Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: 22 чэрвеня 1941 году


Удзельнічае гісторык Анатоль Сідарэвіч, эфір 18 чэрвеня 2009 году

“Сёньня, а 4-й гадзіне раніцы, без выстаўленьня нейкіх прэтэнзіяў да Савецкага Саюзу, без абвяшчэньня вайны, нямецкія войскі напалі на нашу краіну… Гэты нечуваны напад на нашу краіну зьяўляецца бяспрыкладным у гісторыі цывілізаваных народаў вераломствам. Напад на нашу краіну адбыўся, нягледзячы на тое, што паміж СССР і Нямеччынай заключаная дамова аб ненападзе, і Савецкі ўрад з усёй добрасумленнасьцю выконваў усе ўмовы гэтай дамовы” (З выступу народнага камісара замежных справаў СССР Вячаслава Молатава 22 чэрвеня 1941 году па радыё).

Менавіта гэтай афіцыйнай прамовай высокага прадстаўніка ўлады быў запачаткаваны міт пра вераломны, раптоўны напад Нямеччыны на СССР зь перавагай у жывой сіле і ўзбраеньнях. Гэты міт быў узьведзены ў СССР у ранг догмы. Падтрымліваецца ён і сучаснымі расейскімі і беларускімі ўладамі.


Анатоль Сідарэвіч
Вячаслаў Ракіцкі

***

Вячаслаў Ракіцкі: Спадар Анатоль, пачнём з даты пачатку вайны. Чаму менавіта гэтая дата “22 чэрвеня 1941 году” была міталягізаваная, існуе аж да сёньня афіцыйнай датай пачатку вайны, хаця ва ўсім сьвеце вядомая іншая дата — 1 верасьня 1939 году — пачатак другой усясьветнай вайны і 17 верасьня 1939 году — дата ўступленьня ў яе СССР? Прынамсі для Беларусі 22 чэрвеня, як дата пачатку вайны не зусім праўдзівая.

Анатоль Сідарэвіч:
Так,
СССР удзельнічаў у Другой усясьветнай вайне з 17 верасьня 1939 году.
СССР удзельнічаў у Другой усясьветнай вайне з 17 верасьня 1939 году, але “вызваленчы паход” Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Ўкраіну штучна вырываецца з кантэксту гэтай вайны. Афіцыйным гісторыкам няёмка нагадваць, што ў верасьні 1939-га немцы ўзялі ладны кавалак Беласточчыны і Берасьцейшчыны, а потым мірна саступілі гэтую тэрыторыю Савецкаму Саюзу. Няёмка нагадваць і тое, што “вызваленчы паход” пачаўся пасьля адпаведных сыгналаў з Бэрліну. Бо калі нагадваць пра гэта, трэба абавязкова казаць пра сакрэтныя пратаколы, падпісаныя 23 жніўня 1939 году.

Ракіцкі: Міт пра вераломства быў створаны Вячаславам Молатавым у ягоным выступе па радыё 22 чэрвеня 1941 году. Маўляў, мы падпісалі 23 жніўня 1939 году пакт аб ненападзе, яго выконвалі і верылі, што Гітлер таксама будзе выконваць. Калі ж 3 ліпеня пра вераломства Гітлера ў сваёй прамове па радыё сказаў і Сталін, гэта стала для ўсяго партыйнага і чэкісцкага апарату догмаю і кіраўніцтвам да дзеяньня. Наколькі сапраўды вераломным быў напад гітлераўскай Нямеччыны на СССР 22 чэрвеня? Няўжо Сталін, які ня верыў сваім, мог гэтак неабачліва верыць Гітлеру?

Сідарэвіч:
Заключыўшы 23 жніўня 1939 году пакт аб ненападзе і сакрэтны пратакол аб падзеле сфэраў уплыву з СССР, праз тыдзень Нямеччына ўступіла ва ўсясьветную вайну. Пратакол аб падзеле сфэраў уплыву не азначаў, што Нямеччына дае карт-блянш на далучэньне да СССР краінаў Балтыі і Бэсарабіі. Тым часам Сталін, карыстаючыся з таго, што Нямеччына ўвязла ў вайне на Захадзе, адхапіў значную частку Фінляндыі. У той час, як немцы ўсталёўвалі акупацыйныя рэжымы ў Люксэмбургу, Бэльгіі, Нідэрляндах і Нарвэгіі, ваявалі з Францыяй, Сталін увёў свае дывізіі на тэрыторыю Латвіі, Літвы і Эстоніі і далучыў іх да СССР, таксама адарваў ад Румыніі і далучыў да СССР Бэсарабію. Гэтыя акцыі Савецкага Саюзу, асабліва захоп Літвы, Гітлер расцэньваў, як антынямецкія, але з асуджэньнем савецкай агрэсіі не выступаў. Празь месяц пасьля таго, як Францыя капітулявала, ён загадаў свайму генштабу распрацаваць плян вайны з Савецкім Саюзам, плян “Барбароса”. Гітлер выдатна разумеў, што вайна на два франты можа істотна ўскладніць становішча Нямеччыны, таму стаўка рабілася на маланкавую вайну. Распрацоўка пляну “Барбароса” працягвалася амаль пяць месяцаў.

Ракіцкі: Сталін ня ведаў пра гэта? Савецкі ўрад не распрацоўваў сваю стратэгію ў адказ?

Сідарэвіч:
Савецкі плян прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы і разгортваньня ваенных дзеяньняў у выпадку вайны быў прадстаўлены ў наркамат абароны толькі 11 чэрвеня 1941 году.

Ракіцкі: Напэўна ж, ня спала нямецкая дыпляматыя, працягваў свае гульні ў перадзел сьвету і Крэмль?

Сідарэвіч:
27 верасьня 1940 году Нямеччына, Італія і Японія падпісалі Бэрлінскі пакт, які прадугледжваў перадзел сьвету. Яахім фон Рыбэнтроп выказаў жаданьне зноў прыехаць у Маскву, каб выкласьці Сталіну “мэты і намеры фюрэра”. Тым больш, што Сталін і Молатаў спадзяваліся далучыцца да саюзу Нямеччыны, Італіі і Японіі і ўзяць удзел у далейшым падзеле сьвету. Гітлер і Рыбэнтроп арыентавалі Сталіна на Індыйскі акіян, падбівалі на захоп Паўночнага Ірану і Іраку. У Сталіна ж былі больш шырокія пляны: ён хацеў ня толькі авалодаць тэрыторыямі на поўдзень ад Баку і Батумі, але й увесьці свае войскі ў Баўгарыю, пабудаваць базы на Басфоры і Дарданэлах. Мала таго, Сталін жадаў, каб Нямеччына вывела сваё войска зь Фінляндыі, якое апынулася там на просьбу фінляндзкага ўраду. Усе гэтыя ідэі былі агучаныя падчас паездкі Молатава ў Бэрлін у лістападзе 1940 году. У час візыту Молатава ў Бэрлін Гітлер зразумеў, што Сталін жадае далучыць да Савецкага Саюзу Фінляндыю і ажыцьцявіць даўнюю расейскую мару пра авалоданьне пралівамі і Канстантынопалем. Вынікам візыту Молатава ў Бэрлін стала далучэньне да Бэрлінскага пакту краінаў, якія былі пакрыўджаны Савецкім Саюзам або якім пагражала ці магла пагражаць савецкая агрэсія, — Вугоршчыны, Румыніі, Славаччыны, Баўгарыі, Фінляндыі.

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што кіраўнікі Савецкага Саюзу самі дапамагалі ствараць кааліцыю супраць сваёй дзяржавы?

Сідарэвіч:
Бясспрэчна. Сталін і Молатаў бачылі антысавецкую скіраванасьць Бэрлінскага пакту. Савецкае кіраўніцтва, думаючы, што гэтак удасца падмануць Нямеччыну, час ад часу запытвала Бэрлін, ці разглядаюцца савецкія прапановы наконт Баўгарыі, Басфора і Дарданэлаў, а само нарошчвала свае сілы на заходняй мяжы. Бэрлін на запыты ніяк не рэагаваў, затое пільна сачыў, што дзеецца на ўсходзе.

Ракіцкі: Дарэчы, у тых перамовах зь Нямеччынай, увогуле ў савецкай дыпляматыі перадваенных часоў, ці ўлічваўся інтарэс Беларусі? Ці Беларусь зноў, як і ў 20-я гады для ўладаў СССР існавала толькі як зручная разьменная манэта?

Сідарэвіч: Пачытайце апублікаваны нядаўна том дакумэнтаў “Беларусь в начале Велікой Отчественной войны”.
Менскае кіраўніцтва абсалютна не чакала вайны, не было да яе гатовае.
Менскае кіраўніцтва абсалютна не чакала вайны, не было да яе гатовае. 22 чэрвеня яно папросту не разумела, якая бяда звалілася на Беларусь. Сталін не лічыў патрэбным інфармаваць менскае кіраўніцтва аб тым, з кім і пра што ён дамаўляецца.

Ракіцкі: Нават у савецкую пару, калі быў закрыты доступ да любой інфармацыі, якая б пярэчыла афіцыйнай ідэалёгіі, хадзілі размовы, чуткі пра тое, што напад ня мог быць нечаканым, што савецкі ўрад папярэджваўся аб рэальнасьці нападу. Дык у якой ступені напад усё ж быў нечаканым?

Сідарэвіч:
3 ліпеня 1941 году Сталін спарадзіў міт пра тое, што гітлераўская Нямеччына напала на СССР зьнянацку. У хрушчоўскі час зьявіліся зьвесткі, што савецкія выведнікі і нямецкія перабежчыкі папярэджвалі савецкае кіраўніцтва і асабіста Сталіна, што Гітлер нападзе ў 20-х чыслах чэрвеня. Асабліва была паказальнаю гісторыя Рыхарда Зорге, які назваў дакладную дату пачатку вайны і якому Сталін не паверыў.

Ракіцкі: Дарэчы, гэты міт зьліваецца яшчэ з адным мітам — пра Берасьцейскую крэпасьць-герой. Зь дзяцінства мы ведаем, што вайна пачалася з нападу на Берасьцейскую крэпасьць. Дык чаму ў той гістарычнай прамове Молатаў не назваў яе, а сказаў, што вайна пачалася з бамбаваньня Жытоміру, Кіеву, Севастопалю, Каўнасу?

Сідарэвіч:
А вы зірніце, што пішуць пра абарону крэпасьці сучасныя гісторыкі. Арганізаваная абарона скончылася 30 чэрвеня. У казематах, падзямельлях захаваліся толькі АСОБНЫЯ АЧАГІ супраціву. Дый, зрэшты, якое стратэгічнае значэньне мела гэтая крэпасьць у век танкаў і авіяцыі далёкага дзеяньня? 28 чэрвеня нямецкія войскі ўвайшлі ў Менск.

Ракіцкі: Ці праўдзівымі былі сьцьвярджэньні, што Гітлер меў перавагу ў жывой сіле і ўзбраеньнях?

Сідарэвіч:
Гэты міт таксама спароджаны Сталіным у дакладзе 6 лістапада 1941 году, які скардзіўся на недахоп танкаў і самалётаў. Савецкія прапагандысты і гісторыкі 50 гадоў пасьля вайны так і гэтак апэравалі лічбамі, каб давесьці нам, што 22 чэрвеня 1941 году сілы Вэрмахту пераўзыходзілі сілы Чырвонай Арміі.

У пятым томе “Гісторыі Беларусі” можна прачытаць, што па стану на 22 чэрвеня 1941 году на захадзе Беларусі былі разгорнутыя тры арміі і што перад самаю вайною у гэты раён пачалі перакідваць чацьвёртую. Карпусы ішлі з-пад Вязьмы, Смаленску, Віцебску, Бабруйску і Менску. Пры гэтым ня ўлічана, што яшчэ дзьве арміі рухаліся на захад з Уральскай і Прыволскай ваенных акругаў. Аўтар “Гісторыі Беларусі” прызнае, што савецкія войскі першага эшалёну пераўзыходзілі немцаў па колькасьці танкаў і самалётаў. Але ён блытаецца з лічбамі. Так, аўтар паведамляе, што на ўзбраеньні мелася 2200 танкаў супраць 1800 нямецкіх. Аднак праз пару старонак ён жа піша, што ў Беластоцкім катле немцы захапілі 3332 савецкія танкі. Значыць, іх было не 2200. Маючы такую разьбежку ў лічбах, я не магу верыць аўтару, які сьцьвярджае, што перадавыя савецкія злучэньні саступалі нямецкай групоўцы ў колькасьці байцоў і камандзіраў.

Ракіцкі: А як працавалі выведкі дзьвюх краінаў?

Сідарэвіч:
Нямецкая выведка працавала добра. Гітлер нават хваліўся: “Мы маглі ўстанавіць, дзе, як і калі перамяшчаецца кожнае асобнае злучэньне”. Ведама, выведка мелася і ў Савецкага Саюзу. Але адрозьненьне паміж Гітлерам і Сталінам было ў тым, што адзін верыў сваім выведнікам, а другі — не.

Сталін памятаў, што ў траўні-чэрвені 1940 году Вэрмахт захапіў Бэльгію, Люксэмбург, Нідэрлянды, Данію, Нарвэгію і Францыю. У тую ж пару ў 1941 годзе Гітлер паставіў на парадак дня зьнішчэньне Вялікай Брытаніі. Ведамства Гэбельса вяло антыбрытанскую прапаганду, на чыгунках назіраўся інтэнсіўны рух эшалёнаў. Сталін верыў у тое, што Гітлер сапраўды пойдзе вайною на Англію. Ён падцягваў да заходняй мяжы ўсё новыя і новыя злучэньні, бо спадзяваўся адкрыць Нямеччыне другі фронт. Сталін так і не здагадаўся, што “падрыхтоўка да вайны з Англіяй” была містыфікацыяй, прыкрыцьцём падрыхтоўкі нямецкага наступу на ўсход. Распрацоўку гэтай акцыі гісторыкі цалкам прыпісваюць нямецкай ваеннай выведцы і яе шэфу Вільгельму Канарысу.

Ракіцкі: Дык усё ж вайна стала для Сталіна нечаканасьцю?

Сідарэвіч:
22 чэрвеня 1941 году для Сталіна сапраўднай нечаканасьцю было тое, што Гітлер перахітрыў яго, бо ён, Сталін, яшчэ ў 1939 годзе, быў упэўнены, што падмануў Гітлера.

Ракіцкі: А які вынік для Беларусі?

Сідарэвіч:
Саманадзейнасьць Сталіна прывяла да таго, што Беларусь была аддадзена на волю агрэсара. Як сьведчыў былы першы сакратар камсамолу Беларусі Міхаіл Зімянін,
Маскоўскае кіраўніцтва пакінула Беларусь сам-насам з Гітлерам да сярэдзіны 1942 году.
маскоўскае кіраўніцтва пакінула Беларусь сам-насам з Гітлерам да сярэдзіны 1942 году. Мала таго, перад сваёй сьмерцю Лаўрэнцій Берыя прызнаўся, што 26 чэрвеня 1941 году Сталіну прыйшла ў галаву думка заключыць зь Нямеччынай мірнае пагадненьне і аддаць ёй частку Беларусі. Пасярэднікам паміж СССР і Нямеччынай ён жадаў мець Баўгарыю. Дзеля гэтага на пачатку ліпеня ў Крэмль паклікалі баўгарскага пасла Івана Стаменава. Баўгарыя не ўзяла на сябе ролю пасярэдніка. Дый Гітлер наўрад ці захацеў бы падпісваць мірную дамову са Сталінам. 8 ліпеня 1941 году была завершана Беластоцка-Менская наступальная апэрацыя. У агромністым катле цалкам ці часткова былі разьбітыя чатыры арміі. Немцы ўзялі ў палон больш за 328 тысяч чырвонаармейцаў, захапілі 3332 танкі, зьнішчылі каля 1700 баявых самалётаў. У цэлым жа да сярэдзіны ліпеня Чырвоная Армія страціла 850 тысяч байцоў і камандзіраў. У гэтых умовах Гітлер ня стаў бы і слухаць баўгарскага пасярэдніка.

Ракіцкі: З вашага гледзішча, у чым сапраўдная прычына вайны? Хто вінаваты ў сьмерці кожнага чацьвёртага ці нават кожнага трэцяга беларуса?

Сідарэвіч:
Прычына вайны вядомая: імпэрыялістычныя пляны Нямеччыны і СССР.
Прычына вайны вядомая: імпэрыялістычныя пляны Нямеччыны і СССР.
Інтарэсы дзьвюх імпэрыяў сутыкнуліся. Я б ня стаў сьцьвярджаць, што ў тую вайну загінуў кожны чацьвёрты жыхар Беларусі, бо ў бальшавікоў вядома якая была статыстыка. Затое я дакладна ведаю, што ў сьмерці соцень тысяч нашых суайчыньнікаў вінаватыя Сталін і Молатаў, а таксама наркам абароны Сямён Цімашэнка і начальнік генэральнага штабу Георгій Жукаў. Яны не забясьпечылі абарону Беларусі.

Ракіцкі: Сёлета спаўняецца 70 гадоў пакту Гітлера — Сталіна, ці, як часьцей яго называюць на постсавецкай прасторы Рыбэнтропа — Молатава. Некалькі дзён таму ў Маскве міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заклікаў па-новаму прадыскутаваць прычыны пачатку вайны і ролю ў гэтым кожнай з эўрапейскіх краінаў. Тым часам Расея гатова увесьці крымінальную адказнасьць за скажэньне афіцыйнай пазыцыі, якая і ёсьць мітам. Ці магчымае адраджэньне праўды на постсавецкай прасторы?

Сідарэвіч:
Калі была створана расейская камісія для барацьбы супраць спробаў фальшаваньня гісторыі ва ўрон Расеі, адна нямецкая газэта пакпіла: значыць, на карысьць Расеі гісторыю фальшаваць можна. Архівы палітбюро, савецкіх наркамату абароны і генштабу для незалежных дасьледчыкаў зноў зачыненыя. Значыць, ёсьць што хаваць. І мы ведаем, што яны хаваюць: праўду пра імпэрыялістычную сутнасьць савецкай палітыкі. Але гэта не значыць, што сілы рэакцыі, імпэрскія сілы запанавалі навечна. Як пісаў афіцэр тае вайны Аляксандр Твардоўскі афіцэру Васілю Быкаву, усё пройдзе, а праўда застанецца.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG