Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Органы аховы правапарадку Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі вітаюць дзеяньні беларускіх калегаў, якія затрымалі ў Менску крымінальнага злачынцу Дырка Прынсло.


Як падаюць паўднёваафрыканскія мэдыі, 40-гадовы Прынсло ў сябе на радзіме абвінавачваўся ў згвалтаваньнях і іншых злачынствах сэксуальнага характару, у тым ліку над непаўналетнімі. Яго крымінальную справу нават перадалі ў суд, аднак у траўні 2006 г. Прынсло ўдалося ўцячы з краіны. У міжнародным вышуку ён знаходзіўся тры гады.

Як заявілі ўчора ў паліцыі Прэторыі, “тое, што злачынцу затрымалі ў Беларусі, стала для ўсіх вялікай неспадзяванкай, аднак беларускія калегі зрабілі сваю працу выдатна. Пакуль Прынсло недзе за кратамі, гэта для нас добра”.

Тым часам, паводле беларускіх праваахоўных органаў, паўднёваафрыканскі грамадзянін, якога затрымалі ў Менску ўвечары 12 чэрвеня, пачаў даваць першыя паказаньні.

10 чэрвеня разам зь яшчэ двума налётчыкамі ў чорным ён увайшоў у будынак аднаго з банкаў у Баранавічах і, пагражаючы зброяй, запатрабаваў у касіраў грошы. Рабаўнік зьбіў дзьвюх жанчын, аднак мусіў уцякаць, бо адной з супрацоўніц удалося выклікаць міліцыю. Беларускія сьледчыя высьвятляюць цяпер датычнасьць паўднёваафрыканца да іншых крымінальных злачынстваў на тэрыторыі Беларусі.

Сваю падзяку за затрыманьне Прынсло выказала таксама і нацыянальная пракуратара Паўднёвай Афрыкі.

Паводле яе адказнага супрацоўніка Тлалі Тлалі, цяпер высьвятляюцца розныя фармальныя аспэкты экстрадыцыі Прынсло ў ПАР. Прэторыя будзе ўсталёўваць кантакты зь Менскам, каб гэтая працэдура прайшла хутчэй і Прынсло стаў перад судом Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG