Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікабрытанія падтрымае “незваротны працэс” інтэграцыі Беларусі


Найджэл Гулд-Дэвіс

Найджэл Гулд-Дэвіс

Вялікабрытанія падтрымае Беларусь на шляху інтэграцыі ў Эўразьвяз у якасьці ўдзельніка праграмы “Ўсходняе партнэрства”.


Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў амбасадар Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс.

Спадар Найджэл Гулд-Дэвіс згадаў “значнае паляпшэньне стасункаў Беларусі з ЭЗ, якое стала магчымым дзякуючы ўдзелу Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”. “Мы бачым новую дынаміку і маем намер падтрымаць Беларусь, каб гэтыя працэсы сталі незваротнымі”, — сказаў амбасадар.

Ад 1 студзеня 2010 году брытанская амбасада будзе прадстаўляць ЭЗ у Беларусі ад імя Іспаніі.

Амбасадар назваў важным прарывам у стасунках Беларусі і ЭЗ шэраг дэмакратычных паляпшэньняў у галіне правоў і свабодаў у Беларусі. Найперш ён адзначыў вызваленьне апошніх палітвязьняў, рэгістрацыю няўрадавых арганізацый, вырашэньне пытаньняў з распаўсюдам дзьвюх апазыцыйных газэтаў.

“Мы спадзяемся, што гэтыя крокі будуць пасьлядоўнымі”, — сказаў амбасадар.

Таксама ён адзначыў, што Вялікабрытанія гатовая да разьвіцьця гандлёвых стасункаў зь Беларусьсю.

“Умацаваньне стасункаў Беларусі і ЭЗ дазволіць Беларусі супрацоўнічаць з МВФ. Мы лічым вельмі важным аб'яднацца на фоне глябальнага крызісу”, — сказаў амбасадар.

Таксама падчас прэсавай канфэрэнцыі Найджэл Гулд-Дэвіс заявіў, што амбасада разгледзіць пытаньне пра візавую падтрымку беларускіх футбольных заўзятараў, якія паедуць на матч Беларусь — Англія ўвосень 2009 году. Ён выказаў пажаданьне, каб як мага больш беларускіх заўзятараў змаглі наведаць Вялікабрытанію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG