Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Сzy.


ТРЭШ-ПАРКІНГ


Блогасфэра сёньня неяк асабліва густа напоўненая допісамі на тэму чатырохколавых сябраў нашых. Што трэба, каб паставіць аўто на ўлік у Беларусі? Пра гэта пытаецца наведнік minsk_by з Расеі, які зьбіраецца пажыць у нашай краіне. Камэнтатары ўсе як адзін зьвяртаюць яго ўвагу на балючую праблему таніроўкі шкла.

_mikola_ скардзіцца на фінансавыя пасткі і грашовыя паборы, што сустракаюць на кожным кроку ў ЗША чалавека недасьведчанага:

У 2008 годзе я заплаціў больш за тысячу даляраў штрафу за няправільныя паркоўкі. То машына ў мяне не завялася і я быў змушаны пакінуць яе на няправільным баку вуліцы. То, празь няведанне, паставіў я свой аўтамабіль за 8 футаў, замест патрэбных 20, ад пажарнага гідранта. То раптам выявілася, што пярэдняе бакавое шкло ў мяне занадта цёмнае, і праз тры гады пасьля набыцьця машыны паліцыянт гаіцянскага паходжаньня вырашыў выпісаць мне штраф.



Празь некаторы час, яшчэ тады, калі брудны сьнег ляжаў у Нью-Ёрку, я склапатаў штраф у 120 даляраў за тое, што запаркаваўся на месцы, нібыта забароненым, але не пазначаным аніякімі знакамі. Як выявілася пры ўважлівым вывучэньні мясцовасьці, на зямлі пад пластом сьнегу і солі была разьметка: Паркоўка забароненая.

Пайду судзіцца!
— заяўляе пакрыўджаны аўтаўладальнік.

А вось як праблему паркоўкі хочуць вырашыць у Менску. vsevolod-volkov знайшоў у “Камсамолцы” такую навіну: паркінг хочуць пабудаваць пад Кастрычніцкай плошчай, дзе ўзімку звычайна робяць каток. Аўтар назваў свой пост “Перадвыбарчае”. Натуральна, ЖЖ-юзэры жвава пачалі абмяркоўваць схаваны палітычны сэнс пабудовы паркінгу на “плошчы Каліноўскага”:

Гэта каб у 2011 годзе ні ў кога не паўстала жаданьня намётавае мястэчка раскінуць, — камэнтуе навіну vsevolod-volkov.

fox_unexisted ня згодны: Наадварот — спрашчаецца ўзьвядзеньне барыкадаў у цэнтры гораду. Тамака ж будматэрыялаў да халеры будзе.

Ну, і наяўнасьць падземнай часткі для абаграваньня цалкам спатрэбіцца. :)


Думаю, у якасьці камэнтара можна было б дадаць наступную ілюстрацыю:




ТРЭШЦІ СЭКТАР


Працягваем палітычную тэму. Кожны, хто хоць крыху цікавіцца беларускай палітыкай, ведае, што стаіць за злавеснымі лічбамі 193 ч.1. Асамблея няўрадавых арганізацый абвясьціла крыжовы паход супраць сумнавядомага артыкула Крымінальнага кодэксу, дзеліцца навіной k-atamanchik. Штопраўда, у сьвятле абвешчанай лібэралізацыі часам знаходзяцца тыя шчасьліўчыкі, якім удаецца абысьці небясьпечны артыкул. Навіна, якая моцна зьдзівіла ўсіх і, напэўна, нават саміх яе “галоўных віноўнікаў”: як інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова быў зарэгістраваны “Правы Альянс”, — напісала zmagarka.

Як зазначыў у камэнтарох revanshist, мабыць, цяпер варта чакаць зьяўленьня “інфармацыйна-кансалтынгавага БУНТу” ці яшчэ чагосьці такога кшталту.

Пачытаць вытрымку са статуту пра мэты дзейнасьці новай кансалтынгавай установы можна ў insurhent’а.

А вось зарэгістраваны ў Беларусі па ўсіх правілах Саюз палякаў даўно перажывае цяжкія часы. Пра сёньняшнія падзеі ў Гародні напісалі tcalavek і poczobut.
poczobut:

За 4 гады ўлады ўпершыню адважыліся сабраць паседжаньне Гарадзенскага аддзелу Саюзу палякаў на Беларусі. Справа ў тым, што 99 працэнтаў сяброў арганізацыі ў Гародні лічаць сваёй старшынёй Анжаліку Борыс… Раней улады проста ігнаравалі гэты факт. Але набліжаецца верасень, тэрмін зьезду створанай уладамі арганізацыі, і таму патрэбна хаця б фармальна вылучыць дэлегатаў. Для гэтага патрэбны сход…

tcalavek:

За зачыненымі дзьвярамі і пад пільнай аховай супрацоўнікаў міліцыі прайшла справаздаўча-выбарчая канфэрэнцыя гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Саюзу палякаў Беларусі. Нягледзячы на тое, што паводле статуту ўдзельнічаць у працы канфэрэнцыі мае права кожны сябар арганізацыі, Юзэф Лучнік і ягоныя нешматлікія паплечнікі адмовіліся бачыць на мерапрыемстве каля 100 сяброў арганізацыі, якія выявілі жаданьне папрысутнічаць на першым за 4 гады сходзе.


ВЯРТАНЬНЕ ТРУСІКА


Галоўны беларускі трэш-герой нашага часу… хто б вы думалі? Слушна! :-) Усіх прыхільнікаў Чароўнага Трусіка і творчасьці Юрыя Дземідовіча запрашае суполка krolik_by.

paleszuk піша пра “Трусіную рэвалюцыю”:

Адно пэўна: у Беларусі пад аплядысмэнты дзіцячага “Эўрабачаньня” адбылася “Трусіная рэвалюцыя”. Дык здымем, шаноўнае спадарства, капелюшы з галоў перад вялікім будучым пэрформэрам Юрасём Дземідовічам. Ужо можна мець 100% пэўнасьць, што расьце дастойная зьмена вядомаму мастаку Алесю Пушкіну. Ён можа быць спакойны за будучыню нялёгкагa мастацтвa пэрформэнса на нашай гаротнай Беларусі. Юрасю ўдалося тое, што ўжо cпрабуюць зрабіць 15 гадоў.

А krywal сьведчыць: трусік крочыць па плянэце. Пацьверджаньне — гэткае фота:




СМАЧНА ЕСЬЦІ!


minsk_by адзначыўся таксама допісам fialka_17:

Зьдзіўленая такой інфармацыяй: у заакраме Кіева ў продажы зьявіліся засушаныя пэнісы быкоў — карысная бялковая ежа для сабак.

Народ, можа хто ведае, у Менску прадаюць такую “штуку”, я б хацела свайго сабачку такім ласункам пацешыць, далікатэс, мусіць))))))))


На закуску прапаноўваю вашай увазе сьцягнутую valery_brest_by з ТУТ-баю сэнсацыю: некаторыя навукоўцы лічаць, што краманьёнцы зьелі нэандэртальцаў.



XS
SM
MD
LG