Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароль: Расея хацела б ператварыць Беларусь у васала


Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

Менскі палітоляг Аляксей Кароль пракамэнтаваў “Свабодзе” разьвіцьцё супрацьстаяньня паміж Масквой і Менскам пасьля байкоту Аляксандрам Лукашэнкам саміту АДКБ.

Афіцыйны Менск, які байкаватаў учарашні саміт АДКБ, настойвае, што вынікі саміту нелегітымныя, у тым ліку дамова аб стварэньні Калектыўных сіл хуткага рэагаваньня. Наколькі істотная гэтая спрэчка, на вашую думку?

— З палітычнага пункту гледжаньня легітымнасьць тут няважная. На ўсходнім нашым вэктары заўсёды галоўную ролю граў фактар сілы. Пакуль што сіла на баку Расеі. Але рэжым Лукашэнкі гэтым разам прадэманстраваў ужо не шантаж, а гатоўнасьць пайсьці на больш сур’ёзнае абвастрэньне, таму што займеў нейкую магчымасьць лявіраваньня на Захад.

— Чым яшчэ, на вашую думку, абгрунтаваныя рэзкія крокі Лукашэнкі, бо на Захадзе ён дагэтуль непажаданая пэрсона?

— Тут адбіўся як характар аўтарытарнай улады, якая імкнецца быць самастойнай і вырашаць усё сама, так і характар Лукашэнкі. Лукашэнка не захацеў стаць у позу васала Расеі. Такі лёс яму недаспадобы. Таму ён імкнецца захаваць самастойнасьць, якая палягае ў ідэі незалежнасьці Беларусі. Тое, чаго ён выракаўся дзеля захаваньня ўлады ў сваіх руках, адбылося. З
Лукашэнка з інтэгратара ператварыўся ў незалежніка.
інтэгратара ён ператварыўся ў незалежніка.

— Які плён будзе мець антырасейская кампанія ў афіцыйных беларускіх СМІ? Ці дапаможа яна змабілізаваць вакол Лукашэнкі насельніцтва?

— Пэўная частка насельніцтва мабілізуецца, але думаю, што паглыбіцца і лінія расколу ў грамадзтве. У любым выпадку гэтыя знакі газавай вайны, малочнай вайны і канфлікт вакол АДКБ сьведчаць пра тое, што нармальна вырашыць праблему з Усходам і Захадам магчыма толькі ў дэмакратычных рамках. У аўтарытарных рамках будзе паўзучая і хваравітая трансфармацыя.

— Наколькі далёка Крэмль можа пайсьці ў сваім ціску на Беларусь? Вось нейкі крамлёўскі чыноўнік у інтэрвію газэце „Коммерсант’“ заявіў пра тое, што, відаць, Лукашэнку надакучыла быць прэзыдэнтам Беларусі…

— З гэтай сэрыі канфліктаў вырастае якраз першая інтрыга на прэзыдэнцкіх выбарах. Да гэтага часу толькі Расея называла выбары ў Беларусі легітымнымі. На гэты раз, калі Крамлю ня ўдасца паставіць Лукашэнку „да нагі“, можа быць іншая пазыцыя і спроба зрабіць стаўку на нейкую фігуру, якая будзе больш ляяльная да Масквы і пойдзе на ўсе ўмовы, і па Абхазіі, і па іншых спрэчных цяпер пытаньнях. Але я не выключаю і іншы варыянт, калі бакі дамовяцца і зноў будзе крэн у бок Расеі.

— А якімі вы бачыце мэты Расеі ў гэтым канфлікце?

На гэтым фоне становіцца зразумелым, што ідэя „Ўсходняга партнэрства“ Эўразьвязу была абсалютна своечасовай.
— Яны хацелі б ператварыць Беларусь у стан поўнага васала, зыходзячы з імпэрскай пазыцыі аўтарытарнага расейскага рэжыму. Наконт уключэньня Беларусі ў склад Расеі — я мяркую, што гэтай думкі на расейскім палітычным Алімпе пакуль што прытрымліваецца меншасьць. У цэлым у гэтай сытуацыі ёсьць адзін істотны пазытыў — гэта ідэя незалежнасьці, умацаваньня сувэрэнітэту Беларусі. Але найлепш гэтая ідэя ажыцьцяўляецца ў рамках дэмакратычнага грамадзтва. І на гэтым фоне становіцца зразумелым, што ідэя „Ўсходняга партнэрства“ Эўразьвязу была абсалютна своечасовай.

— Што ў гэтым канфлікце, на вашую думку, мае рабіць беларуская апазыцыя?

— Апазыцыя павінна патрабаваць дэмакратычных рэформаў і збліжэньня з Захадам, прапануючы добрыя адносіны і расейскаму боку. У сам канфлікт апазыцыі ня варта ўмешвацца, бо любое супрацоўніцтва тут не на карысьць незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG