Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Сzy

РБ vs РФ — ЧАРГОВЫ РАЎНД


Тэма стасункаў Беларусі і Расеі па-ранейшаму займае першае месца ў абмеркаваньнях блогерамі актуальных падзей. Нечуваны адыход А. Лукашэнкі ад якой-колечы «сяброўскае рыторыкі» ў размовах з расейскім бокам (хаця б з чыста прагматычных меркаваньняў) даў беларускай публіцы нагоду для шматлікіх дыскусіяў.

Якім жа чынам нарэшце будзе пастаўленая кропка ў беларуска-расейскіх стасунках — наконт гэтага вядуцца нястомныя дэбаты ў айчынных блогах і форумах.

palitekanom у суполцы belarus_russia правёў апытаньне: «Хто вінаваты ў пагаршэньні стасункаў Беларусі і Расеі?»

Галасы разьмеркаваліся наступным чынам:

  • расейскі бок — 90 (48,6%)
  • беларускі бок — 28 (15,1%)
  • абодва ў роўнай ступені — 30 (16,2%)
  • трэці бок (вонкавыя сілы) — 9 (4,9%)
  • ніхто, усё да таго ішло само — 28 (15,1%)

abrykos лічыць, што

Гэта вайна. Адно, што памежныя слупы закапаюць абратна бяз помпы, у працоўным парадку. ...Нядаўна ў цэнтры Менску ў гастраноме ўбачыў хлопца ў расейскай міліцэйскай форме. Неяк аўтаматычна рукі сьціснуліся, ён ніякавата ўсьміхаўся пад поглядам іншых пакупнікоў...

Мусіць, цяжка быць сярэднестатыстычным расейцам. З году ў год — новыя выклікі з тэлевізара. «Не любі грузіна, пагарджай латышом, плюнь ва ўкраінца». Кажа, паказвае і думае за расейца блакітны экран. Новы трэнд, які адназначна раскруціцца, — «абурыся беларускім малаком», — заўважае head-of-babulka ў посьце «Звышдзяржава».

Далей ён крытыкуе пазыцыю Расеі — маўляў, няхай спачатку свае праблемы вырашаць:

А між тым, злоўжываньне алькаголем у Расейскай Фэдэрацыі кожны год забівае блізу паўмільёна расейцаў. ...Але, нягледзячы на гэта, увесь сьвет чуе фразы санітарнага лекара Анішчанкі пра шкоднасьць беларускага малака.

...

Унутры Расеі, якая спрабуе навязаць сваё ўласнае меркаваньне суседнім дзяржавам, акрамя вечных дурняў ля ўлады ды крывых дарог, ёсьць і іншыя праблемы. Цяпер гэта Дагестан. У краіне, якая спрабуе вучыць беларусаў, як ім правільна жыць, адкрыта забіваюць рэгіянальных начальнікаў МУС. У краіне, дзе ўсіх дрэнных хлопцаў замачылі ў сарцірах, ужо ў першую ж ноч (празь некалькі гадзінаў) пасьля ад’езду прэзыдэнта Мядзьведзева з Дагестану абстрэльваюць некалькі раённых РАУСаў.


z-dyht прапануе арыгінальнае выйсьце беларускім малочным вытворцам:

Досі ўжо енчыць! Калі завезьці ў айчынныя крамы крыху алькагалізаванага малака, дык абыдземся і ўнутранымі рэсурсамі.

На ўсялякі выпадак — рэцэпт ад братоў Коэнаў і «Вялікага Лябоўскага»: кактэйль WHITE RUSSIAN — 2 часткі гарэлкі, 1 ч. кававага лікёру і 1 ч. вяршкоў. Плюс марыхуЯна, зразумела ;). Замест вяршкоў — сырадой, а лікёрам лепш проста запіваць. Зрэшты, учора беларуска-малдаўскі каньяк заядалі дзеравенскай сьмятанай (мой шэф увесь вечар калямбурыў і называў гэта сьметаньякам). Прэлесьць!!!


Разам з тым расейскія зюганаўцы выказваюцца «за Беларусь». reaktivny-puz, адзначаючы «Не дарма Бацька расейскіх камунякаў спансаваў...» — цытуе са спасылкай на сайт маскоўскага аддзяленьня КПРФ: «На самой справе прычына „малочнай“ вайны — у безаглядным курсе Крамля на пагалоўную лібэралізацыю ўсёй краіны, якая ва ўмовах сусьветнага крызісу капіталізму не знаходзіць падтрымкі ня толькі ў самой Расеі, але й за яе межамі. Пэўныя колы ў Расеі даўно паклалі вока на прывабныя кавалкі ўласнасьці ў суседняй Рэспубліцы. Выкруціць рукі незгаворліваму суседу, вымусіць яго аддаць апошнюю кашулю — вось праўдзівая мэта задуманай правакацыі супраць нашых братоў».

А вось sanczenia, цытуючы зьмест артыкула з left.ru, канстатуе: «Сталіністы расчароўваюцца ў Беларусі».

Яшчэ некалькі гадоў таму сайт left.ru трэсла ад экстазу салідарнасьці з нашым кіраўніцтвам... І вось у чэрвені 2009 на тым жа сайце раптам ціха-мірна зьяўляюцца «Беларускія нататкі» сталініста М. Шатурына, які жыве на Беларусі. І ў іх такія ўзрушальнай навізны адкрыцьці...

Працытуем тут толькі пару выказваньняў: «Пад шумок балбатні пра „народнага лідэра, які не дапусьціў раскраданьня“... ідзе далейшае ўзбагачэньне багатых — галоўная мэта існаваньня ўсіх гэтых рэжымаў-блізьнятаў»...

«Тут нядаўна разыгрываліся рытуалы «выбараў у беларускі парлямэнт»...


А яшчэ, — піша sanczenia, — як вынікае з артыкула Шатурына, беларусы непісьменна гавораць па-расейску, трымаюцца забабонаў, не прывучаныя шукаць сэнс жыцьця! І ўсе гэтыя катастрафічныя зьмены — за тры гады?! І нават «лінія Сталіна» ўжо не замілоўвае? І наш сьцяг ня грэе іх сэрца сваёй квазісавецкай барвай?

Справа, відаць, вось у чым: беларускі капіталізм у чарговы раз не на жарт пагрызься з расейскім. Сьвятая бадлівая карова чырвоных патрыётаў пакрыўджаная па самае вымя
, — робіць выснову аўтар.


ПРА ГРОШЫ


Чуткі пра дэнамінацыю ў сувязі са зьяўленьнем нейкіх узораў нібыта беларускіх манэт, зробленых на Манэтным двары ў Славаччыне, ня так моцна, як беларуска-расейскія спрэчкі, але ж крыху закранулі беларускую Інтэрнэт-прастору.



Гутаркі пра дэнамінацыю распачаліся на форуме ТУТ-баю

Аднак немалая частка ўдзельнікаў выказалася ў тым духу, што сэнсу ўводзіць у зварот манэты няма ніякага. З нашай інфляцыяй іх давядзецца выводзіць са звароту з-за непатрэбнасьці праз 2-3 гады, а то і раней, прыгадайце зайчыкаў і вавёрачак.

Зьдзіўленьне найбольш уважлівых фарумчанаў выклікаў зьнешні выгляд манэт:

...манэткі-та — як быццам скрыжавалі эўра і савецкі рубель.

І чаму па-расейску?


У суполцы money_by гэтая тэма, як ні дзіўна засталася па-за ўвагай. Затое юзэр spolazhenko падлічыў, наколькі павялічыліся банкавыя зьберажэньні беларусаў. Выявілася, што ўкладанні насельніцтва ў беларускіх банках перавысілі 15,81 трыльёна Br.

АГОЛЕНЫЯ ЛІТАРАТАРЫ


Розныя эмоцыі выклікаў выхад новага нумару часопіса PARTisan у выглядзе календара зь беларускімі літаратарамі ў нэгліжэ.


На такога кшталту піяр некаторыя зрэагавалі даволі нэрвова. lesnoi-slon заявіў, што ўсе ўдзельнікі праекту, мабыць, геі, бо прэзэнтацыя будзе праводзіцца... у гей-клюбе.

Наколькі мне вядома, прэзэнтацыя адбудзецца 19 чэрвеня а 18-й гадзіне ў бар-клюбе «6А» (Партызанскі праспект, 6A). Мо гэта падпольны гей-клюб? Трэба будзе схадзіць, хаця б высьветліць.

Ня надта станоўчыя водгукі праект атрымаў і на ТУТ-баі. Збольшага нэгатыў тычыўся недасканаласьцяў фізычнай формы літаратараў.

А некаторых раздражніла і сама назва: ачмурэць, толькі пачала думаць «а можа, ідэя ўсё-ткі вартая, проста падалі і выканалі яе крыва?», як убачыла надпіс на вокладцы календара: «Канец словаў»... фініш)))

Станоўчыя рэакцыі (пераважна ад тых, хто быў на прэс-канфэрэнцыі з нагоды выхаду часопіса-календара) можна было пачуць ад:

beatleofdoom:

а вось я быў сёньня на прэс-канфэрэнцыі «Канца словаў». Гэта такі каляндар з голымі khadanovich, lvolski, abrykos — актуалізацыя сучаснай беларускай літаратуры ў бачаньні maryjka_ і кампаніі, а на самой справе хітры спосаб бесьперашкодна выдаць чарговы нумар pARTisan’a. Гэта для часопіса патрэбная рэгістрацыя, а календароў друкуй, колькі пажадаеш, безь ліцэнзіі.

прыйшоў дадому пагартаў. у цэлым спадабалася. abrykos, ваша фотка найлепшая.


ajvar-m

Брыфінг з нагоды выхаду арт-календара «Канец словаў» мне спадабаўся. Прэс-кіт ладны, сьпікеры — палец у рот не пакладзі, інфармацыйная нагода — выдатная. Карацей, малайчыны. Малайчыны і літаратары.

А вось што выпадкова знайшлося ў пошукавіку на спалучэньне «канец словаў». Леташні запіс у ЖЖ Адама Глёбуса, які ня браў удзелу ў праекце: Канец словаў?

РЫБАК БЕЗ МАЛАКА


Цікава, ці ахвяраваў бы сябе такім чынам для літаратуры berserk5? Гэтага мы дакладна ня ведаем, але затое можам пабачыць іншую фотасэсію зь яго ўдзелам. Славамір Адамовіч апублікаваў фота з вандроўкі на ровары па Нарвэгіі, якую ён прадпрыняў, каб сустрэцца з Аляксандрам Рыбаком



А вось paleszuk выставіў у by_trash нечакана актуальную кампазыцыю пераможцы «Эўрабачаньня-2009».

Аляксандар Рыбак першы прадказаў пачатак малочнай вайны, кавэр на вельмі вядомую калісьці кампазыцыю Herman’s Hermits — No milk today (Няма сёньня малака) гэтаму добры доказ. Сапраўдны прарок, у будучыні трэба будзе больш уважліва прыслухоўвацца да наступных яго твораў, можа, ён яшчэ штосьці прадбачыць у нашым дзіўным сьвеце.

Слухайце і самі пераканайцеся, што Аляксандар салідарны з радзімай.




Што праўда, пазьней гэты допіс з суполкі зьнік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG