Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь рыхтуецца ўвесьці “элемэнты памежнага і мытнага кантролю” на мяжы з Расеяй. Афіцыйныя асобы ў Менску тлумачаць гэты крок “рэаліямі сёньняшняга дня”. Да чаго могуць прывесьці такія захады?.


У Менску ўжо створаная спэцыяльная група. Яна вывучае “пытаньне адэкватнага варыянту памежнага і мытнага кантролю на мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй”. Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў кіраўнік прэсавай службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка:

“Створана працоўная група, якая якраз і займаецца прапрацоўкай гэтага пытаньня на даручэньне кіраўніка дзяржавы. Той рэжым, які існаваў дагэтуль на мяжы, пакуль застаецца, паколькі размова ішла толькі пра прапрацоўку пытаньня. Вядзецца пэўная праца. А кампэтэнтныя органы, якія завязаныя на гэтую сыстэму, выпрацоўваюць свае прапановы”.

Цікаўлюся ў Аляксандра Цішчанкі, калі можна чакаць адпаведных дзеяньняў беларускага боку:

“Усё будзе залежаць ад таго, якія прапановы будуць падрыхтаваныя”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі заўважае: гэты канфлікт можа перайсьці звычайныя межы беларуска-расейскіх спрэчак:

Раман Якаўлеўскі
“Звычайныя бойкі, зь якімі мы ўжо звыкліся і якія любілі называць “спрэчкамі гаспадарчых суб'ектаў”, а гэтым разам ужо зрабілася надзвычайная. На мой погляд, можа ўзьнікнуць пытаньне і пра адмову ад правядзеньня супольных расейска-беларускіх вайсковых манэўраў. Яны заплянаваныя на восень. Але я не выключаю, што на тле такой цяжкой атмасфэры беларуска-расейскіх дачыненьняў Лукашэнка можа ад іх адмовіцца”.

Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, цьвердзіць, што мяжа з Расеяй ніколі не была, так бы мовіць, паўнавартаснай, як, напрыклад, з Польшчай ці Літвой:

Мечаслаў Грыб
“Але ўжо стварылі часовыя месцы пропуску транспарту, людзей. Як першы крок. І пачаліся нейкія праверкі. А потым, калі надумаліся ствараць так званую саюзную дзяржаву, падпісалі Дэклярацыю, то вырашылі, што мяжы ня трэба. І паехалі Лукашэнка з Чарнамырдзіным (тагачасным расейскім прэм'ерам) у Лёзна. І там яны публічна выкапалі памежныя слупкі. І мытня атрымалася такая: як быццам яна ёсьць, і як быццам яе няма. Так шарахаліся з аднаго боку ў другі. Пераважна Расея выстаўляла свой кантроль, часам і Беларусь. Тут жа недалёка мяжа з Захадам, і ёсьць шмат спакусаў на лёгкія заробкі. І таму ўсё гэта хісталася: туды-сюды, туды-сюды”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG