Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТОМЛЕНЫЯ ДАЖДЖОМ. Тыдзень з блогерам Сzy


«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Сzy.

МАЛОЧНАЕ ПАХМЕЛЬЛЕ-1: РЭФЛЕКСІЎНАЕ


Эмацыйная рэакцыя на беларуска-расейскі канфлікт «на глебе малака» яшчэ недзе пад вечар учорашняга дня стала паступова сьціхаць, саступаючы месца спробам аналізу сытуацыі.

tiradorrus піша «Пра скіслае малако», дзе акцэнтуе ўвагу на залежнасьці беларускай гаспадаркі ад добрых палітычных стасункаў з Расеяй і такім чынам — на кепскіх наступствах разрыву з апошняй.

З усіх бакоў пачуліся галасы: «даруем Татуколі! Абаронім сувэрэнітэт!» З боку ўчорашніх яго заўзятых праціўнікаў...

Спадарства, а ці вы рэальна гатовыя цалкам аплочваць сувэрэнітэт? Вы гатовыя плаціць цалкам за нафту й газ? Вы гатовыя аплочваць 100% ЖКГ...?

...Хочаце сысьці ў Эўропу?! Дык калі ласка, ніхто ж не трымае! Дый болей за тое, — гэта было б добра, бо, адчуўшы смак рэальнага сувэрэнітэту за рэальны кошт, беларусец 10 разоў падумаў бы, ці патрэбны ён яму і ці гатовы ён плаціць такую цану.


Камэнтатары да посту tiradorrus‘а адзінадушна выказаліся, што «яны гатовыя».

Пост эканамічнага аглядальніка sergechaly Славянскі «базар» не закранае палітычных пытаньняў і цалкам прысьвечаны гаспадарчаму аспэкту праблемы. У ім sergechaly каротка падагульніў зьмест сваіх інтэрвію беларускім ТБ-каналам. Так, на ягоную думку:

Гутарка ідзе не пра палітычны ціск, як ні дзіўна. Наадварот, што Пуцін, што Мядзьведзеў відавочна зьдзіўленыя, што канфлікт дасягнуў такой ступені напалу...

Расея, як лічыць аглядальнік, разам з тым ня рупіцца й пра «абарону айчыннага спажыўца» альбо «айчыннага вытворцы»

...Гэта не палітычная вайна, гэта камэрцыйныя інтарэсы перапрацоўнікаў малака з Расеі. Менавіта перапрацоўнікаў, не вытворцаў малака. Нагадаю, у Расеі рынак на 80% кантралюецца «вялікай тройкай» («Вімм-Білль-Данн», «Юнімілк» і «Данон»)... Рэнтабэльнасьць перапрацоўкі малака параўнальная з нафтаперапрацоўкай... літар малака даражэйшы за літар бэнзіну. Натуральна, што таньнейшае і больш якаснае малако зь Беларусі пагражала іхнім прыбыткам. Гэтаксама ж пагрозу ўяўляла і беларускае сухое малако, зь якога рабілася ільвіная частка малака для буйных гарадоў... Адсюль і зьяўленьне тэхрэглямэнту пра парашковае малако — гэта мэтад канкурэнтнай барацьбы зь перапрацоўнікамі сухога малака ў самой Расеі.

sergechaly прыгадаў таксама і «цікавасьць расейскіх перапрацоўнікаў да беларускай малочнай прамысловасьці», у прыватнасьці — пра «перамовы пра набыцьцё «Вімм-Білль-Данном» «Савушкіного продукта». ...Яшчэ адным ускосным пацьверджаньнем вэрсіі камэрцыйнай цікавасьці да «Савушкіного продукта» ёсьць зьяўленьне прэтэнзій Расеі ўжо да беларускага рыбнага імпарту (згадваўся брэсцкі «Санта-Бремор»). Пры тым вядома, што «Савушкін продукт» належыць уладальніку «Санта-Бремор». Каментары залішнія.

Такім чынам, падсумоўвае аўтар: «басманная санітарыя» Расеі замест інтарэсаў грамадзянаў адстойвае інтарэсы камэрсантаў.

МАЛОЧНАЕ ПАХМЕЛЬЛЕ-2: ТВОРЧАЕ


На глебе малочнага патрыятызму пачалі зьяўляцца і некаторыя мастацкія творы.

Юзэр michaltraceuski зрабіў замалёўку на тэму «Малочнай рэвалюцыі» ў Расеі:

— Не-не, спадарства, рэвалюцыя ў Расеі ня будзе ні памаранчавай, ні аксамітнай — да нашых братоў прыйдзе малочная рэвалюцыя.

Калі праз пару тыдняў зьнясіленыя ды абязводжаныя працоўныя людзі з усіх канцоў неабсяжнай Расеі-матухны пачнуць сьцякацца да беларускай мяжы ў спадзеве атрымаць хоць кропельку запаветнага прадукту, працягваць на руках схуднелых дзетак і маліць аб высакароднай вадкасці, кошт якой жыцьцё — злыя расейскія памежнікі-кібаргі, якія, запраграмаваныя «Роспотребнадзором», ніколі не пілі гаючага «Савушкіна продукта», будуць адганяць іх прыкладамі аўтаматаў.

Але народ — ён жа ня дурань. Ён пойдзе на Маскву і зьмяце нялюдзкі рэжым, які пакінуў пятую частку сушы бязь вільгаці. І надыдзе мір. І ўсе будуць есьці сьмятану. І дзеці будуць надзімаць плястыкавыя пакеты з-пад малака і запускаць іх у неба.

І дзіцёнак выведзе слабенькай рукой на чырвонай крамлёўскай сьцяне белай вапнай прыгожае слова «Мінсельгаспрад».


Творча-патрыятычныя трызьненьні адзначыліся і ў выяўленчым мастацтве. silverrebel апублікаваў фотажабу «Першая калёна беларускіх малакавозаў увайшла ў Маскву».



Нейкія дасьціпнікі затым перайменавалі яе ў «Прымушэньне да сыру».

ДАЖДЖЫ: «ЗА» І «СУПРАЦЬ»


Падаецца, што гэты канфлікт крыху разбавіў малаком дажджавую ваду, якая нястомна ліецца на беларускія гарады, вёскі, палі і пушчы. Інакш нам бы толькі й заставалася, што сядзець у хаце альбо на працы і пісаць пасты пра дождж, вершы пра дождж, маляваць дождж, сьпяваць пра дождж...

Цягам двух тыдняў, па словах homo-ergaster, мы назіраем... Лёндан:

Гледзячы за вакно ў апошнія пару тыдняў, усё, што я бачыў, — гэта дождж. Такое адчуваньне, што жывем у Лёндане, дзе, згодна зь іхнай прымаўкай, ёсьць 3 тыпы надвор’я (калі мне памяць ня здраджвае):

1. Калі дождж ідзе з раніцы
2. Калі дождж ідзе ўвечар
3. Калі дождж ідзе цэлы дзень

Дык вось: у нас, па-мойму, тое самае.


«Так-так, па ўсім сьвеце йдзе дождж», — далучаецца abpraller.

Часьцяком раздаюцца скаргі дзяўчат на сапсаваныя фрызуры, а letechko дык увогуле ў скрусе: Як жыць??? Лета ўсё няма і няма... А гэтая цеплыня — ПАДМАН!!! Хтосьці скраў ЛЕТА!!!! І сонейка прыгроб!!!

alex-leit лічыць, што тут, няйнакш, задзейнічаны цёмныя сілы. У пасьце «Віхрі враждебные веют над намі» ён папярэджвае: Цыклёны і франты гойсаюць над Беларусьсю як цёмныя сілы, што злосна гнятуць. Зрывае дахі, прычым у наўпроставым сэнсе, выпадае град, залівае менскія вуліцы. Вось і сёньня сыноптыкі ўвечар абяцаюць навальніцу і «вельмі моцны дождж». Так што ёсьць верагоднасьць, што ізноўку затопіць паніжэньні. Будзьце пільныя і паспрабуйце ня ўляпацца падчас вяртаньня з працы.

Але сустракаюцца і аматары дажджу. Напрыклад, kryviec заяўляе:

А мне вось такое надвор’е падабаецца. Ёсьць у ім нешта мэдытатыўнае. Ранішняя імгла з туманамі рэзануюць з душою. Сьпёка і цеплыня правакуюць на неразумныя ўчынкі».

nadzejka_estel: зусім для мяне не характэрна, але мне таксама падабаюцца гэтыя дажджы... падабаецца нават трапляць пад іх, і слухаць.

ВЯСЁЛКІ ЗА ВОКНАМІ


Ад ліўня вострага аж колка
Было, — ня ступіш басанож...
Ды раптам яркая вясёлка
Так цёпла
Ўспыхнула
Паўз Сож...


(Кастусь Кірэенка, «Вясёлка».)

Зрэшты, ня толькі адмоўнае і сумнае знаходзяць у дажджы і іншыя наведнікі інтэрнэт-прасторы. Сёньня ад самога ранку можна было знайсьці безьліч фотаздымкаў вясёлкі.

Дзеля такой вясёлкі можна й пару тыдняў дождж трываць, заявіў 9-th.



Вясёлкавымі ўражаньнямі дзяліліся яшчэ

bert-tran



tiradorrus



А таксама widow1917, my-sweet-lie ды іншыя.

ЗРАБІ САМ BY


А вось людзі, якім насамрэч аніякія дажджы ня страшныя — гэта тыя, хто ўключае фантазію ды вырабляе нешта ўласнымі рукамі. Можа, не выпадкова, а менавіта з прычыны капрызнага надвор’я суполка handmade_by сёньня квітнее фарбамі. Торбачкі, сьвяцільнікі, жывапіс — усяго не пералічыш!



Тым часам Менская фабрыка каляровага друку наладзіла конкурс дызайну вокладак для школьных сшыткаў.

Ёсьць такія мастацкія, як гэтая зь Лесуном.



smailik

З наскальным жывапісам.



julias_g

І нават сьцёбныя.



supermikla

Тым часам Ганна Кісьліцына aka annahonda пытаецца: «А вы рабілі шпакоўні?»

І дэманструе сваю знаходку:



Пабачыла на дрэве ў парку на Чырвонаармейскай... Побач на галінцы сядзеў задаволены гаспадар.

Цяпер на ўсе старыя рэчы гляджу ўважліва — ці падыходзяць яны на ролю шпакоўні?

Самае забаўнае ў ёй — надпіс.

6 in 1

Цікава, колькі іх там, унутры?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG