Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дні абмежаваньня волі


Максім Дашук

Максім Дашук

Сёньня суд Маскоўскага раёну Менску пакараў непаўналетняга Максіма Дашука за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня. Моладзевага актывіста асудзілі да аднаго году і трох месяцаў пазбаўленьня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Гэта на 2 дні болей, чым тое пакараньне, умовы якога Максім парушыў.


У суд Маскоўскага раёну Менску прыйшлі прадстаўнікі АБСЭ, праваабаронцы і паплечнікі Максіма Дашука з кампаніі “Эўрапейская Беларусь”.

Ахоўнікі суду нэрвова рэагавалі на фотакамэры і не дазвалялі рабіць здымкі ня толькі ў судовай залі (нават калі не было судовага паседжаньня), але й ва ўсім будынку суду. Тым часам яны ўсяляк спрыялі групе БТ, якая бесьперашкодна здымала сам працэс.

Максіма Дашука абвінавацілі ў парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня. Нагадаю: летась 27 траўня яго пакаралі абмежаваньнем волі на паўтара года ў “справе 14-ці”. Максім быў адзіны непаўналетні ўдзельнік працэсу.

За месяц да суду ў сям’і памёр бацька, і Максім пачаў дапамагаць сваёй маці на працы. Участковы некалькі разоў не засьпеў хлопца дома. Ягоныя рапарты і сталі падставай для крымінальнай справы.

Разам з мамай у чаканьні выраку
Гаворыць маці Максіма Людміла Дашук:

“Я не лічу яго злачынцам, бо ён вымушаны быў мне дапамагаць. Бацька памёр, і ён стаў старэйшым мужчынам. Трэба было насіць мэблю, падымаць мяхі з грузам. Я займаюся грузаперавозкамі, і часам патрабуюцца разгрузачныя і пагрузачныя працы.

Гэта несправядліва. Калі ён дапамагаў сваёй маці, то парушаў закон? Але інакш мы не маглі б выжыць. Трэба ўтрымліваць сям’ю. У Максіма малодшы брат — 10 гадоў. Мы арандуем кватэру... Даволі цяжкае фінансавае становішча”.

Людміла Дашук абураная паводзінамі інспэктара з аддзелу ў справах непаўналетніх сп.Канецкага. Яна казала, што ён груба сябе паводзіў, абражаў яе і дзяцей.

З малодшым братам
Маленькі брат Максіма Ўладзя Дашук распавёў пра візыты міліцыянта.

“Лаяўся на маму, што яна нас кепска выхоўвае. Мне гэта было непрыемна чуць. Лаяўся на Максіма. Казаў на яго “калхозьнік”. Пагражаў яму. Я раней такіх міліцыянтаў ня бачыў. Я не чакаў, што міліцыянты так сябе паводзяць”.

Максім Дашук дадаў:

“Ён паводзіў сябе, як гаспадар у нас дома. Самае абуральнае, што ён абражаў ня толькі мяне, але й маму. Казаў, як мне трэба перад ім сядзець, як трэба на яго глядзець”...

Максім Дашук паведаміў, што ў яго не было іншага выйсьця. Ён ня мог а 6 вечара заўсёды быць дома, бо затрымліваўся з маці на працы.

“Усе парушэньні, у якіх мяне абвінавацілі, былі зьвязаныя з дапамогай маёй маме з-за сытуацыі ў сям’і. Гэта зьвязана са сьмерцю бацькі. Мне давялося, як адзінаму мужчыну ў сям’і, працаваць. Я падаў заяву, каб мне дазволілі здаць экстэрнам экзамэны на атэстат. Але з-за прызначаных датаў судовых паседжаньняў не пасьпеў здаць усё. Цяпер давядзецца страціць яшчэ адзін год”.

Пасьля суду
Максіму Дашуку, які пачаў адбываць пакараньне каля трох месяцаў таму, заставалася адбыць адзін год, два месяцы і 28 дзён пакараньня. Паводле новага прысуду ў сукупнасьці ён будзе адбываць пакараньне год і тры месяцы. Гэта літаральна на пару дзён больш за ранейшы тэрмін.
XS
SM
MD
LG