Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі гарвыканкам ня будзе больш патрабаваць ад арганізатараў вулічных мерапрыемстваў папярэдне аплачваць працу міліцыі, хуткай дапамогі й пажарнікаў. Гэтае рашэньне мясцовай улады было агучана сёньня на паседжаньні калегіі абласнога суду Берасьцейскай вобласьці.


На суд у Берасьце з Баранавічаў паехалі праваабаронца Сяргей Гоўша і юрыст Карней Пятровіч. Яны зьвярталіся са скаргай на неправамоцныя дзеяньні Баранавіцкага гарвыканкаму. Чыноўнікі патрабавалі, каб арганізатары вулічных мерапрыемстваў аплацілі загадзя — ажно за тыдзень — рахункі міліцыі, пажарнікаў і хуткай дапамогі.

Судовая калегія ў складзе Ніны Ўсьцінчук, Георгія Дзьмітрука (старшыня) і Анатоля Літоўчыка паведаміла заяўнікам, што такой праблемы больш не існуе.

“Як высьветлілася, у Берасьцейскі абласны суд учора паступіла ўжо новае рашэньне баранавіцкага гарвыканкаму. У ім яны адмянілі папярэднюю аплату. Я лічу, што гэта зьяўляецца прызнаньнем нашай праўды. Тым самым чыноўнікі прызналі, што незаконна патрабавалі папярэднюю аплату”, — паведаміў “Свабодзе” юрыст Сяргей Гоўша.

Ён лічыць, што актывісты атрымалі маленькую перамогу. Посьпех можа атрымаць працяг. Сяргей Гоўша разважае:

“Мы прасілі абласную калегію выйсьці з прапановамі па зьмене закону аб масавых мерапрыемствах. Гэты закон не адпавядае Канстытуцыі. Мы не павінны заключаць дамовы зь міліцыяй, МНС і г.д. Гэта павінна рабіць улада. Таму што кожны грамадзянін, які працуе, плаціць падаткі, на якія ўтрымліваецца менавіта дзяржаўная ўлада і яе чыноўніцкі апарат”.
XS
SM
MD
LG