Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пік супрацьстаяньня вакол паставак малочнай прадукцыі ў Расею беларускія ўлады шукаюць партнэраў на Захадзе. Сёньня ў Менску прайшло пятае паседжаньне Беларуска-нямецкай рады эканамічнага супрацоўніцтва.


Папярэдняе паседжаньне Беларуска-нямецкай рады эканамічнага супрацоўніцтва адбылося 13 гадоў таму ў Гановэры. Цяпер працу гэтага супольнага органа вырашылі аднавіць. З гэтай нагоды ў Менск прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя на чале зь дзяржаўным сакратаром Фэдэральнага міністэрства эканомікі і тэхналёгій Бэрнтам Пфафэнбахам.

Сустаршыня Рады зь беларускага боку Сяргей Мартынаў заявіў на паседжаньні, што цяпер адносіны Беларусі і Нямеччыны выходзяць на новы ўзровень. Беларускі бок разьлічвае на актывізацыю двухбаковага гандлю і прыцягненьне новых нямецкіх інвэстыцыяў. На сёньняшнім пасяджэньні была дасягнутая дамоўленасьць аб нямецкай дапамозе беларускім вытворцам у дасягненьні стандартаў Эўразьвязу, што дало б ім магчымасьць шырэй гандляваць на эўрапейскіх рынках.

Бэрнт Пфафэнбах па выніках паседжаньня заявіў журналістам, што Эўразьвяз у цэлым і Нямеччына ў прыватнасьці будуць больш інтэнсіўна разьвіваць супрацоўніцтва зь Беларусьсю, калі Менск паскорыць працэс лібэралізацыі эканомікі і дэмакратызацыі грамадзтва.

Паводле ягоных словаў, Нямеччына разглядае сябе як злучальнае зьвяно ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам і ўважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ў краіне:

“Мы можам выявіць нашмат болей ініцыятывы, калі тут будуць паскарацца працэсы дэмакратызацыі, лібэралізацыі, разьвіцьця прадпрымальніцтва. Мы зацікаўленыя ў далейшым разьвіцьці адносін зь Беларусьсю, але гэта павінна быць падтрымана Менскам за кошт няспыннага правядзеньня працэсу рэформаў. У такім выпадку будуць усе падставы для інтэнсыфікацыі адносін”.

З Бэрнтам Пфафэнбахам сустрэўся і Аляксандар Лукашэнка, які заявіў, што Беларусь зьбіраецца разьвіваць усебаковае супрацоўніцтва зь Нямеччынай.

“Нам гэта вельмі выгадна, мы даўно супрацоўнічаем зь Нямеччынай. У нас добры гандаль, нас цікавяць новыя тэхналёгіі, якія распрацоўваюцца ў Нямеччыне. Маючы стабільную і прадказальную эканоміку, Беларусь можа быць добрым партнэрам для Нямеччыны”.

На 22 чэрвеня заплянаваны візыт у Менск эўракамісара па зьнешніх сувязях Бэніты Фэрэра-Вальднэр.

Такім чынам, ва ўмовах канфлікту з Масквой афіцыйны Менск выразна паварочваецца на Захад.

Ці можа Нямеччына і Захад у цэлым замяніць беларускай эканоміцы партнэраў з Расеі, адносіны зь якой сапсаваліся? Меркаваньне палітоляга Андрэя Фёдарава:

Андрэй Фёдараў
“У кароткачасовай пэрспэктыве — безумоўна, не. Але калі Беларусь будзе ісьці насустрач тым просьбам, патрабаваньням, умовам, якія выстаўляе Захад, то, безумоўна, зь цягам часу і інвэстыцыі, і тэхналёгіі з Захаду могуць прыйсьці. Але проста так гэта не атрымаецца, для гэтага трэба будзе выканаць пэўныя ўмовы”.

Такія ўмовы — зьвязаныя зь лібэралізацыяй эканомікі і дэмакратызацыяй грамадзтва — сёньня зноў назваў кіраўнік нямецкай дэлегацыі Бэрнт Пфафэнбах.
XS
SM
MD
LG