Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая II схаваюць у музэйных фондах


Мікалай Другі зь сям’ёй

Мікалай Другі зь сям’ёй

Бюст апошняга расейскага самадзержца Мікалая II ня будзе ўсталяваны ў Магілёве. Ён стане экспанатам гарадзкога музэйнага фонду. Зьмяніць намеры гарвыканкаму ўшанаваць імпэратара вымусілі пратэсты магілёўцаў. Чыноўнікі баяцца, што ўсталяваны бюст стане аб’ектам вандалізму.

Бюст апошняга расейскага імпэратара Магілёву вырашыла падарыць кіраўніцтва раёну Сакаліная гара Ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Афіцыйныя крыніцы называюць падарунак знакам разьвіцьця і ўмацаваньня супрацоўніцтва між сталічным расейскім раёнам і Магілёвам.

Вестка пра магчымае ўвекавечаньне памяці пра апошняга расейскага імпэратара выклікала абурэньне магілёўцаў. Афіцыйныя крыніцы адрэагавалі паведамленьнем: бюст будзе ўсталяваны ў абласным краязнаўчым музэі, каб пазьбегнуць вандалізму з-за неадназначнага стаўленьня да гэтай асобы.

«Мы не давалі ніякай згоды на прыём. Гэта зусім не да нас. Гэта ёсьць гарадзкі музэй — Музэй гісторыі гораду. Мы прымаць нічога ня будзем», — заявіў дырэктар краязнаўчага музэю Віктар Аненкаў.

У музэі гісторыі Магілёва кажуць, што ніякіх рашэньняў усталяваць бюст Мікалая II няма. Пакуль помнік у абласны цэнтар яшчэ не дастаўлены.

Дырэктар музэю Сяргей Клімаў: «Калі яго й прывязуць, то ён паступіць у нашыя фонды ў якасьці падарунка ад Масквы — ні больш, ні менш. Нідзе гэты бюст усталёўвацца ня будзе.
Ён дужа кічавы такі, там ён у эпалетах такіх, да сябе не падобны, недзе стаіць на задворках у Маскве. Яны ад яго хочуць пазбавіцца й нам перадарыць.
Ён дужа кічавы такі, там ён у эпалетах такіх, да сябе не падобны, недзе стаіць на задворках у Маскве. Яны ад яго хочуць пазбавіцца й нам перадарыць».

Магілёўскія грамадзкія дзеячы тым часам патрабуюць ад уладаў наагул адмовіцца ад расейскага падарунка. Сёньня ліст з такім патрабаваньнем у гарвыканкам накіравалі магілёўскія актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў: «Гэтым падарункам расейцы выказваюць непавагу да беларускага народу. Сёньня яны нам падаруюць бюст апошняга свайго манарха, а заўтра яны падораць сваю кніжку па гісторыі Беларусі. А наша ўлада будзе радавацца вось гэтым падарункам і адмоўчвацца».

Адмовіцца ад бюста патрабуюць і актывісты партыі БНФ. Яны свае патрабаваньні адправілі яшчэ тыдзень таму. Лідэр партыйнай рэгіянальнай арганізацыі Рыгор Кастусёў заяўляе, што магілёўцы экзамэн на годнасьць вытрымалі, улада — не.

Рыгор Кастусёў
«У гарадзкіх уладаў не хапіла мужнасьці, разумеючы нестандартнасьць такой сытуацыі, адмовіцца ад падарунка маскоўскіх уладаў. Мне давялося пагаварыць з рознымі людзьмі, і магілёўцы супраць усталяваньня бюста Мікалаю II у Магілёве, у любым яго пункце й нават у музэі».

Мікалай II зь сям’ёй жыў у Магілёве падчас Першай усясьветнай вайны. Адсюль ад жніўня 1915 да лютага 1918 году ён кіраваў дзеяньнямі сваіх войскаў. Менавіта гэтым і апраўдвала ўлада ўсталяваньне бюста расейскага самадзержца ў Магілёве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG