Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Нарманія: “Беларусы вельмі дакладна зразумелі палітыку Расеі”


Госьць “Вашай Свабоды” – экспэрт у эканамічных пытаньнях, намесьнік старшыні праўленьня Асацыяцыі маладых эканамістаў Грузіі Давід Нарманія.

Ганна Соўсь: Калі разглядаць цяперашні беларуска-расейскі малочны канфлікт з ранейшым грузінска-расейскім, калі былі прыпыненыя пастаўкі грузінскага віна і мінэральнай вады ў Расею, то ў чым вы бачыце падабенства сытуацыі і ў чым розьніцу?

Давід Нарманія: Гэта была вельмі дрэнная сытуацыя, але ў асноўным не эканамічная, а вельмі вострая палітычная сытуацыя. У 2005-2006 гадах расейскі бок парушыў двухбаковую міжнародную дамову пра свабоды гандаль і, зыходзячы з гэтага, прайгралі і Расея, і Грузія, таму што грузінскае віно для Расеі было даволі танным, а экспарт грузінскага віна быў 60 працэнтаў на расейскія рынкі. Паколькі Расея – гэта суседняя краіна, а па-другое, зыходзячы з таго пагадненьня Расея вызваляла імпарт грузінскага боку ад мыта, і таму грузінскае віно было танным на расейскім рынку. Гэта, яшчэ раз паўтару, было палітычнае, але не эканамічнае пытаньне. Але зыходзячы з эканамічнага чыньніку, прайгралі і грузінскі, і расейскі бок.

Соўсь:
Якія новыя рынкі збыту знайшла Грузія ў выніку гэтага канфлікту?

Нашы бізнэсмэны ў 2007-2008 гадах знайшлі новыя рынкі збыту – Украіну, Румынію, Баўгарыю, Італію
Нарманія:
Расейскі бок некалі заявіў, што расейскі рынак адкрыты для грузінскага віна, але гэта была проста заява, а не канкрэтныя крокі. Калі нашы бізнэсмэны зьвязваліся са сваімі расейскімі партнэрамі, то высьветлілася, што гэта нявырашанае пытаньне. З боку расейскіх афіцыйных структураў былі і ёсьць нявырашаныя пытаньні і вельмі шмат складанасьцяў. Нашы бізнэсмэны ў 2007-2008 гадах знайшлі новыя рынкі збыту – Украіну, Румынію, Баўгарыю, Італію, але расейскі рынак для Грузіі быў аграмадны. І Ўкраіна, і Баўгарыя такіх вялікіх рынкаў ня маюць. Зыходзячы з гэтага ў грузінскіх вытворцаў яшчэ засталіся некаторыя складаныя пытаньні наконт новага рынку, але праблемы ёсьць і ў Расеі. Паколькі ў Расеі цяпер, пасьля канфлікту, няма на рынку такіх танных і якасных вінаў, як былі грузінскія. У іх толькі малдаўскія віны, а там няма такога спалучэньня кошту і цаны. Цяпер ёсьць праблемы ў абодвух бакоў.

Соўсь: Вы кажаце пра якасьць. І ў грузінскім, і ў беларускім выпадку расейскі бок выкарыстоўваў такі аргумэнт, што і беларуская, і грузінская прадукцыя не адпавядае пэўным стандартам якасьці. Ці былі прэтэнзіі да якасьці грузінскай прадукцыі з боку іншых краінаў?

Нарманія: Толькі Расея так лічыла. Грузінскае віно ідзе на экспарт у Эўразьвяз, яго шмат купляюць у Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне. У іх няма праблемы з якасьцю грузінскага віна. Толькі расейскі бок, зыходзячы з палітычнага моманту, уздымаў гэтае пытаньне. У нас не было праблемаў з іншымі краінамі, толькі з Расеяй.

Соўсь:
Які галоўны ўрок вынесла Грузія з гэтага канфлікту? Як грузінскі вопыт у гэтым канфлікце магла б скарыстаць Беларусь?

Нарманія: Думаю, што выхад толькі адзін. Расея ня хоча перамоваў наконт такіх пытаньняў. Такім чынам галоўнае пытаньне – шукаць новыя рынкі. Паціху шукаць новыя рынкі і экспартаваць у іншыя краіны.

Соўсь: З прычыны малочнай вайны Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад удзелу ў саміце АДКБ, назваў падпісаныя безь Беларусі пагадненьні нелегітымнымі, гаворыцца ўжо аб увядзеньні мытнага і памежнага кантролю зь беларускага боку на расейска-беларускай мяжы. Наколькі на вашу думку, узмацняюць незалежнасьць краіны вось такія канфлікты?

Нарманія: На маю думку, беларусы вельмі дакладна зразумелі палітыку Расеі, Беларусь думае, што супрацоўніцтва з Эўразьвязам вельмі важнае на цяперашні момант. І зыходзячы з гэтага Беларусь падпісала шасьцібаковую дэклярацыю "Усходняе партнэрства" , і разам з Грузіяй, Азэрбайджанам, Армэніяй, Украінай, Армэніяй і Малдовай думаюць, што пытаньні будуць вырашацца ў цывілізаваным рэжыме разам з Эўразьвязам, а не праз супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй.

Соўсь: Вы ўжо казалі пра ўдзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”. Ці атрымала ў свой час Грузія дапамогу з Захаду, каб зьмякчыць наступствы гэтага канфлікту?

Пасьля жнівеньскай грузінска-расейскай вайны нашы партнэры, міжнародныя арганізацыі выдаткавалі нам чатыры з паловай мільярды даляраў крэдытаў і дапамогі
Нарманія:
З боку Захаду Грузіі была аказаная вельмі ўплывовая падтрымка. Пасьля жнівеньскай грузінска-расейскай вайны нашы партнэры, міжнародныя арганізацыі выдаткавалі нам чатыры з паловай мільярды даляраў крэдытаў і дапамогі. Так што была вельмі важная падтрымка з боку Захаду. З аднаго боку была Расея і з другога – маленькая Грузія. І Грузія пабачыла, што ў яе ёсьць партнэры на Захадзе, партнэры – міжнародныя ўплывовыя арганізацыі. Такім чынам падтрымка для нас вельмі важная.

Соўсь: У свой час Расея адмовілася ад малдаўскага віна, садавіны і гародніны, польскага мяса і гародніны, былі абмежаваньні на ўвоз ўкраінскага мяса, сыра, нарвэскай рыбы, амэрыканскага мяса. На вашую думку, што сама Расея губляе ў гэтых канфліктах?

Нарманія: Па-першае, Рася зрабіла дрэнны крок для свайго насельніцтва, таму што калі яна аб'явіла эмбарга на некаторыя прадукты, а цэны на расейскім рынку проста вырасьлі пасьля гэтага. Раней былі 15-20 рублёў, а некаторыя прадукты сталі каштаваць 25-30 рублёў. Інфляцыя, зыходзячы з гэтага працэсу, у Расеі ідзе, і палітычныя пытаньні нэгатыўна ўплываюць на эканоміку Расеі.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG