Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Хрысьціна Лялько, Аляксандра Дынько, Міхась Тычына


Эфір 13 чэрвеня.





ВЫДПРАЦЭС

АЛЯКСАНДРА ДЫНЬКО: “ДОБРАЯ КНІГА ПАЛЯПШАЕ НАША ЖЫЦЬЦЁ”


Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Адам Глёбус, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч, Артур Клінаў – гэтых літаратараў прадстаўляць нашым слухачам няма патрэбы. Іх новыя і ранейшыя кнігі чытачы сустракаюць з нязьменным зацікаўленьнем. І ўсе яны апошнім часам выходзяць у недзяржаўным выдавецтве “Логвінаў”, якое, дарэчы, гэтымі днямі паказвала свае выданьні на міжнародным кніжным кірмашы ў Маскве. З галоўным рэдактарам выдавецтва Аляксандрай Дынько гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Аляксандра, ваша выдавецтва цяпер ледзь ня штотыдзень выпускае новую кнігу нейкага выдатнага беларускага пісьменьніка. Адкрыйце таямніцу: вы прапануеце ім у вас выдавацца, ці яны самі нясуць вам свае новыя рукапісы? І чым вы іх, калі гэта не прафэсійная таямніца, завабліваеце?”

Аляксандрай Дынько: “Тут могуць быць розныя стратэгіі: і мы самі прапаноўваем, і ёсьць кола аўтараў, з якімі мы стала працуем, і яны толькі нам аддаюць рукапісы сваіх новых кніг. Але галоўнае, што, мне здаецца, адрозьнівае наша выдавецтва і чым мы завабліваем нашых аўтараў, – гэта нашымі чытачамі. У гэтым галоўная задача любога выдавецтва – стварыць гэты колазварот ідэяў, натхненьня, гэтай камунікацыі паміж сапраўдным жыцьцём і літаратурай, якая жывіцца з гэтага жыцьця. І тое, што нашы аўтары бачаць сваіх чытачоў, і тое, што мы арганізуем такія імпрэзы, дзе яны могуць твар да твару зь імі сустракацца, і тое, што аўтары адчуваюць сваю запатрабаванасьць, адчуваюць кантакт з жывым чалавекам – гэта галоўнае, што, мне здаецца, наша выдавецтва адрозьнівае”.

Аксак: “Сёлетняй вясной ваша выдавецтва адчыніла сваю, хай і невялікую, кнігарню у Менску. І ў ёй па чацьвяргах за прылавак станавіліся вашы аўтары. Як адбілася гэта на продажах выдаваных у вас кніг беларускіх пісьменьнікаў?”

Дынько:
“Мы задумвалі гэтую акцыю як рэклямную дзеля прыцягненьня ўвагі да нашага выдавецтва і мы не чакалі, што гэта будзе нават прыбыткова. Можа быць, мы ня звыклыя да добрых навінаў і ня думалі, што людзі сапраўды будуць прыходзіць, што гэта будзе цікава для аўтараў і гэта будзе для іх новы досьвед. Таму я вельмі пазытыўна расцэньваю прэцэдэнт адкрыцьця гэтай кнігарні, ён даў добры вынік для ўсіх – і для аўтараў, і для выдавецтва, і, што самае галоўнае, для чытачоў”.

Аксак: “Ці не зьбіраецеся вы пашыраць гэты досьвед?”

Дынько:
“Зьбіраемся. Нам хочацца стварыць такое месца, якое было б сапраўдным сяброўскім месцам, куды б маглі прыходзіць і літаратары, і мастакі, і чытачы, і гледачы, і каб у гэтым месцы быў сапраўдны літаратурна-мастацкі цэнтар”.

Аксак: “А што наогул, на вашу думку, уплывае на складнікі посьпеху беларускіх кніг у беларускіх чытачоў?”

Дынько:
“Тое, што яны могуць пабачыць сябе ў гэтых кнігах. Гэта самае галоўнае. І я ўсё ж трымаюся такой думкі, вельмі правільнай, але можа быць і занадта аптымістычнай, што добрая літаратура паляпшае жыцьцё, што чалавек, чытаючы кнігу, становіцца лепшым. Таму гэта такая вельмі высакародная справа – выдаваць кнігі”.

Аксак: “Выдавецкая актыўнасьць “Логвінава” па-добраму ўражвае. Ці пасьпяваеце вы самі прачытаць усё, што выходзіць у вашым выдавецтве?”

Дынько:
“Мушу пасьпяваць, таму што гэта мой абавязак як галоўнага рэдактара, і трэба прызнаць, што я раблю гэта зь вялікім задавальненьнем. Большасьць кніг, якія выходзяць у нашым выдавецтве, мне вельмі падабаецца, і я вельмі задаволеная сваёй працай, таму што яна таксама дапамагае мне ў пэўным сэнсе рабіцца лепшай”.

Аксак: “А ці выдаяце вы тыя кніжкі, якія вам асабіста не падабаюцца?”

Дынько: “Канечне, выдаём. Усё ж мае густы не татальныя і мы якраз імкнёмся да таго, каб выдаваць як найбольш разнастайную літаратуру”.

Аксак: “Вы можаце назваць тое, што бліжэйшым часам прывабіць увагу чытачоў да вашых выданьняў?”

Дынько: “Я думаю, што самай цікавай кнігай будзе новы раман Артура Клінава “Шалом”. Гэта раман зь вельмі глыбокім філязофскім зьместам, але таксама і зь вельмі цікавым сюжэтам. Гэта раман пра мастака, які надзявае шалом і падарожнічае з Бэрліну ў Магілёў. І вось аўтар апісвае гэтае сутыкненьне двух сьветаў у адным жыцьці, у адным падарожжы, нават не сутыкненьне, а бачаньне Беларусі на фоне Эўропы. Атрымаўся вельмі цікавы мастацкі досьвед і, я думаю, гэта будзе адным з нашых посьпехаў”.

Аксак: “Назавіце, калі ласка, пяць найлепшых беларускіх кніг, якія вам пашчасьціла прачытаць апошнім часам і якія вы раіце нашым слухачам захапіць з сабою ў летні адпачынак”.

Дынько:
“Карыстаючы магчымасьцю, назаву дзьве нашы кніжкі. Першая – гэта кніга Адама Глобуса “Play.by”, якая выйшла ў красавіку. Другая – новая кніга паэзіі Ігара Бабкова “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб”. Яна карыстаецца вялікай папулярнасьцю, людзі яе ахвотна купляюць. Калі вы хочаце чытаць добрыя вершы, то гэтую кнігу абавязкова трэба мець.

Таксама хачу зьвярнуць увагу яшчэ на тры кнігі, якія мне было прыемна прачытаць. Гэта кніга Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця”, якую трэба мець у прыватнай бібліятэцы кожнаму беларусу. Вельмі цікавая кніга “Белфармат”, выдадзеная ў выдавецтве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Яна зьмяшчае крытычныя і аналітычныя артыкулы пра стан беларускай культуры. Гэта такі досыць альтэрнатыўны погляд на тое, што адбываецца ў нашай культуры. Адкрыцьцём для мяне стала таксама кніга Дзьмітра Плакса “Трыццаць тэкстаў”, якую падрыхтавала бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”. Гэта вельмі добрая паэзія і таксама вельмі варты прыклад таго, як мусіць выглядаць цяпер кніга. “Трыццаць тэкстаў” – вельмі гарманічнае спалучэньне літаратурнай формы і формы паліграфічнай. Кнігі, якія я назвала, наўрад ці апынуцца калі-небудзь на сьметніку”.



АЎТАР І ТВОР

ХРЫСЬЦІНА ЛЯЛЬКО: “ПАЭЗІЯ – ГЭТА ДЫЯЛЁГ З БОГАМ”


У менскім выдавецтве “Про-Хрысто” выйшла ў сьвет кніга паэзіі польскага паэта-ксяндза Вацлава Бурылы “Павінен быць хтосьці”. Кнігу на беларускую мову пераклала Хрысьціна Лялько, якая даўно і плённа перастварае польскамоўную тэалягічную і мастацкую літаратуру. Прэзэнтацыя дзьвюхмоўнага выданьня ўжо прайшла ў польскім горадзе Катавіцы, неўзабаве аналягічная імпрэза адбудзецца і ў Менску. З перакладчыцай, галоўнай рэдактаркай часопісу “Наша вера” сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадарыня Хрысьціна, перакладамі з польскай духоўнай паэзіі вы займаецеся даўно. У вашай кнізе “На далонях любові” больш за два дзясяткі перакладзеных вамі аўтараў – у тым ліку Ян Твардоўскі, Караль Вайтыла. Гэтым разам па-беларуску загучаў Вацлаў Бурыла. Скажыце колькі словаў пра гэтага паэта”.


Хрысьціна Лялько:
“Гэта таксама сьвятар. Так сталася, што з неабсяжнай польскай паэзіі мяне цікавіць менавіта сьвятарская. Паэты-сьвятары, на маю думку, – гэта своеасблівы фэномэн у сёньняшняй паэзіі. Сам ксёндз Вацлаў Бурыла, акрамя таго, што працуе сьвятаром, піша вершы. Гэта вельмі актыўны паэт, ён выдаў вельмі многа кніг. Кажуць, што заўсёды нас прыводзіць да нечага ці да некага выпадак. Вось праз такі выпадак прыйшоў да мяне Вацлаў Бурыла як паэт, трапілі ў рукі яго кнігі, я пачытала – і яны мяне захапілі. Захапілі тым, чым звычайна захапляе сьвятарская паэзія. Вацлаў Бурыла, як і многія паэты-сьвятары, гаворыць пра складаныя рэчы – пра тэалёгію, пра філязофію – вельмі простаю, даходліваю моваю, і гэта прываблівае. Прываблівае таксама сьвятло, якое ёсьць у гэтых вершах, сьвятло любові, якой так не хапае ў нашым сёньняшнім сьвеце”.

Скобла: “Малітва перакладчыка ад Ігара Шклярэўскага: “Ідзі на ўсьплёск, стань гнуткім, як зьмяя, плыўкім, як вада, як птушка – абапрыся на паветра!” А вы на што абапіраецеся пры перакладзе?”

Лялько: “Найперш, канешне, я абапіраюся на арыгінал. Калі арыгінал моцны, калі ён інсьпіруе, захапляе, то гэта дае захапленьне і перакладчыку. І абавязкова я малюся да Духа Сьвятога, каб ён даў натхненьне, каб даў магчымасьць зразумець арыгінал. Бо бывае так, што, перакладаючы, ты як нібы сьлізгаесься па паверхні, і ёсьць вялікая спакуса перакласьці зьнешняе, тое, што да цябе прыйшло адразу, ухапілася сэнсава, але пасьля, калі ты чытаеш верш яшчэ і яшчэ раз, ты пачынаеш адчуваць, што там ёсьць і падтэкст, ёсьць і глыбіня. Вось дайсьці да гэтай глыбіні для перакладчыка вельмі важна, і я стараюся гэта рабіць”.

Скобла: “Бог улюбёны ў чалавека па самыя вушы”, – перадаяце вы паэтычны вобраз Вацлава Бурылы. Наколькі вольна паэты-ксяндзы могуць выкарыстоўваць у сваіх вершах вобраз Бога?”

Лялько: “У вершах паэтаў-ксяндзоў я ніколі не сустракала адвольнага выкарыстаньня вобразу Бога. Іх паэзія – гэта дыялёг з Богам, іх кантакт з Богам. Я думаю, што ў Польшчы сёньня так шмат сьвятароў-паэтаў, бо ў іх заўсёды была вельмі моцная хрысьціянская традыцыя ў паэзіі. І паэты-сьвятары не выкарыстоўваюць вольна ці адвольна вобраз Бога. Яны ў гэтай традыцыі працуюць, яны зьвяртаюцца да Бога. Іх паэзія – гэта своеасаблівая малітва”.

Скобла
: “Вы рэдагуеце каталіцкі часопіс “Наша вера”. Наколькі шмат месца ў ім займаюць менавіта пераклады?”

Лялько: “Ад самага пачатку, з 1994 году, пераклады ў “Нашай веры” займаюць ці ня большую частку часопіса. З аднаго боку, гэта нашае дасягненьне, а з другога боку – гэта нашая бяда, таму што няма арыгінальнай літаратуры ні па гісторыі, ні па тэалёгіі, ні па філязофіі, па-сутнасьці, і паэзіі, і прозы духоўнай у нас ня так шмат, каб запаўняць кожны нумар. Таму, канешне, і з бяды мы зьвяртаемся да перакладаў, але дзякуючы гэтаму, па-беларуску загучалі “Кветачкі сьвятога Францішка” – у цудоўным перакладзе са старажытна-італьянскай мовы нашай выдатнай паэткі і перакладчыцы Аксаны Данільчык, а гэта бэстсэлер каталіцкай літаратуры. Мы таксама друкуем Тамаша Кэмпійскага ў перакладзе доктара Станіслава Грынкевіча. Гэта вядомы пераклад, ён быў зроблены ў 30-я гады, але ён быў забыты, і “Наша вера” вярнула яму новае жыцьцё”.

Скобла: “Нядаўна я пабываў у маленькай лясной вёсачцы Дубок на Смаргоньшчыне. Там – драўляны касьцёл у лесе, а непадалёк – язычніцкі камень, да якога да гэтай пары таксама ходзяць людзі як да сьвятыні. Наколькі сумяшчальныя хрысьціянскае і язычніцкае месцы пакланеньня?”

Лялько:
“Хрысьціяне настолькі талерантныя ў сваіх адносінах да іншых вераваньняў, што яны ня сталі зьнішчаць гэты камень, яны пакінулі яго, як памяць аб тым, што на гэтым месцы некалі была паганская сьвятыня. Нашыя продкі перажылі гэты пэрыяд – паганства. Потым прыйшло хрысьціянства – і цяпер мы маем сваю веру, веру ў адзінага Бога. Так атрымалася, што хрысьціянская сьвятыня – касьцёл – быў пабудаваны нашымі продкамі побач з гэтым каменем. Я ня думаю, што вернікі, хрысьціяне, прыносяць свае ахвяраваньні да гэтага каменя. Яны ўсяго толькі не абражаюць памяць сваіх продкаў, яны яе захоўваюць, як памяць пра сваю даўнюю пра-гісторыю. Я лічу, што гэта абсалютна натуральна.

Але я лічу ненатуральным той факт, што ў наш час, калі большасьць з нас зьяўляюцца хрысьціянамі, знаходзяцца людзі, якія пачынаюць зьвяртацца да паганства і лічыць яго панацэяй ад усіх нашых бедаў. Я была проста непрыемна ўражана і зьдзіўлена, калі нядаўна ў часопісе “Дзеяслоў” прачытала выказваньне пісьменьніцы і журналісткі Наталкі Бабінай пра тое, што калі б даўным-даўно хрысьціянства не адолела паганства, то сёньня, магчыма, пэрспэктывы чалавецтва як віду і ўвогуле ўсяго жывога на плянэце Зямля не былі б такімі змрочнымі... Калі сёньня чытаеш такія выказваньні, то гэта ня толькі зьдзіўляе, але і абурае. Мы сёньня кажам пра тое, што ў нас пачалося хрысьціянскае адраджэньне, мы пазбыліся матэрыялізму, атэізму, але, аказваецца, мы трапілі ў іншую пастку – у пастку пантэізму. Пантэізм – гэта калі мы абагаўляем стварэньне, ставім яго вышэй за Творцу. Вось гэта палохае, гэта страшна, таму што вядзе нас да вялікай бяды. Таму нас непакоіць павінна ня тое, што побач з адной сьвятыняй захавалася іншая, а тое, што ў нашай сьвядомасьці адбываецца такая падмена каштоўнасьцяў, падмена ерархіі рэчаў”.

Скобла: “Наколькі я магу меркаваць, паганства цікавіць сёньняшніх маладых людзей хутчэй з гледзішча міталёгіі, гісторыі, а не як рэлігія, якую трэба адрадзіць”.

Лялько: “А хоць бы й так. Мне проста хочацца зьвярнуць увагу паважанай Наталкі Бабінай на тую літаратуру, якая дапаможа трошачкі глянуць на хрысьціянскі сьвет шырэй і глыбей. Узяць хоць бы духоўныя вершы Сяргея Аверынцава, які вельмі шмат пісаў пра сёньняшняга чалавека, пра яго мітусьлівую душу, пра тое, як чалавек шукае менавіта тых каштоўнасьцяў, на якія сёньня можна абаперціся, каб не блукаць у цемры, каб не вяртацца ў тысячагодзьдзі назад і не шукаць там панацэі ад нашых сёньняшніх бедаў. Я таксама вельмі рэкамэндую ня толькі Наталцы Бабінай, але і многім людзям, якія захапляюцца паганствам і думаюць, што такім чынам мы вяртаемся да сваіх каранёў і адраджаем Беларусь і ўсё беларускае ў нас, пачытаць у другім нумары часопіса “Наша вера” артыкул брата Пётры Рудкоўскага “Хрысьціянства як духоўная аснова беларускага адраджэньня”. Я думаю, што гэты артыкул дапаможа ім знайсьці адказы на многія-многія пытаньні, якія ўсіх нас хвалююць”.



ВАЦЛАЎ БУРЫЛА. З КНІГІ “ПАВІНЕН БЫЦЬ ХТОСЬЦІ”


Пішу верш

Зь белым лістом размаўляю пра сваю адзіноту
Пра сьлёзы што прыходзяць без запрашэньня
Пра сяброў якія замест слоў прысылаюць цішу
Пра нязбыўнасьць юначых мараў
Пра каханьне якое зьнікла адразу пасьля зьяўленьня
Пра бессардэчных людзей якім лягчэй жывецца на сьвеце
Пра восень што рыхтуецца да зімовай сьпячкі
Пра жыцьцё якое дагарае як калядная сьвечка
А ня мае смаку сьвяточнай аплаткі
Пра музыку што лечыць раны
Пра вочы дзіцяці
Як пра найвялікшы цуд сьвету
Пра веру якая ўвесь час падказвае
Што Бог улюбёны ў чалавека па самыя вушы


З чаго нараджаюцца вершы

З чаго нараджаюцца вершы

Зь вельмі доўгага чаканьня
З адзіноты цяжэйшай за жыцьцё
З кропляў дажджу што сплываюць на золку
Па настылых люстэрках вокнаў
А найчасьцей з добрых парываў сэрца
Калі далонь сьціскаецца ў далоні
І калі ніхто нікуды не сьпяшае
Бо ўсё найважнейшае
Адбываецца ў пробліску звыклай хвіліны
Калі людзі гледзячы вочы ў вочы
Знаходзяць даўно страчаны рай

Хіба што важныя пытаньні

Які колер вачэй у ночы
Якая тэмпэратура сэрца ў сонца
Колькі вады здолее выпіць мора
Колькі аблокаў птах можа падняць на крылах
І ці зможа заляцець далей за сьмерць
Ці існуе дождж складзены зь сьлёзаў
Ці ўдасца зь цішы скласьці верш

У Табе – толькі любоў

Міска з вадою
Пурпуровы плашч
Трысьціна
Цярнёвая карона
Рымская дысцыпліна
Бэлька запырсканая крывёю
Злавесны стук малаткоў
Шатанскі зьдзеклівы сьмех
І сьмерць

Ува мне –
Толькі грэх
У Табе –
Толькі любоў

Толькі адзін

за пражытыя дзесяцігодзьдзі
я спазнаў шмат багоў

але толькі адзін зь іх
рашыўся на крыж

але толькі адзін зь іх
рашыўся на любоў

Урасьці

урасьці ў зямлю
як дрэвы

урасьці ў неба
як птушкі

урасьці ў мора
як рака

урасьці ў Бога
як Бог
урастае ў чалавека

Пераклады з польскай мовы Хрысьціны Лялько.



КРЫТЫКА

МАЛІТОЎНАЕ ТРОХПЕРСЬЦЕ


Трохперсьце: Зборнік вершаў паэтаў Берасьцейшчыны / Укладальнік Л. Галубовіч. – Менск, Літаратура і мастацтва, 2008. – 160 стар.


Чытач, азнаёміўшыся з кнігай трох паэтаў Берасьцейшчыны, мусіць, зьдзівіцца і спытае: а ці не з аднаго часу, з аднаго гістарычнага кантэксту, геапалітычнага асяродку, з аднаго сьвету яны: Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско? І сам жа адкажа сабе: так, яны, усе трое, належаць аднаму і таму ж краю, адной і той жа эпосе, адной і той жа паэтычнай сябрыне. Найбліжэйшыя – Анатоль Шушко, Васіль Сахарчук, Ніна Мацяш. Крышку наводдаль – Мікола Купрэеў, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч. І за ўсімі імі, як куратар над сваімі выхаванцамі, Уладзімер Андрэевіч Калесьнік, берасьцейскі бог, на якога яны маліліся і моляць за яго аж да сёньня, імя якога – Настаўнік.

Леанід Галубовіч, укладаючы гэтую кнігу, глыбока адчуў унутраную повязь творчасьці трох паэтаў і зрабіў сваю справу прадумана, беражліва, густоўна. З багатага літаратурнага набытку ён адабраў ня толькі вершы, якія ўвайшлі ў “залатую скарбніцу” беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя, як, напрыклад, хрэстаматыйны верш М. Рудкоўскага “Мой дзед быў сельскім кавалём”, але і вершы, якія малююць нечаканы калектыўны партрэт, здавалася, добра знаёмых нам раней паэтаў. Прасьцей кажучы, укладальнік паставіў побач вершы, якія ствараюць вобраз малітоўнага трохперсьця, далікатна і ашчадна расставіўшы невідочныя акцэнты, як робяць гэта добрыя інтэрпрэтатары-выканаўцы. І справа ня ў тым (я згодзен тут з Генадзем Праневічам, аўтарам прадмовы), што ўсе трое – нараджэнцы Берасьцейшчыны, навучаліся на філфаку мясцовага пэдінстытуту пад дбайным наглядам прафэсара У. Калесніка, а ў тым, што “ў коле блізкіх па духу людзей, цесных сяброўскіх і творчых кантактаў закладвалася і ўзьнікала адчуваньне агульнага духоўнага поля радзімы, якое затым напаўнялася шматлікімі чалавечымі сувязямі”, якое – галоўнае – “зрабіла відушчым сэрца”.

Міхася Рудкоўскага мы ведаем як паэта эпічнага складу, які ў сваіх вершах выявіў бражэньне здаровага духу Берасьцейшчыны, “дзе і сёньня ў сутоньні / чуваць мячы і ржаньне коней / ў прадоньні цёмных курганоў”. Цяпер мы зьвернем увагу на яго як “ціхага лірыка”, на вершы, дзе жыве душа мужнага чалавека, які цярпліва і ўпэўнена рабіў сваю жыцьцёвую справу: шукаў запаветнае слова, якое выяўляла таямнічы сэнс нашага зямнога існаваньня.

Перагарэўшы, перабрадзіўшы, пераадолеўшы захапленьне рамантычным бунтам і “начнымі навальніцамі”, паэт спасьціг забыты дух дараваньня і міласэрнасьці. Пасьля “грому і бліскавіц” ён аддаў належнае цішыні, у якой чутно глыбіннае дыханьне роднай зямлі: “Яна ляжыць, як парадзіха, / спустошана лагодная зямля”. Як паэтычнае абагульненьне гучаць словы: “Агонь ачах. Ноч наступае. / Ды не тужы – падварушы / Вуглі – і іскра заіграе / У глыбіні тваёй душы”. Нараджаюцца дакладныя высновы: “Ва ўсім існым ёсьць маё дыханьне”, “І узыходзяць у душы спакою словы”. Ранейшае: “Я жыў з краем родным у згодзе”, – замяняецца сучасным: “І рысы сваёй Беларусі / Даўно ўжо не пазнаю”, “Я плачу. І падаюць зь неба / Ў далоні мае жаўрукі!”

Мікола Пракаповіч, духоўны пабрацім М. Рудкоўскага, старшага ў паэтычнай сям’і, жыве ў сьвеце гераічнай беларускай даўніны, дзе ўсё побач: геапалітычны разлом, блізкасьць Эўропы, Белая Вежа, Грунвальд, Усяслаў Чарадзей, Апанас Філіповіч, Васіль Цяпінскі, крупчыцкія касіянеры... Паэт сам зьдзіўлены сваім адкрыцьцем: “Я тут ня быў з мінулага стагодзьдзя”, “У ціхім старэнькім мястэчку гандлююць часовым і вечным”, “У гулкім касьцёле каменным наскрозь прамерзлыя сцены ловяць стагодзьдзяў тугу”.

Гістарызм адчуваньня і мысьленьня вядзе да думкі, што без гэтага можна лічыць, што ты як непаўторная асоба не адбыўся і што тваё існаваньне намарна. Лірычнага героя, нашага сучасьніка, ахоплівае роспач: “душою схаладаў”, “душа ў паняверцы”, “прамёрзлыя душы”, “нашы душы трывожна маўчаць”. У пошуках душэўнай апоры ён зьвяртаецца да запаветаў продкаў, і вечныя ісьціны прарастаюць “з незабытых праведных магіл”, і адна зь іх: “Боязна сказаць на поўны голас, ды страшней паслужліва маўчаць”. Як штуршок, як азарэньне ўражвае графіці на сьцяне – вечнае: “Я кахаю Вольгу!” “Ні палітыкі, ні міліцыя, ні дворнікі не разумеюць: менавіта гэтым прызнаньнем на роднай мове яшчэ жыве Беларусь”.

Лёс паэта – у яго Слове. Паэт з роду біблейскіх лявітаў, служак Гасподніх, абраных быць ахоўнікамі Боскага Дома, запавету і каўчэгу, нагадваць сучасьнікам, што акрамя “хлеба надзённага” ёсьць “хлеб духоўны” і што ў змаганьні духу і мяча ўрэшце перамагае ўсё ж дух, духоўныя каштоўнасьці.

Алесь Каско – малодшы брат у паэтычнай сям’і, найвастрэй адчувае трагедыю нашага пераходнага і пераломнага часу. Яму ў найбольшай меры ўласьцівая міленарная сьвядомасьць, якая выяўляе вялікае супрацьстаяньне Хаосу і Космасу і іх зліцьцё ў паняцьці Хаосмасу, калі чалавек хваравіта перажывае стан нестабільнасьці свайго быцьця і шукае спосаб існаваць у несувымерным яго духоўным і фізычным магчымасьцям сьвеце. У сучаснай беларускай сытуацыі адзнакі гэтай адсутнасьці душэўнай раўнавагі, духоўнага ўзвышэньня і заняпаду, эйфарыі і паняверкі навідавоку. У вершах А. Каско іх надзвычай многа. Канцэнтрацыя іх у радках: “Здавалася б: ну, вось ён, Храм, / што збудавалі пакаленьні! / Стаў на парог – а ў храме Хам / сагнуў калені не ў маленьні”. Маецца на ўвазе і біблейскі Хам, і яго нашчадкі, нашы сучасьнікі, аб будучым прыходзе якіх столькі часу прарочылі паэты. Паэту застаецца толькі маліцца і маліць:

О лёс мой, выказацца дай,
не забяры мяне заўчасна
у далеч тую, дзе так часта
мне будзе сьніцца любы край.


Нам жа, яго сучасьнікам, застаецца спадзявацца на паэтава Слова, бо мы згодныя з яго выслоўем: “пасьля добрай кніжкі вершаў – як пасьля ліпеньскай навальніцы: дыхаецца лёгка і глыбока”. Мы можам лічыць сябе шчасьлівымі, што сярод нас, на нашых вачах жыве і працуе паэтычная сябрына, сапраўднае братэрства блізкіх нам па духу таленавітых людзей.

Міхась ТЫЧЫНА
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG