Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаранілі малако. Могуць забараніць і мяса, і гародніну...


З прычыны гандлёвай вайны Расеі й Беларусі вялікія страты цярпяць вясковыя прыватныя гаспадаркі. На сёньня практычна ўсе перапрацоўчыя прадпрыемствы ня плацяць грошы за здадзенае малако. Акрамя таго, вяскоўцы скардзяцца, што заводы бракуюць і вяртаюць сырадой. Малако даводзіцца выліваць у карыты для сьвіней і цялят.


Гомельшчына


Ажно 12 дойных кароў на дзьве невялікія сям’і ўтрымліваюць у вёсцы Доўск на Гомельшчыне пэнсіянэры Тарасавы і іх сын Аляксандар. Старэйшая гаспадыня Ганна Рыгораўна называе сваіх кароў карміцелькамі:

Малочная вайна бурыць пляны працавітай беларускай сям’і.
“У Беларусі цяпер пэнсіі для ўсіх вяскоўцаў аднолькавыя: чатыры сотні — і тым, хто цяжка працаваў у калгасах, і тым, хто ўлетку ў лес у грыбы наведваўся. Налічваюць аднолькава. Ну, а калі кароў трымаеш, то трошкі ж нешта набягае дадаткова”.

Са словаў 70-гадовай спадарыні Тарасавай, сёлета яе працавітыя сямейнікі разьлічвалі прадаць 30 тон малака. Але пляны пачынаюць разбурацца. Жанчыну палохаюць магчымыя наступствы малочнай вайны паміж так званымі саюзьнікамі.

Ганна Тарасава: “Вяртаюць малачко… Раздаюць па дварах… А паколькі мы наліваем поўныя малочныя флягі па 40 літраў, то патрабую, каб маё малако мне і вярнулі. Сьвіньням выліваю і куранятам. А што зробіш? Усе забіраюць, і мы — таксама. Глядзелі па тэлебачаньні, што Расея адмаўляецца. А ў Беларусі, можа, хутка загадаюць кароў збываць…”

Малако з падворкаў нарыхтоўвае Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат. Гутару з намесьнікам генэральнага дырэктара гэтага прадпрыемства Мікалаем Коханавым. Чыноўнік вінаваціць малочную вайну і інфармуе, дзе назапашваецца гатовая прадукцыя.

“Раней на тэрыторыі Рагачоўскага раёну была база фабрыкі па першаснай апрацоўцы воўны. Яна знаходзілася ў пасёлку Ільіч. Мы выкупілі памяшканьні, адрамантавалі іх. І пакуль у нас ёсьць вельмі сур’ёзныя па маштабе плошчы для захоўваньня прадукцыі”.

Больш як 600 тон малака прымае на перапрацоўку Рагачоўскі камбінат. Асноўныя вырабы — малочныя кансэрвы. Адгрузка іх у Маскву часова спыненая.

Гарадзеншчына


На малочных прадпрыемствах Гарадзеншчыны склады запоўненыя гатовай прадукцыяй. Большыя праблемы са збытам зазнаюць і мясакамбінаты рэгіёну.

На Бераставіцкім сыраробчым заводзе сёньня спэцыялісты санэпідэмстанцыі адбіраюць пробы малочнай прадукцыі для чарговай экспэртызы ў расейскіх лябараторыях. Кажа дырэктар заводу спадар Іван:

Спадар Іван:
Заплацілі Бранску за дазвол, але нам яго перакрылі…
“Пробы ізноў неабходна везьці ў лябараторыю. Праўда, невядома толькі, дзеля чаго. Усе сэртыфікаты на прадукцыю мы ўжо раней атрымалі ў Бранскай лябараторыі, заплацілі 141 тысячу расейскіх рублёў за правядзеньне экспэртызаў, атрымалі заключэньне, а вось дазвол на ўвоз нам перакрылі”.

Дырэктар прадпрыемства распавядае, што зь мінулага аўторка ў яго стаіць машына пад загрузку прадукцыі, але ён ня робіць гэтага, пакуль не атрымае пісьмовага дазволу.

Спадар Іван: “Мне з Расеі перазванілі тры фірмы і сказалі, што наша прадукцыя вельмі запатрабаваная, паколькі такая ж расейская — не вытрымлівае канкурэнцыі. Ня хочуць там і ўкраінскай. Кажуць, што якасьць і цана нашых тавараў найбольш ім адпавядаюць”.

Я, між іншым, пытаюся ў дырэктара прадпрыемства, што яны робяць з прадукцыяй, якую вось ужо тыдзень не адпраўляюць на экспарт, і як у гэтай сытуацыі пачуваецца іх калектыў?

Спадар Іван: “На заўтра намецілі сход. Вызначаемся так, што частку прадукцыі па сабекошце будзем прадаваць сваім рабочым і гаспадаркам, якія пастаўляюць нам малако. Запрасілі прадстаўнікоў гандлю з райспажыўсаюзу, працуем. Пытаньне ня ў гэтым, але ж мы не гумовыя…”

Усе шукаем новыя рынкі збыту…
На Наваградзкім масларобчым заводзе сытуацыя падобная, ніякіх зьвестак пра пастаўкі прадукцыі няма. Спадарыня Тацяна з аддзелу маркетынгу кажа, што цяпер тут займаюцца пошукам іншых рынкаў збыту.

Спадарыня Тацяна: “Займаемся тым, што шукаем новыя рынкі збыту ва Ўкраіне, Казахстане. Але, ведаеце, за такі кароткі тэрмін гэта дастаткова праблематычна зрабіць”.

Я пацікавіўся ў вытворцаў мясной прадукцыі на Гарадзеншчыне — як яны глядзяць на малочны канфлікт і ці не шукаюць таксама новыя рынкі збыту? Вось што адказаў мне загадчык аддзелу маркетынгу Лідзкага мясакамбінату спадар Міхалькевіч:

“Пакуль праблемаў няма”.

Карэспандэнт: “А што, могуць быць?”

Міхалькевіч: “Калі расейскі бок у сілу перадузятага стаўленьня дасьць загад закупляць мяса ў каго-небудзь іншага, то давядзецца шукаць новыя рынкі збыту”.

Берасьцейшчына


Палешукі, якія займаюцца вырошчваньнем агуркоў, напярэдадні сэзону захваляваліся. Іх трывожыць, каб сьледам за малочнай прадукцыяй расейцы не забаранілі іхныя гуркі.

Палескія гурочнікі баяцца санкцый Расеі.
Сёлета жыхары вёскі Альшаны прагназуюць добры ўраджай агуркоў. Дзяржаўны гандаль у Беларусі закупляе іх па 1100 рублёў за кіляграм. Гэта прыватніку нявыгадна. Рынкі збыту палешукі шукаюць у Расеі.

“О! Колькі хочаш у нас агуркоў! Учора было па 1300-1400. Мая дачка ў Берасьці. Там, кажа, па 2500-2800. А ў Расеі — ня ведаю, па колькі. Пакуль у Расею пушчаюць, бо вось езьдзілі нашы вялікія машыны”, — кажа 80-гадовая жыхарка Альшанаў Надзея Пашкевіч, якая ўсё яшчэ працуе на цяпліцах.

Заўтра ў Расеі скажуць: гуркі не пускаем, капусту, моркву, бульбу…
Жанчына супраць забароны і хвалюецца ня толькі за сябе, але й за расейцаў:

“Ня ведаю, што гэта будзе. Унь там выпаў град, усё зьбіла, што няма чаго есьці — у Расеі. Што есьцімуць людзі?”

Альшанец Міхаіл лічыць, што ў выпадку такой забароны палітыкі не зьвярнулі б увагі на іхныя інтарэсы:

“Хай прэзыдэнты вырашаюць. Мы такія пытаньні не вырашаем. Малако не пусьцілі? Не пусьцілі. А заўтра скажуць: агуркі не пускаем, капусту, моркву, бульбу… Пра насельніцтва ніхто ніколі ня думае і думаць не зьбіраецца. Насельніцтва — гэта сьмецьце”.

Міхаіл кажа, што яму і ягоным калегам з кожным годам цяжэй.

“Перш чым агуркамі займацца, трэба ўкласьці вялікія сродкі. Трэба парнік зрабіць, цяпліцу. Купіць плёнкі, насеньне, наняць людзей. У Альшанах на дадзены момант, каб сотку зямлі абрабіць, то трэба 300 даляраў”.

Можа, будзе браць прадукцыю Ўкраіна?
Задумваюцца над пагрозай зрыву супрацоўніцтва з расейскімі рынкамі і дзяржаўныя прадпрыемствы. Загадчыца аддзелу маркетынгу Гарынскага агракамбінату Галіна Шуляк распавяла, што да нядаўняга часу на Расею яны пастаўлялі шмат.

“На расейскія рынкі мы прадавалі кансэрвы, зялёны гарошак, агурочкі. Зараз не прадаём. Будзе новы ўраджай — будзем працаваць далей”, — выказвае надзею суразмоўніца, але трымае ў галаве і цяперашнюю беларуска-расейскую малочную вайну.

“Я думаю, што гэта палітычнае пытаньне. Урэгулюецца. Але я ня думаю, што Расея — гэта канчатковы вынік. Ёсьць яшчэ Казахстан. Наладжваюцца стасункі з Украінаю. Можа, Украіна будзе прадукцыю браць”.
XS
SM
MD
LG