Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама 12 чэрвеня на год прадоўжыў дзеяньне ўказа пра арышт уласнасьці “шэрагу асоб, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі”, што знаходзіцца на тэрыторыі або пад юрысдыкцыяй ЗША.

Старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, якога таксама тычацца фінансавыя санкцыі, заявіў, маўляў, для яго цяпер “больш галоўным” зьяўляецца інфармацыя пра тое, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, магчыма, ня возьме ўдзелу ў сэсіі АДКБ. Аднак аб рашэньні прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ён ведае:

Аляксандар Зімоўскі
“Я лічу гэта працягам санкцый. Гэта ж ня ёсьць рашэньнем Абамы. Абаму, як кажуць, прапанавалі паперу ці дакумэнт, ён штампануў ды і пайшло. Я ведаю, хто такі прэзыдэнт ЗША Абама. А ці ведае Абама хто такі Аляксандар Зімоўскі, мне склада адказаць…

Што тут зробіш! Авуары, як кажуць, замарожаны. Я нават пэпсі-колы не змагу набыць у нью-ёрскім аэрапорце”.

Камэнтуючы рашэньне прэзыдэнта ЗША Барака Абамы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў:

Вінцук Вячорка
“Я пасьлядоўна лічыў, што якраз асабіста арыентаваныя захады супраць канкрэтных вінаваўцаў канкрэтных антыдэмакратычных захадаў і рэпрэсіяў, і маюць найбольшую дзейснасьць. І ў гэтым сэнсе ня можна рабіць выгляд, што ў нас адбыліся інстытуцыянальныя зьмены, і ня можна зрабіць выгляд, што зьмяніліся людзі, якія ажыцьцяўлялі рэпрэсіі раней. Яны ж ажыцьцяўляюць іх і цяпер. Таму гэтае рашэньне лягічнае і яно паказвае, што ўсё ж ЗША застаюцца на каштоўнасных пазыцыях у трактоўцы працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі”.

Андрэй Фёдараў
Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў, што падаўжэньне фінансавых санкцый супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў і асобаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам ёсьць вынікам “больш жорсткай ці асьцярожнай палітыкі ЗША”:

“Яны хацелі б большых дасягненьняў, чым яны назіраюць дагэтуль. І яны лічаць, што тыя крокі насустрач, якія яны зрабілі, адпавядаюць дзеяньням беларускіх уладаў у мінулым годзе. Я маю на ўвазе вызваленьне Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў, рэгістрацыю руху „За свабоду“, допуск дзьвюх газэтаў да распаўсюду… Ад таго часу ніякага руху ў тым жа накірунку дэмакратызацыі, зьмякчэньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі мы не назіраем. І таму, я думаю, ЗША лічаць, што калі няма руху адсюль, то ня будзе руху і адтуль. Тым болей, што яны ж падоўжылі адтэрміноўку санкцый супраць „Шкловалакна“ і „Лякафарбы“. Санкцыі як былі падвешаныя, так і засталіся. Можна лічыць, што становішча замарожанае на пэўным узроўні, і абодва бакі чакаюць нейкіх крокаў адзін ад аднаго. Хто зробіць першым, сказаць цяжка. Тут, відаць, будзе залежаць, каму гэта будзе больш патрэбна. Я мяркую, на дадзены момант гэта больш патрэбна беларускаму боку, улічваючы эканамічную сытуацыю наогул і напружаныя стасункі, якія цяпер склаліся з Расеяй”.

Аляксандар Казулін
Былы кандыдат у прэзыдэнты, былы палітвязень Аляксандар Казулін камэнтуючы рашэньне прэзыдэнта ЗША Барака Абамы заявіў:

“Ведаеце, калі грамадзянін ЗША памірае ў турме ў Беларусі, цяпер аб’явіў галадоўку, сядзіць там абсалютна незаконна, то зразумела, што Злучаныя Штаты павінны праяўляць сваю пазыцыю.

ЗША дэманструюць сваю прынцыповую пазыцыю адносна сытуацыі ў Беларусі. Калі зьменаў няма ў дэмакратычным накірунку, то яны працягваюць сваю адмысловую пазыцыю. І гэта самае галоўнае. Я думаю, галоўнае, каб былі маральныя прынцыпы. І калі улады ў Беларусі пачнуць разумець, што зь імі могуць супрацоўнічаць толькі на гэтай аснове, тады ўсё будзе добра”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG