Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 000 крокаў па дарозе прэзыдэнта


Сяржук Серабро

Сяржук Серабро

Грамадзкі рэдактар тыдня – Сяржук Серабро. Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Вёсцы Баяры Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і вясковага настаўніка. Журналісцкую працу пачаў у 1995 г. у газеце “Выбар”, якую рэдагаваў вядомы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда. З 1999 года — кіраўнік выдавецкіх праграмаў ГА “Цэнтр моладзевых ініцыятываў “Контур”, а ў 2001 годзе стаў галоўным рэдактарам заснаванай “Контурам” абласной газеты “Віцебская трыбуна”. Нажаль у 2004 годзе газету пазбавілі ліцэнзіі. У якасці фотажурналіста супрацоўнічаў з газетай “Віцебскі кур’ер”. У 2006 годзе стварыў уласную інтэрнэт-газету “Народныя навіны Віцебска”, якую на сённяшні момант штодня наведваюць каля 600 чалавек. Вядзе блог у Жывым Журнале.


10 кіламетраў аддзяляюць Віцебск ад Лужасна, дзе беларускі прэзідэнт падчас “Славянскага базара” збіраецца ўрачыста адчыняць новы спартовы комплекс. Зараз тут не прапхнуцца ад дарожнай і будаўнічай тэхнікі — новая гарадская і абласная ўлада рыхтуецца “дастойна” сустрэць кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнцкі картэж адолее гэты шлях хвілін за пяць, пешаходу спатрэбіцца паўтары гадзіны і 15 000 крокаў, але і ўбачыць ён нашмат болей, чым можна ўбачыць з вакна браніраванага лімузіна на хуткасці 100 км/г.


Вуліца Ленінаградская, з якой пачынаецца наша вандроўка, самая доўгая ў горадзе — 6 кіламетраў і больш за 230 дамоў. Самая доўгая і самая занядбаная. Тубыльцы ўжо забыліся, колькі гадоў таму тут рабілі хаця б касметычны рамонт. І вось ногі радуе раўнюткі новы асфальт, а вочы — свежаатынкаваныя і пафарбаваныя дамы. Вось яна — квітнеючая Беларусь з БелТАўскіх плакатаў. Аднак варта зайсці ў двор такой пафарбаванай казённай фарбай хаткі, як мы з расчараваннем убачым, што фарбы хапіла толькі на той бок, які можа ўбачыць прэзідэнцкае вока. А за пацёмкінскім фасадам — стары плот і аблезлая шалёўка.




Плот... Плот будзе суправаджаць нас усю вандроўку. Скончацца нават новыя асфальтавыя ходнікі, а плот будзе цягнуцца. Жалезабетонны ці са свежага штыкетніка бясконцы плот, ён будзе ўзнікаць у самых нечаканых месцах. Вось прамая лінія плота паміж двума пуцеправодамі, насупраць “Лукойлаўскай” аўтазапраўкі, пачынаецца і заканчваецца пустатой, нічога не агароджвае і пакідае вандроўніка ў задуменні — навошта? А ўсё проста, трэба толькі зайсці за плот, і адразу стануць бачныя далёка не жывапісныя парэшткі нейкіх будынкаў. Калі меркаваць па частках даільных апаратаў, якія валяюцца тут і там, гэтыя руіны калісьці былі малочна-таварнай фермай. Ці прыемна б было бачыць такое прэзідэнту, асабліва сёння? Вось і ратуе ўсюдыісны плот дзяржаўныя нервы, крэслы і тое, чым на гэтых крэслах сядзяць.




Бліжэй да Лужасна краявіды робяцца больш разнастайнымі. То з’явіцца сажалка, выкапаная сярод тарфянога балота, а то — дэкаратыўная студня са зрубам такой вышыні, што набраць з яе вады змог бы хіба што Арвідас Сабоніс. Тут, відавочна, падрад на добраўпарадкаванне гасцінца атрымала нейкая брыгада нэапаганцаў, бо часта сустракаюцца іх культавыя пабудовы — капцы, абкладзеныя фарбаванымі камянямі. Часам камяні складаюцца ў фігуры, і калі бачыш гэтых мегалітычных жабянят, кракадзілаў і чабурашак, то разумееш, што Галандыі ёсць чаму павучыцца ў Беларусі ў выкарыстанні цяжкіх псіхадэлікаў пры распрацоўцы малых архітэктурных формаў.



Старонні назіральнік можа здзівіцца, гледзячы на шырокі фронт рамонтна-дэкаратыўных працаў — адкуль у Віцебскім бюджэце грошы на ўсё гэта хараство ў наш крызісны час? Адказ просты: грошаў у бюджэце, зразумела, няма, а працы вядуцца практычна задарма. Проста падрадчыкам сказалі — трэба, мальцы, зрабіць, а расплацімся пазней... калі-небудзь. А ў дапамогу вось вам педагогі — ад кожнай установы адукацыі па тры, няхай мятлой махаюць ці рыдлёўкай зямлю кідаюць, так карысці ад іх болей будзе.


Канечны пункт прэзідэнцкага маршрута — Лужасна — сустракае падарожніка цалкам па-еўрапейску — біяпрыбіральняй. Але ж і тут бачны клопат улады пра народ: каб пластыкавая будка не выклікала культурны шок у сярэднестатыстычнага беларуса, яна абнесена плятнём з лазы і алешніка. Спадзяюся, прэзідэнт застанецца задаволены, калі справіць малую, а то і вялікую патрэбу пад шэлест родных асін.

XS
SM
MD
LG