да помніка, і ў абласным цэнтры будзе яшчэ адзін мастацкі напамінак пра вядомага ці не ва ўсім сьвеце ўраджэнца Віцебшчыны.

Выступае Міхась Ляўковіч
Пра малую радзіму Васіля Быкава — вёску Бычкі на Вушаччыне -на вечарыне, прымеркаванай да сёлетніх 85-х угодкаў пісьменьніка, распавялі мастакі Міхась Ляўковіч і Алег Скавародка, сталыя удзельнікі “быкаўскіх” пленэраў, якія неаднаразова ладзіў Грамадзкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча. Творы гэтых майстроў, сябраў Саюзу мастакоў Беларусі, цягам некалькі тыдняў змогуць убачыць у складзе адмысловай экспазыцыі ўсе наведнікі Літаратурнага музэю.

Пра тэатральныя пастаноўкі па творах Васіля Быкава распавялі загадчыца літаратурнай часткі Акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Сьвятлана Дашкевіч і рэжысэр Міхась Краснабаеў. Пра асабістыя сустрэчы з Быкавым і ўражаньні ад іх распавёў віцебскі паэт Давід Сімановіч.

Імпрэза ў Літаратурным музэі была ўжо другой з шэрагу мерапрыемстваў, прысьвечаных заўтрашняму юбілею Васіля Быкава: 12 чэрвеня літаратурная вечарына пад назвай “Салдат Перамогі” прайшла ў абласной бібліятэцы імя Леніна. Заўтра ўгодкі пісьменьніка прыхільнікі ягонага таленту будуць адзначаць на Вушаччыне, у вёсцы Бычкі, дзе Васіль Быкаў зьявіўся на сьвет 85 гадоў таму.
XS
SM
MD
LG