Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Справу 14-ці” хочуць прыкрыць?


Удзельнікам “справы 14-ці” могуць замяніць рэжым адбыцьця пакараньня. Справу распачалі адразу пасьля правядзеньня вулічных дэманстрацый пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 году.


12 чалавек пакаралі абмежаваньнем волі, дваіх аштрафавалі. Усе фігуранты справы былі прызнаныя вязьнямі сумленьня. Днямі суды зьмянілі меру адбыцьця пакараньня тром удзельнікам працэсу. Пэрспэктывы вызваленьня іншых фігурантаў справы высьвятляла Любоў Лунёва.

Участковы інспэктар, які кантралюе адбыцьцё пакараньня Міхаілам Субачам, падрыхтаваў дакумэнты ў суд з рэкамэндацыяй амніставаць прадпрымальніка. Міхаіл ня мае заўвагаў з боку міліцыі наконт парушэньня рэжыму адбыцьця пакараньня.

Гаворыць Міхаіл Субач:

Міхаіл Субач
“Я сабраў усе неабходныя дакумэнты на амністыю. Мой інспэктар сказаў, што яму таксама трэба падрыхтаваць нейкія паперкі для перадачы ў пракуратуру. Усё будзе добра.

Але ўжо месяц прайшоў, і ён мне казаў, што пакуль не пасьпявае ўсё зрабіць. Але зробіць усё цягам бліжэйшага часу”.

Міхаіл Субач быў у першай дзясятцы тых фігурантаў “справы 14-ці”, каго суд прызнаў вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца падчас студзеньскіх выступаў прадпрымальнікаў. Разам зь Міхаілам у судовай залі былі Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Тацяна Цішкевіч, Алесь Чарнышоў, Міхась Крываў, Аляксей Бондар і Алесь Стральцоў.

Арцёма Дубскага, Максіма Дашука, Паўла Вінаградава і Аляксандра Баразенку судзілі пазьней. 12 чалавек пакаралі абмежаваньнем волі на тэрмін ад паўтара да двух гадоў, а Антона Койпіша і Ўладзімера Сяргеева аштрафавалі.

Удзельнікі працэсу зьвярталіся ў вышэйшыя інстанцыі з патрабаваньнем апраўдаць іх і прызнаць справу незаконнай. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі фігурантаў справы вязьнямі сумленьня. Сёлета ад пачатку чэрвеня інспэктары пачалі падаваць дакумэнты ў раённыя пракуратуры з рэкамэндацыямі зьмякчэньня ўмоваў адбыцьця пакараньня.

Першым амніставалі актывіста АГП Міхаіла Пашкевіча. 15 чэрвеня, калі судзілі непаўналетняга Максіма Дашука за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня, Алеся Стральцова і Алеся Чарнышова перавялі на папраўчыя працы.

Алесь Стральцоў так пракамэнтаваў судовае рашэньне:

Алесь Стральцоў
“Я вельмі ўхваляю, што Максім Дашук нязначна пацярпеў у выніку прысуду. Станоўча, што яго не накіравалі адбываць пакараньне ў “зону”. Што ж тычыцца нас, то паляпшэньне нашага рэжыму ня надта значнае. Застаецца немагчымасьць выезду за мяжу. Будуць вылічваць з заробку. Лічу, што трэба было б узьняць пытаньне аб нашай канчатковай амністыі”.

Павал Вінаградаў, якога пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі, таксама ня мае заўвагаў з боку міліцыі. Ягоныя дакумэнты перадалі днямі ў пракуратуру, і ён чакае выкліку ў суд.

Павал Вінаградаў
“Мне ў крымінальна-папраўчай інспэкцыі сказалі, што мае дакумэнты накіравалі ў пракуратуру і там будуць разглядаць пытаньне наконт маёй амністыі. Яны запэўнілі, што мяне амністуюць”.

У горшай сытуацыі апынулася Тацяна Цішкевіч. Дзяўчына зьехала вучыцца ў Польшчу і цяпер ня можа наведаць сваякоў і сяброў дома. Яе могуць арыштаваць на беларускай мяжы.

13 лютага ў такую ж сытуацыю трапіў Арцём Дубскі. Крымінальную справу за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня перадалі ў Асіповіцкі суд. Днямі будзе прызначана дата судовага паседжаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG