Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкую раду сабралі ў турме


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей
Сёньня ў Жодзіне прайшло выязное паседжаньне Грамадзкай кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Удзельнікаў рады сабралі ў мясцовай турме. І гэта невыпадкова, бо паседжаньне было прысьвечана гуманізацыі пэнітэнцыярных установаў.

Месца для паседжаньня прызначыла адміністрацыя прэзыдэнта. “Нас сабралі каля Дома афіцэраў у Менску, пасадзілі ў аўтобус і павезьлі ў турму, каб паказаць усё на месцы”, — сказаў удзельнік сёньняшняга мерапрыемства прафэсар Станіслаў Багданкевіч.

Жодзіна невыпадкова абранае месцам гэтай сустрэчы. Тут разам знаходзяцца і сьледчы ізалятар, і турма. Праз гэтыя ўстановы прайшло шмат апазыцыянэраў. Так, Валеры Шчукін, які адбываў тут пакараньне, сказаў сёньня “Свабодзе”, што ў яго ад знаходжаньня ў Жодзіне засталіся “самыя непрыемныя ўспаміны, паколькі тут натуральна зьдзекуюцца зь людзей”. Спадар Шчукін прывёў некалькі канкрэтных прыкладаў:

Валеры Шчукін
“Прагулкі, якія павінны цягнуцца гадзіну, насамрэч скарачалі да 15-20 хвілінаў. Таму я вымушаны быў узьняць велізарны шум. І тады для камэры, у якой я сядзеў, зрабілі выключэньне, мы гулялі поўную гадзіну. Памыўка выглядала так — групу заводзяць у душ, дзе працуюць толькі адна-дзьве насадкі, і давай — мыйся. А час абмежаваны, усяго 10-15 хвілін. Праверкі ўласных рэчаў рабілі ў тваю адсутнасьць. Я, праўда, зноў дамогся, каб мае рэчы праглядалі толькі пры мне.

Установы гэтыя афіцыйна называюцца папраўчымі. Але насамрэч там не выпраўляюць, а распраўляюцца. Толькі нешта ня тое сказаў, адразу пачынаюць чыніцца ўсялякія ганеньні”.

Вёў сёньняшняе паседжаньне кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей. Запрасілі на яго і кіраўніка менскага офісу АБСЭ амбасадара Шміта. Сябра рады Алег Трусаў сказаў “Свабодзе”, што сёньняшняе паседжаньне яму спадабалася значна больш за два папярэднія:

Алег Трусаў
“Таму што яно праходзіла вельмі канструктыўна. Алег Гулак зрабіў вельмі добры даклад. І абмеркаваньне было вельмі добрае. Можна лічыць, што сёньня мы падышлі на адзін крок да адмены сьмяротнага пакараньня. А можа, нават і на два крокі.

Мы бачылі вязьняў, мы зь імі размаўлялі. Нават з тымі, хто сядзіць пажыцьцёва. І сёньня не было нейкіх палітычных абвінавачаньняў, як на першых паседжаньнях. Мы працавалі на роўных з прадстаўнікамі ўладаў. І гэта мне вельмі спадабалася“.

Сёньняшняе паседжаньне рады — трэцяе. На першым абмяркоўваліся арганізацыйныя пытаньні, на другім — стратэгія разьвіцьця эканомікі Беларусі. Прапановы рады — рэкамэндацыйныя, а паседжаньні праводзяцца не радзей за адзін раз на два месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG