Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малочная вайна паказвае, што за ёй можа быць і якая-небудзь іншая”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 17 чэрвеня, сераду.


Беларуска-расейскае супрацьстаяньне ў гандлёва-эканамічных і палітычных пытаньнях — галоўная тэма абмеркаваньня слухачоў Свабоды:

Спадар: “Я хацеў выказаць сваё меркаваньне наконт адносін з Расеяй. Мне здаецца, найбольш пасуе выказваньне: “Не шукай злога намеру ў тым, што тлумачыцца дурасьцю”, ці інакш: “За базар трэба адказваць”.

Спадар: “Дзьве газавыя вайны, адна нафтавая, адна цукровая, цяпер малочная, яшчэ будзе газавая. Лукашэнка, няўжо не здасіся?”

Тацьцяна Барэль
, Асіповічы: “Малочная вайна паказвае, што можа быць і якая-небудзь іншая, а атамную станцыю зьбіраюцца будаваць нашы суседзі, якія вядуць з намі малочную вайну”.
Не шукай злога намеру ў тым, што тлумачыцца дурасьцю


Яцкевіч: “Мне падаецца, наш прэзыдэнт зрабіў няслушна, што не паехаў у Маскву. Як бы там ні было — дзе там малако, дзе масла, пры чым тут тыя ж самыя кіраўнікі і прэзыдэнты іншых краін былога саюзу ці СНД? Гэта вельмі зроблена па-хамску. Так нельга было рабіць”.

Спадар Валер, Барысаў:
“Малочная прадукцыя зь Беларусі
зайшла ў тупік на вялікай Русі,
а калі гандаль канчаецца такой кепскай справай,
тады навошта нам саюз з Расейскай дзяржавай?
Можа, наконт гандлю паслаць у Крэмль нейкую ноту,
але ўсё адно нам трэба вяртацца ў Эўропу.
Які можа быць тут сказ?
Нам трэба ісьці ў Эўразьвяз”.

Анішкевіч
, Маладэчна: “Калі мы саюзная дзяржава, то павінны быць саюзьнікамі па ўсіх пытаньнях — і эканамічных, і зьнешнепалітычных. І не адасабляць асобныя пытаньні ў якасьці тавару для гандлю. Дык хто ў Расеі правіць баль — Пуцін, Мядзьведзеў ці Анішчанка?”

На пытаньне адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Сапраўды, калі б гэта была рэальная саюзная дзяржава, дык так, як кажа слухач, і павінна было б быць. Але справа ў тым, што гэтая саюзная дзяржава не рэальная, віртуальная. І кожны з бакоў меў свае намеры атрымаць выгоды ад гэтай дзяржавы. Таму вось гэта мы назіраем, і ня толькі зараз, але даволі даўно”.

20 чэрвеня ў Менску пройдзе Кангрэс эўрапейскіх сілаў пад назвай “За эўрапейскія каштоўнасьці”. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Анатоль: “20 чэрвеня ў Менску зьбяруцца тыя, хто будзе змагацца за вольную эўрапейскую Беларусь. У праекце аб спыненьні перасьледу беларускай мовы і культуры яшчэ раз раскрываецца роля беларускай улады па зьнішчэньні беларускай мовы, беларускай літаратуры, культуры, усяго беларускага ў Беларусі. Такога этнацыду, бадай, няма ў ніводным кутку зямнога шара. У стратэгіі дзеяньняў эўрапейскіх сіл не прадугледжаныя больш рашучыя дзеяньні, а менавіта — адмова ад такой улады. Таму лічу, што ў асноўным дакумэнце кангрэсу гэтае дапаўненьне варта дадаць да названага праекту”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадарыня: “Хачу сказаць у падтрымку гэтага няшчаснага чалавека Аўтуховіча, які галадае ўжо 61 дзень. За зло сваё нечасьцівыя будуць адрынутыя, а праведныя і перад сьмерцю маюць надзею”.

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Апошнім часам усё часьцей і часьцей сярод люду беларускага чуюцца скаргі на цяжкае жыцьцё. Маўляў, ільготы скасавалі, пэнсіі ды заробкі не падвышаюць, кошты растуць на харчаваньне, а пра іншыя тавары ня толькі размаўляць, нават думаць не даводзіцца. Дзе ж нашы дэпутаты, чаму яны не абараняюць нас ад бядноты? Вось так паміж сабой цішком клянём урад і дэпутатаў, а прыйдзе час — хуценька адзін перад адным пабяжым да тых самых скрыняў, каб прагаласаваць і падтрымаць таго ж самага, каго ўчора пракліналі за льготы, за кошты. Яно нядрэнна было б, каб усё з нас скасавалі, нават пэнсіі ды заробкі, і ўвесьці для ўсіх толькі адну льготу — на бясплатны рамонт тэлевізараў і прыймачоў, каб штодзень бачыць і чуць, як нам добра жывецца. Больш нам нічога не патрэбна, мы ж беларусы, народ памяркоўны”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24 Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG