Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША будуць заахвочваць выхад Беларусі з ізаляцыі


Адміністрацыя Абамы будзе “заахвочваць рэжым у Беларусі да выхаду з ізаляцыі, а таксама да шанаваньня асноўных правоў і дэмакратычных памкненьняў беларускага народу праз правядзеньне сапраўдных палітычных ды эканамічных рэформаў”.


Пра гэта заявіў у аўторак у Вашынгтоне на слуханьнях у палаце прадстаўнікоў кангрэсу ЗША на тэму ўмацаваньня трансатлянтычнага альянсу памочнік дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан.

“Праграма нашай дапамогі ў Беларусі дапаўняе гэтыя мэты”, — падкрэсьліў Гордан.

Філіп Гордан паўтарыў тэзу свайго папярэдніка Дэніэла Фрыда, згодна зь якой Вашынгтон не прызнае адмысловай сфэры ўплыву Расеі ў Эўропе і памежных дзяржавах. Гордан, у прыватнасьці, заявіў : “ЗША не прызнаюць адмысловай сфэры ўплыву Расеі ў Эўропе, а безумоўна прызнаюць незалежнасьць ды тэрытарыяльную цэласнасьць суседніх з Расеяй дзяржаў”.

Як заявіў дарадца Гілары Клінтан, урад ЗША “рашуча падтрымлівае права Ўкраіны і Грузіі дамагацца сяброўства ў НАТО”. Тым ня менш, адзначыў Філіп Гордан, для ўступу ў Паўночнаатлянтычны альянс Грузія ды Ўкраіна “павінны рэалізаваць глыбокія рэформы”.

Галоўным пунктам дачыненьняў з Расеяй у бліжэйшай пэрспэктыве, паводле Філіпа Гордана, будзе недапушчэньне зьяўленьня ў Ірана ядзернай зброі. Ён адзначыў, што іранская ядзерная праблема знаходзіцца “на самым версе сьпісу” прынцыпова важных для адміністрацыі Абамы пытаньняў, якія яна спрабуе вырашыць разам з расейскім кіраўніцтвам.
XS
SM
MD
LG