Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў адмянілі свой удзел у сёньняшнім пасяджэньні сэсіі Савета калектыўнай бясьпекі АДКБ з-за таго, што Расея не спыніла малочную вайну. Паседжаньне ў Маскве адбывалася без удзелу Беларусі.

Прадстаўнікі афіцыйнага Менску заявілі, што няўдзел Беларусі ў саміце зьвязаны з малочнай вайной, якая падрывае эканамічную бясьпеку. Паводле беларускага МЗС, беларускі бок накіраваў у сакратарыят АДКБ афіцыйную ноту, у якой гаворыцца, што згодна са статутнымі дакумэнтамі АДКБ няўдзел Беларусі ў саміце гэтай арганізацыі “абазначае адсутнасьць згоды Беларусі на прыняцьце разгляданых гэтымі органамі рашэньняў і адпаведна адсутнасьць кансэнсусу для прыняцьця рашэньняў”. Беларускі бок падпіша пагадненьні адносна калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня тады, калі “комплекснасьць бясьпекі на прасторы АДКБ будзе адноўлена”.

Са свайго боку кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што няўдзел Беларусі ў сэсіі АДКБ ня ёсьць перашкодай для распрацоўкі і падпісаньня пакету дакумэнтаў АДКБ. Сёньня ж кіраўнік «Роспотребнадзора» Генадзь Анішчанка заявіў, што беларуская малочная прадукцыя вернецца на расейскі рынак тады, калі яна будзе адпавядаць расейскаму заканадаўству.
Гэта ў многім праява імпэрскіх амбіцый


Камэнтуючы сытуацыю кіраўнік блізкага да адміністрацыі А.Лукашэнкі аналітычнага цэнтру “Экоом” Сяргей Мусіенка адзначыў:


“Я думаю, гэта ў многім праява імпэрскіх амбіцый. І Анішчанка па вялікім рахунку, тут “вінцік”, як і Кудрын са сваімі заявамі пра неплатаздольнасьць. Гэта жаданьне імпэрыі. Жаданьне Кароны. Праўда, яно не разумнае, не аргумэнтаванае, ды ўжо і несвоечасовае. Мы – незалежная краіна. З гэтым зьмірыцца не могуць. Вось такія праявы і адбываюцца. Бо справа проста ў блякадзе нашых тавараў сіламі «Роспотребнадзора»”.

Вядомы расейскі палітык Канстанцін Затулін мяркуе, што мы назіраем паглыбленьне канфлікту, які нядаўна выйшаў на паверхню.

“У гэтым выпадку Лукашэнка лічыць, што самы час паказаць зубы: не ўдзельнічаць дэманстратыўна ў сустрэчы кіраўнікоў краін. Інтэгратар Аляксандар Лукашэнка, такая іронія лёсу, прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе пад лёзунгамі аб’яднаньня з Расеяй і асуджэньня
Адбываецца адыход Лукашэнкі ад мінулых мэтаў інтэграцыі з Расеяй
белавескай змовы. Калі ж быў больш шчырым Лукашэнка тады ці цяпер?Я думаю, тады і цяпер. Проста часы сталі мяняцца. І тое, да чаго заклікаў Лукашэнка, у Расеі пачало ажыцьцяўляцца. І да гэтага беларускі лідэр
аказаўся не гатовы. Ён у лепшым выпадку быў гатовы да таго, каб самому ўзначаліць гэты працэс пасьля Ельцына. Але тут усю яго далейшую пэрспэктыву заблякавалі палітычныя колы ў Расеі, якія да яго варожа настроеныя. На фоне гэтых расчараваньняў і адбываецца адыход Лукашэнка ад мінулых мэтаў інтэграцыі з Расеяй. І ўзаемныя прэтэнзіі ўжо чапляюцца адна за другую”.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, за 15 гадоў былі абвастрэньні двухбаковых стасункаў, але рэдка калі гэта выходзіла ў канкрэтныя дзеяньні.
Для Эўропы гэта сытуацыя адкрывае новыя магчымасьці


“Лукашэнка ўвесь час прытрымліваўся тактыкі шантажу і ішоў да канца. Расея, відаць, упершыню перайшла ад рыторыкі да нейкіх практычных дзеяньняў і таксама выкарыстоўвае зброю Лукашэнкі. Таму ўзаемны шантаж
выйшаў на рыторыку і перайшоў на канкрэтныя дзеяньні. І тут ужо сытуацыя – у каго мацнейшая нэрвовая сыстэма, хто будзе ісьці да канца. Для Эўропы гэта сытуацыя адкрывае новыя магчымасьці, каб умацаваць свае пазыцыі ў Беларусі. І выкарыстаць інструмэнты, якія мае Эўропа, для ціску на ўлады, каб пайшоў працэс дэмакратызацыі ў Беларусі. Ці выкарыстае Эўропа, гэта таксама новая інтрыга”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG