Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Беларусь застаецца балянсаваць паміж Расеяй і Захадам”


Эндру Ўілсан, фота <a href="http://www.ssees.ac.uk" target="_blank">ssees.ac.uk</a>

Эндру Ўілсан, фота <a href="http://www.ssees.ac.uk" target="_blank">ssees.ac.uk</a>

“Экспарт тавараў у Расею стаў для Беларусі адным з найбольш важных і надзейных гандлёвых сэктараў”, — заявіў у размове з амэрыканскім тыднёвікам "Time" Эндру Ўілсан, вядучы навуковы супрацоўнік у пытаньнях палітыкі пры Эўрапейскай радзе міжнародных дачыненьняў.

Паводле ягоных словаў, уведзеная Масквой забарона на беларускую малочную прадукцыю стане для краіны “безумоўна вельмі балючай” Так, летась Расея набыла ў Беларусі 93% мясных і малочных прадуктаў. Беларусь, у сваю чаргу, зарабіла 1 мільярд даляраў ЗША.

Паводле аналітыка, расейскі звычай забараняць увоз тавараў ад суседзяў варта разглядаць як прыкмету нязгоды з палітыкай адпаведных краін. Падобныя захады ўжываліся ў 2005 у дачыненьні да польскага мяса (у сувязі з далучэньнем Польшчы да ЭЗ), да грузінскіх вінаў (пасьля таго як Тбілісі абвінаваціў Расею ў шпіянажы).

Падобныя жэсты Расея заўсёды дэманструе ў эканамічнай спрэчцы з суседзямі.

Як сьведчыць экспэрт, эканамічныя стасункі паміж Расеяй і Беларусьсю няўхільна пагаршаюцца ад 2007 году, калі Масква ўзьняла кошты на газ і запатрабавала, каб Менск адмовіўся ад кантролю над транзытам гэтага паліва. Прыкладна 20% расейскага паліўнага экспарту ідзе празь Беларусь, і Расея хоча забраць сабе “Белтрансгаз”, апэратара газавых сетак Беларусі, які належыць дзяржаве.

Як лічаць у Менску, пасьля мінулагодняй расейскай вайны ў Грузіі Масква ціснула на Беларусь, каб тая прызнала Паўднёвую Асэтыю ды Абхазію. Замест гэтага Лукашэнка пайшоў насустрач патрабаваньням ЗША і ЭЗ, вызваліўшы з турмаў групу палітзьняволеных, уключна з Аляксандрам Казуліным.

“Лукашэнка невыпадкова вызваліў палітвязьняў падчас расейска-грузінскага канфлікту. Ён зразумеў: трэба пайсьці насустрач заходнім партнэрам, бо дружба з Расеяй — не бясплатная”.

Дагэтуль Лукашэнку ўдавалася лявіраваць паміж Расеяй і Захадам. Беларусь — адзіная краіна, якая атрымала крэдыты і ад Масквы, і ад МВФ. Расея і Беларусь — па-ранейшаму гандлёвыя партнэры. Але балянсаваць гэткім чынам доўгі час Лукашэнку будзе складана, піша TIME.

Паводле Ўілсана, такую раўнавагу Беларусь усё ж павінна захаваць і ў цяперашняй сытуацыі. “Беларусь ня можа выжыць без Расеі. Увасобіць гэта ў палітычную рэальнасьць было заўсёды цяжка. Неабходныя для выжываньня рэсурсы і гандаль ідуць з Расеі”, — лічыць экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў. Ён выказвае надзею, што неўзабаве Расея ўсё ж зноў будзе піць беларускае малако.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG