Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне таксама давялося паспытаць „водар“ турмы на Акрэсьціна…”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 17 чэрвеня 2009 году.

Актуальныя тэмы, якія штодня абмяркоўваюцца на хвалях “Свабоды”, гучаць і ў лістах, што прыходзяць ад нашых слухачоў у гэтыя чэрвеньскія дні.

Наш даўні сябар Павал Давыдзенка з пасёлку Парычы Сьветлагорскага раёну лічыць, што Беларуская Свабода занадта шмат увагі аддае тэме моладзевых актывістаў, прымусова мабілізаваных у беларускую армію. У сваім лісьце спадар Давыдзенка піша:

“Я не лічу, што паўтара гады абавязковай службы ў войску — надта вялікі тэрмін. Гэта, па сутнасьці, толькі знаёмства з асновамі армейскага жыцьця. Сам я ў свой час адслужыў у савецкай арміі пяць год. Прычым — далёка ад радзімы. І ня скардзіўся на службу, паколькі лічыў яе сваім абавязкам перад краінай.

Так што лепш бы вы гэты час, які адводзіце на так званых “палітпрызыўнікоў”, аддавалі тэме правоў чалавека ў Беларусі. Вунь што робіцца з тарыфамі на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі! А заробкі ў рабочых зьніжаюцца. А пэнсіі інвалідам Чарнобылю не падвышаюць. Пра гэта вы ня кажаце ні слова. Усё замоўчваеце. Маўчаць і Беларускі Хэльсынскі камітэт, і іншыя праваабаронцы.

У якой яшчэ краіне квітнее такое рабаўніцтва, такі гвалт і прыгнёт народа? Дзе яшчэ суды абараняюць бандытаў, зладзеяў, забойцаў ды хабарнікаў-чыноўнікаў?

Упэўнены, што мой ліст вы зачытваць ня будзеце, бо ў ім — надта рэзкія словы. А дарэмна. Пустая балбатня ўлады і росквіт беззаконьня зрабілі наш народ ізгоем“, —
гэтак лічыць Павал Давыдзенка з пасёлку Парычы Сьветлагорскага раёну.

Адносна вашай, спадар Павал, заўвагі пра службу ў беларускім войску. Мы зусім не абмяркоўваем пытаньне пра тое, многа гэта ці мала — паўтара года тэрміновай службы, наколькі такая служба цяжкая і карысная ці, наадварот, лёгкая і непатрэбная. Праблема ў іншым. Чаму, нягледзячы на мноства праблемаў са здароўем, прызыўнікоў — грамадзкіх актывістаў у тэрміновым парадку забіраюць у войска, ігнаруючы высновы шматлікіх мэдычных камісіяў? Ці ня ёсьць гэта мэтанакіраваным перасьледам грамадзка актыўнай моладзі, спосабам запалохваньня самай актыўнай часткі грамадзтва? Усё гэта — якраз тыя праваабарончыя праблемы, да больш актыўнага асьвятленьня якіх вы, спадар Павал, нас і заклікаеце.

Уладзімір Зьвернік зь Менску, як і многія іншыя нашы слухачы, зьвяртаецца ў рэдакцыю з просьбай пра кнігу “Адзін дзень палітвязьня”, якая нядаўна выйшла ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. У сваім лісьце Ўладзімір піша:

“Для мяне гэта вельмі цікава, бо калісьці мне таксама давялося паспытаць, так бы мовіць, “водар” турмы на Акрэсьціна — пасьля Маршу Свабоды ў кастрычніку ‘99-га году. Дзесяткі людзей тады паказалі прыклады сапраўднай мужнасьці перад тварамі азьвярэлых амонаўцаў. Потым яны былі асуджаны на мільённыя штрафы ці на суткі адседкі. Гэта найперш Вольга Бар’ялай, Міраслаў Лазоўскі, Алесь Анціпенка, Аляксандар Шчурко, Уладзімер Чарноў, Уладзімер Слышкін, Сяргей Якімовіч ды іншыя… Мяне цікавяць імёны ня толькі так званых “знакавых” асобаў, якія заўсёды на слыху, але найперш — простых людзей, частку зь якіх я пералічыў у гэтым лісьце. Менавіта яны заслугоўваюць людзкой памяці. Тым больш што ў выніку перасьледу, пагроз, шантажу многія зь іх вымушаны былі пакінуць радзіму і шукаць прытулку на Захадзе. Вядома, зьехалі ня ўсе: нехта ж павінен застацца ў Беларусі, каб працягваць супраціў.

Але ці ёсьць у вашай кнізе прозьвішчы гэтых людзей?”
— пытаецца ў сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімір Зьвернік зь Менску.

Кнігу “Адзін дзень палітвязьня” склала 41 гутарка зь міжнародна прызнанымі беларускімі палітвязьнямі, якія ад 1996 да 2008 году разам правялі ў турмах і сьледчых ізалятарах больш за 53 гады. Так, спадар Зьвернік, гэта пераважна — вядомыя асобы, якія абвінавачваліся паводле крымінальных артыкулаў, якія былі асуджаны на шматгадовае турэмнае зьняволеньне… Гісторыі тысяч і тысяч актывістаў, якія за гэты час былі пакараныя за сваю грамадзкую дзейнасьць адміністратыўнымі арыштамі ці штрафамі, у кнігу, на жаль, трапіць не маглі. Дзеля гэтага патрэбна не адна кніга — а шматтомная гісторыя грамадзкага супраціву эпохі аўтарытарнага рэжыму,- той эпохі, якая працягваецца ў Беларусі і сёньня. Думаю, калі-небудзь гэтая гісторыя будзе дасьледавана і выдадзена.

Наш слухач Сьцяпан Зух са Смаргоні ў маладыя гады прайшоў праз сталінскі ГУЛАГ, праз катаржную працу на расейскай Поўначы, у шахтах палярнай Інты. Тое, што адбываецца ў Беларусі зараз, наводзіць яго на невясёлы роздум. Спадар Зух піша:

“Дзе я толькі ні пабываў за сваё доўгае жыцьцё — усяго пабачыў! У тайзе ўзімку мароз пад 50, глыбокія сьнягі, сьцюжа. І паўсюль — баракі з такімі ж няшчаснымі, як і я. Той жыцьцёвы досьвед на многае расплюшчыў вочы.

Цяпер у Беларусі таксама своеасаблівае правасудзьдзе. Добрых сумленных хлопцаў, якія хочуць росквіту сваёй краіне, кідаюць за краты, называюць “адмарозкамі”, а ліхаімцы-казнакрады раскашуюць на волі.

Цяпер будучыня залежыць толькі ад моладзі, на яе ўсе спадзяваньні. Дай Божа, каб у справядлівасьць вашай справы паверыла як мага большая колькасьць беларускіх людзей. Асабіста ў мяне апошнім часам не выходзяць з галавы выдатныя вершаваныя радкі нашай слаўнай Цёткі — Алаізы Пашкевічанкі:

“Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон,
На сьвет Божы шырай глянем,
Век напіша нам закон”.

Вось гэтай верай жыву і я“, —
напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” былы вязень сталінскіх лягераў Сьцяпан Зух са Смаргоні.

Гэты верш, які вы, спадар Зух, цытуеце, называецца “Вера беларуса” і быў напісаны больш як сто год таму, пад уплывам рэвалюцыі 1905 году. Надзея, вера, рэвалюцыйны энтузіязм, адчуваньне хуткай свабоды — як усё гэта знаёма і новым пакаленьням адраджэнцаў, што чакалі абуджэньня свайго народу і надыходу эпохі свабоды і дэмакратыі на пачатку 90-х гадоў. Пакуль не дачакаліся…

На заканчэньне — ліст ад Мікалая Рыбакова з пасёлку Копысь Аршанскага раёну. Слухач з даўняга часу вядзе змаганьне з чыноўнікамі за грамадзкія інтарэсы. І нярэдка выходзіць пераможцам у гэтай барацьбе. У сваім новым лісьце на “Свабоду” Мікалай піша:

“Усё больш задумваюся над тым, чаму асноўная частка нашага насельніцтва такая абыякавая — нават калі размова ідзе пра адстойваньне асабістых правоў. А вось я — чалавек цьвёрдага характару: заўсёды кажу так, як думаю. Часам даволі жорстка. І даводжу распачатую справу да канца, чаго б мне гэта ні каштавала.

Вось нядаўні прыклад. Летась у Оршы перад “Дажынкамі” пабудавалі новы аўтавакзал. Здавалася б, сучасны будынак. Але многія дробязі людзей раздражняюць. Напрыклад, у навакольлі можна ўбачыць зь дзясятак відэакамэр. Затое — ніводнага пандуса для інвалідных калясак. Яшчэ адна дэталь: на пасадачных плятформах паўсюль — мэталічныя лаўкі. Пасядзіш на такой паўгадзіны ў халоднае надвор’е — празь нейкі час запісвайся на прыём да лекара. Таму я, узяўшы білет на аўтобус, звычайна іду бавіць час на чыгуначны вакзал: там лаўкі драўляныя. А потым задумаўся: чаму гэта людзі павінны пакутаваць? Пайшоў і напісаў заяву на імя кіраўніка аўтавакзалу. Маўляў, так і так, у краіне год здароўя, а вашы лаўкі даводзяць людзей да шпіталя. Выкідаць іх, вядома, ня варта, яны немалых грошай каштуюць. Можна мадэрнізаваць: прымацаваць да кожнай па шэсьць драўляных рэек, каб чалавек сядзеў на драўніне, а не на жалезе. Сродкаў на гэта шмат ня трэба. Кажу, калі ў вас нявыкрутка, дык я сам дапамагу грашыма.

Мне адказалі: зрабіць гэта немагчыма, бо ўсё зацьверджана архітэктарам раёну. А рэйкі сапсуюць вонкавы выгляд. Ну, я зь імі паспрачаўся. Нічога з тым выглядам ня зробіцца, толькі лепш будзе. Дый урэшце, галоўнае ж, каб чалавеку лепш было. Абяцалі падумаць і прыслухацца. Асабліва ўразіў адказ супрацоўніцы, якая вяла са мной размову. Выслухаўшы ўсе мае аргумэнты, яна са мной пагадзілася і сказала: “Добжэ” (чамусьці па-польску), —
напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.

Напэўна, спадар Мікалай, гэтая супрацоўніца хацела адказаць вам па-беларуску. Аднаго разу менскі чыноўнік, пачуўшы ад мяне беларускую мову, пачаў гаварыць па-ўкраінску. Што тут скажаш, людзей вабіць беларушчына, але жыцьцёвыя абставіны замінаюць…

А пра мэталічныя лаўкі ў грамадзкіх месцах — цікавае назіраньне. Што адметна: драўніна ў Беларусі каштуе значна таньней, чым мэтал, які трэба імпартаваць. А клімат і ўвогуле не адпавядае мэталічным сядзеньням, якія пасуюць хіба для субтропікаў. І тым ня менш менавіта мэталічныя лаўкі зьяўляюцца апошнім часам паўсюль на беларускіх вакзалах, у шпіталях, ва ўстановах. Можа, якраз таму, што яны значна даражэйшыя за драўляныя і дзеля іхнага набыцьця лягчэй маніпуляваць вялікімі сумамі бюджэтных грошай? Але няўжо і санітарныя ўрачы, як і гаспадары будынкаў ды архітэктары, даюць дазвол на такую сумнеўную, так бы мовіць, “мадэрнізацыю”?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG