Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кожны бок будзе заяўляць, што ён перамог”


Мікалай Пятроў

Мікалай Пятроў

Крызыс у беларуска-расейскіх адносінах мы папрасілі пракамэнтаваць расейскага палітоляга, экспэрта Маскоўскага цэнтру Карнэгі Мікалая Пятрова.

Пятроў: Мне здаецца, што часткова віной - эканамічны крызiс, які вымушае Лукашэнку ісьці ва-банк і ісьці далей, чым гэта было ў папярэдніх вітках эскаляцыі. Але беларуска-расейскія адносіны наагул выглядаюць як арэлі - то ўверх, то ўніз. Сувязі паміж нашымі краінамі і эканомікамі дастаткова моцныя, залежнасьць Лукашэнкі ад падтрымкі звонку вялікая, а вось гэтая падтрымка можа быць атрыманая з розных крыніцаў. Спосаб дамагчыся вялікай падтрымкі з боку Расеі - гэта пагроза, што Беларусь выйдзе зь ліку стратэгічных саюзьнікаў і будзе гуляць ня ў зьвязцы з Расеяй. Каб падтрымліваць сытуацыю няпэўнасьці, балянсаваньня і такім чынам атрымліваць сур'ёзныя сродкі, Лукашэнка і ўжывае такія моцныя сродкі.

Дракахруст: Ці зьвязаны крызіс са ўступленьнем Беларусі ва "Ўсходняе партнэрства"?

Пятроў: Уступленьне ў Партнэрства - таксама элемэнт гэтага балянсаваньня, пагрозы для Крамля, якая даволі востра ўспрымаецца. Пакуль размова не ідзе пра нейкія эканамічныя выйгрышы і тым больш пра кампэнсацыю з боку ЭЗ пры павароце туды Беларусі тых выгад, якія пакуль Лукашэнка атрымлівае ад саюзьніцкіх стасункаў з Масквой, але для Масквы гэта дастаткова балючая рэч. І адсюль, дарэчы, даволі прымірэнчыя заявы, якія прагучалі сёньня з Масквы. Мы бачым палітычны гандаль, раней ці пазьней Беларусь паўторыць шлях Украіны, але гэта, відаць, будзе ужо не пры Лукашэнку. А Лукашэнка пры ўсіх сваіх экстравагантнасьцях і нязручнасьці для Масквы зьяўляецца, так выглядае, найлепшай магчымасьцю для Крамля, паколькі любы іншы, наступны беларускі лідэр будзе значна менш абмежаваны ў стасунках з Захадам, і яго паварот у бок ЭЗ будзе больш простым і лягічным, чым гэта можа дазволіць сабе Лукашэнка.

Пры відавочна непрыязных стасунках паміж Лукашэнкам і Пуціным мы настолькі блізкія і шчыльна зьвязаныя паміж сабой, мы змушаныя на супрацоўніцтва ў нейкім фармаце.

Дракахруст: Чым, на Ваш погляд, скончыцца гэты канфлікт?

Пятроў: Скандальныя фазы ўва ўзаемаадносінах дазваляюць экспэртам гадаць, хто выйграў і хто прайграў. Але сэнс дамоўленасьцяў часта аказваецца непублічным, і часам цяжка ацаніць, хто што выйграў і што прайграў. Мне здаецца, што ў рэшце рэшт бакі разыйдуцца, кожны бок небеспадстаўна будзе сьцвяржаць, што ён перамог. Мне здаецца, што вопыт Лукашэнкі, вопыт у тым ліку і як публічнага палітыка, значна большы, і ў беларускага грамадзтва будзе ўражаньне, што Лукашэнка не дазволіў расейцам за бесцань нешта атрымаць і даў навуку Крамлю.
XS
SM
MD
LG