Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра такую магчымасьць абвясьцілі сёньня ў сваёй супольнай заяве беларускія палітыкі Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Казулін, Андрэй Саньнікаў і Станіслаў Шушкевіч. Да іх далучыўся і Мікалай Статкевіч. З гэтай нагоды яны правялі сёньня ў Менску сваю прэсавую канфэрэнцыю.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адзначыў: заяву невыпадкова прымеркавалі да Дня салідарнасьці з палітрэпрэсаванымі:

Лявон Баршчэўскі
“Адсутнасьць канкрэтных і апэратыўных крокаў з боку беларускіх уладаў у зьмене сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі будзе надалей сьведчыць пра недэмакратычны, нелегітымны і рэпрэсіўны характар існуючага ў краіне рэжыму. І мы не пакінем сваіх намаганьняў, каб дамагацца зьмены такой улады канстытуцыйным чынам. Мы перакананы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ніколі ня зробіцца гарантам незалежнасьці нашай краіны і дэмакратычных ператварэньняў у ёй. Толькі свабодныя, праведзеныя пад паўнавартасным грамадзкім кантролем выбары прэзыдэнта краіны могуць даць пачатак працэсу выхаду нашага грамадзтва з усёабдымнага крызісу”.

Каардынатар кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Андрэй Саньнікаў падкрэсьліў: сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі робіцца яшчэ больш актуальнай на тле маскоўска-менскага канфлікту. І патлумачыў, чаму гэта так важна менавіта сёньня:

Андрэй Саньнікаў
“Ёсьць спробы прадставіць гэты канфлікт у такім сьвятле, што адбываецца паварот Лукашэнкі на Захад. І мы ўжо чуем камэнтары з Захаду такога кшталту — маўляў, наша сяброўства, наш дыялёг з Лукашэнкам даюць пэўны плён. Але ж 62-гі дзень галадуе Мікалай Аўтуховіч. Гэта вельмі небясьпечна для ягонага жыцьця. І зараз, калі пад гэты беларуска-расейскі канфлікт пачнуць замоўчваць гэтую ды іншыя справы, пра якія гаворыцца ў нашай заяве, гэта будзе трагедыяй для Беларусі”.

Дарэчы, у заяве, акрамя Мікалая Аўтуховіча, згадваюцца Ўладзімер Асіпенка, Юры Лявонаў, Юры Захаранка, Віктар Ганчар, “працэс 14-ці”, Максім Дашук, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Аляксандар Казулін.

Былы палітычны вязень, адзін з арганізатараў Кангрэсу эўрапейскага выбару Мікола Статкевіч сказаў:

Мікола Статкевіч
“Мы на гэтым кангрэсе разглядаем і стратэгію дэмакратызацыі Беларусі. Яна палягае на такім пастуляце — самі ўлады ні пад якім уплывам (Расеі, Захаду, эканамічных цяжкасьцяў) не дэмакратызуюцца. І таму функцыя прывядзеньня краіны да дэмакратыі павінна быць узятая на сябе дэмсіламі”.

На тле такіх заяў у журналістаў узьнікла галоўнае пытаньне: ці здольныя нарэшце ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі аб’яднацца? Лявон Баршчэўскі адказаў на гэтае пытаньне так:

“Я думаю, што тыя, хто стаіць на маральнай пазыцыі, на пазыцыі эўрарэалізму, ужо аб’ядналіся. У сытуацыі з новымі прэзыдэнцкімі выбарамі ня будзе паўтарэньня 2006 году. Тое, што ўладам, найперш з-за правалу сваёй эканамічнай палітыкі, ня ўдасца забясьпечыць уяўнасьць стабільнасьці ў краіне, уяўнасьць росту даходаў людзей, упэўненасьці ў заўтрашнім дні, гэта відавочна. А гэта сьведчыць, што дэмсілам сапраўды трэба аб’яднацца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG