Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хроніка малочнага крызісу: 7 — 13 чэрвеня


Тыдзень прайшоў пад знакам супрацьстаяньня на “малочным фронце”. Цягам 6 і 9 чэрвеня на загад расейскага ведамства кантролю якасьці прадуктаў “Роспотребнадзор” забароненыя пастаўкі больш чым тысячы найменьняў малочнай прадукцыі зь Беларусі. Крок патлумачаны тым, што пры канцы 2008 году Расея ўвяла новы тэхнічны рэглямэнт на малако, у які беларуская прадукцыя ня ўпісваецца. Прыкладам, калі ў склад прадукту ўваходзіць хоць бы 1% парашку, то на пакунку трэба пісаць не “малако”, а “малочны напой”.

Галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка ў панядзелак 8 чэрвеня патлумачыў, што пра гандлёвую вайну паміж Расеяй і Беларусьсю гаворкі няма, а захады супраць беларускага малака маюць пад сабой выключна клопат пра здароўе грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі:

Генадзь Анішчанка
“Ну, як можна з гэтым мірыцца? Мы ж ня ўмоўнымі грашыма плацім за тую прадукцыю, мы плацім нармальнымі расейскімі грашыма. Чаму мы ня можам за свае грошы запатрабаваць атрыманьня паўнавартаснай прадукцыі, якая адпавядае нашым, расейскім патрабаваньням? Прычым патрабаваньням ня ведамства, а закону Расеі”.

Іван Бамбіза
Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза сьцьвярджае, што падставай да непаразуменьняў сталі тэхнічныя розначытаньні датычна стандартаў прадукцыі. Так, ад сьнежня 2008 году малочныя вырабы, якія пастаўляюцца ў расейскі гандаль, падзяляюцца на натуральныя і адноўленыя. Між тым, Бамбіза прызнаў: ня ўсе беларускія прадпрыемствы падалі дакумэнты ў санітарнае ведамства Расеі ў вызначаныя тэрміны. І з такімі арганізацыямі паабяцаў “разабрацца”.

Апроч таго, па словах галоўнага санітарнага лекара Беларусі Валянціны Качан, няправільна акцэнтавацца толькі на беларускіх прадпрыемствах. Дазвольных дакумэнтаў не атрымалі 20% прадукцыі, якая вырабляецца ў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама 40% прадукцыі з краінаў Балтыі.

Тым часам вытворцы малака ў Беларусі падлічваць эканамічныя страты. Асіповіцкі малочны камбінат экспартуе на расейскі рынак 54% сваёй прадукцыі. Цяпер, як кажа прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства, тут чакаюць скарачэньня экспарту:

“Уводзяцца квоты на сухое малако. Нам пра гэта абвясьцілі, але яшчэ не давялі. Давядуць, канечне, пазьней. Калі, да прыкладу, абмяжуюць пастаўкі напалову, то палова ляжа на склад. Ня будзе рэалізацыі, замарожаны тавар будзе”.

Асіповіцкі камбінат не ўпершыню сутыкаецца з санкцыямі. Летась ён быў сярод 20 прадпрыемстваў, якім забаранялася ўвозіць прадукцыю на тэрыторыю Расеі. Паводле санітараў, беларускія малочныя прадукты не адпавядалі расейскім стандартам якасьці. Пазьней санкцыі былі адмененыя.

Андрэй Юркоў
Эканаміст Андрэй Юркоў лічыць, што малочным камбінатам, каб выстаяць, давядзецца скарачаць аб’ёмы вытворчасьці ўдвая, бо ўнутраны рынак сёньня перанасычаны малочнай прадукцыяй:

“Што мы маем? Каля 5 мільёнаў тон малака, а ўнутры краіны спажываецца 2-2,5. Гэтая прадукцыя не адпавядае й блізка сусьветнаму ўзроўню якасьці. Таму пераарыентавацца сёньня з расейскага рынку кудысьці яшчэ проста нерэальна, бо няма якаснага прадукту”.

Калі “малочная вайна” зацягнецца, адбудзецца рэзкае скарачэньне прыватнага пагалоўя кароў, бо заводы зьменшаць закупы малака ў насельніцтва, — мяркуе заатэхнік зь Бялыніцкага раёну:

“Проста насельніцтва пачне выразаць гэтую жывёлу, пазбаўляцца ад яе. І так гэта ня выгадна. У нас па Бялыніцкім раёне за пяць гадоў у 2,5 разы скарацілася пагалоўе жывёлы. Цяпер каля тысячы галоў, а было 2800”.

Ува што выльюцца скарачэньні паставак на расейскі рынак? Ганцавіцкі малочны завод з-за нерэнтабэльнасьці ўжо страціў эканамічную самастойнасьць і ператвораны ў прыёмны пункт. На Ляхавіцкім малочным заводзе, па словах супрацоўніцы аддзелу маркетынгу, таксама чакаюць дэстабілізацыі:

“Яна адбудзецца, калі Расея цалкам будзе закрыта для Беларусі. Сёньня Клецак, Капыль, Слуцак яўна зачыненыя, яны ўжо не працуюць з Расеяй. Яны сутыкнуліся з праблемамі”.

У Добрускім раёне малаказавод ужо зачынілі. Многіх працаўнікоў звольнілі, некаторых перавялі ў абласны цэнтар, у акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты”. Сюды ж загадалі вазіць і малако з калгасных фэрмаў. Апавядае адзін з кіроўцаў, які возіць малако з Добруша ў Гомель:
Сытуацыя — не на карысьць Беларусі. Крытэрыі ацэнкі якасьці малака ў Расеі больш жорсткія.


“Раней у нас было ўсё нармальна. А цяпер — нібы прышпіленыя. На фэрмы ў Лебедзеўку, Івакі шмат малака вяртаюць. Нам няма куды дзявацца, людзі пакутуюць. Дояць, дояць кожны дзень, а ў гомельскай лябараторыі проста зьдзекуюцца. То антыбіётыкі ў малацэ знаходзяць. Калі антыбіётыкаў няма, значыць, шчыльнасьць неадпаведная. Калі ня шчыльнасьць, то кіслотнасьць альбо бруд. Проста зьдзекуюцца. Я гадзіну з малакавозам стаю да адбору пробаў на аналіз і 45 хвілін — пасьля аналізу”.

Паводле Мінсельгасхарчу, ужо больш як 20 малаказаводаў цалкам адлучаныя ад экспарту прадукцыі. Мсьціслаўскі масласырзавод больш за 80% сваёй прадукцыі прадаваў на расейскім рынку. Абвінавачаньні ў тым, што беларускія вытворцы атрымлівалі дакумэнты з парушэньнямі, мсьціслаўцы лічаць надуманымі:

“За выдачу гэтых дазволаў і сэртыфікатаў прадпрыемствы плацілі грошы. Калі яны былі выдадзены няправільна, з парушэньнямі, то Расея павінна разабрацца перадусім у сябе”.

Пётар Мігурскі
Эканаміст Пётар Мігурскі лічыць, што беларускім вытворцам варта кардынальна мяняць падыходы да ацэнкі якасьці сваёй прадукцыі:

“Сытуацыя — не на карысьць Беларусі. Крытэрыі ацэнкі якасьці малака ў Расеі больш жорсткія. У дадзенай сытуацыі ня трэба станавіцца ў позу, а трэба ўсё ж разглядаць пытаньні тэхналёгіяў, пытаньні прыватнай уласнасьці. Калі будуць займацца гэтым фэрмэры, толк будзе ў гэтым пытаньні”.

Гомельскае акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты” пастаўляе ў Расею каля 30 найменьняў малочных прадуктаў. Расказвае кіраўнік аддзелу маркетынгу акцыянэрнага таварыства Алена Бондар:

“Мы адпраўляем нашым транспартам ці транспартам заказчыка малако, тварог, сьмятану, дэсэрт, ёгурты, сухое малако, масла сьметанковае ў Бранск, Арол, Маскву, Калугу, Тулу, Санкт-Пецярбург, Ульянаўск. Ніхто ад нашай прадукцыі не адмаўляецца. Мы атрымалі новыя сэртыфікаты. Літаральна тыдзень таму наша прадукцыя прайшла новую сэртыфікацыю да 2013 году”.

Паводле спадарыні Бондар, новы сэртыфікат таварыства атрымала ў Бранскай лябараторыі спажыўнагляду.

У спажыўцоў у Маскве, як высьвятляецца, таксама няма прэтэнзіяў да якасьці беларускага малака. Вось што кажа начальніца аддзелу спажывецкага рынку Маскоўскага раёну Вольга Лабіна:

“Перадусім, мы не атрымлівалі якіх-колечы скаргаў ні ад пакупнікоў, ні ад кіраўнікоў. У нас такога не было. Але што я магу вам адказваць? Гэта ж цяпер палітычны момант. Вам трэба выходзіць на кіраўніцтва Расеі”.

У цяперашняй малочнай вайне Расея абвінавачвае Беларусь ў дрэннай якасьці прадуктаў. Аднак на перапрацоўчых прадпрыемствах сьцьвярджаюць, што кантроль за якасьцю сыравіны вядзецца безупынна. Спэцыяліст Чавускага масласыраробнага завода апавядае:

“Штодзённа аналіз робіцца на антыбіётыкі і інгубіруючыя рэчавы. Канечне, з антыбіётыкамі малако не прымаецца. Малочная прадукцыя, якая пастаўляецца ў Расею, вырабляецца толькі з цэльнага малака. Сёньня малака цэльнага даволі і для Беларусі й для Расеі”.

Кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў заяўляюць, што ў параўнаньні зь мінулым годам патрабаваньні да якасьці малака значна ўзрасьлі. Гаворыць прадстаўнік адміністрацыі чавускага сельгаскаапэратыву “Дужаўка”:

“Тут лябаранты і заатэхнікі з раёну прыяжджаюць. Гэта проста прадузятыя адносіны зь боку Расеі. Ня ведаю, чаму нашы „старэйшыя браты“ прадузята ставяцца. Тут палітыкі болей”.

Ягоны калега з каапэратыву “Галавенчыцы” мяркуе, што
Расейцы распачалі малочную вайну, каб змусіць беларусаў прадаць малаказаводы.
расейцы распачалі малочную вайну, каб змусіць беларусаў прадаць малаказаводы:

“Калі рынак наш закрыюць на Расею, нас ужо ў прынцыпе закрылі, нашу прадукцыю ня хочуць браць, то яно так і будзе хутчэй за ўсё. Нам проста ня будзе куды падзецца. Самі такую колькасьць малака мы спажыць ня зможам. Наш унутраны рынак яго не рэалізуе на сто працэнтаў”.

На Магілёўшчыне пакуль толькі адно перапрацоўчае прадпрыемства прадалі расейцам — Горацкі масласыраробны завод, цяпер вядомы пад брэндам “Малочныя горкі”.

А што кажуць пра “малочную вайну” самі расейцы? Меркаваньне жыхара райцэнтру Злынка Бранскай вобласьці Аляксандра:

“Беларускае малако да нас цяпер не паступае. Вельмі кепска! Забаранілі продаж — не прывозяць. Нашы гандляры тлумачаць, што беларускія заводы на рамонце. Больш як тысячу найменьняў забаранілі — і дзіцячае харчаваньне, і ёгурты… У праграме „Время“ наш галоўны санітарны ўрач Анішчанка выступаў. Маўляў, мы папярэджвалі, час давалі, а беларусы не варушыліся…”

Спадар Аляксандар лічыць, што эканоміку ў дадзеным выпадку выціснула палітыка:

“Гэта эканамічная нянавісьць, каб толькі сваё прадаць. А сваё — якасьць агідная, ніякай якасьці. З Карачава вязуць — гэта 200 кілямэтраў яшчэ за Бранскам. Малако прывозяць адтуль, а яно ўжо скісла. Станеш варыць — прапала”.

А вось мясцовая жанчына зь земляком ня згодная і дае водпаведзь суседу, а заадно й палітыцы беларускага кіраўніка:

“Крэдыты цягне ваш Лукашэнка з нашай Расеі. У чатыры разы Беларусь меншая нават за Маскву, а крэдыты цягне. А мы як павінны жыць? Ні кватэры ў нас добрай няма, ні працы, ні заробкаў. На Расею наплявалі — усё ў Беларусь. Ваш Лукашэнка „разумны“ — ён усё адсюль, з Расеі бярэ”.

11 чэрвеня прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін падчас паседжаньня ўраду паведаміў, што дзьве краіны дамовіліся па пастаўках малака: “Будзе зьніжацца аб’ём завозу сухога малака, але павялічвацца тых тавараў, якіх не хапае — тварог, сыр і г.д.”. Аднак Генадзь Анішчанка ня стаў фарсіраваць падзеі і на канец тыдня ад былых 1500 найменьняў беларускай прадукцыі легальны статус захавалі толькі паўсотні гатункаў, якія дзеляцца паміж трыма прадпрыемствамі — “Беллакт” з Ваўкавыску, акцыянэрнымі таварыствамі “Слонімскія малочныя прадукты” і “Малочныя горкі” з Горак.

Леанiд Заiка
Канфліктную сытуацыю камэнтуе дырэктар аналітычнага цэнтру “Стратэгiя”, эканаміст Леанiд Заiка:

“Малако цяпер гэткае ж эканамічна выгаднае, як нафта і прадукты зь яе. Таму лабізм расейскі можна патлумачыць. Беларусь штогод на мільярд даляраў прадае малака ў Расею. Навошта аддаваць гэтыя грошы, калі расейскі капітал можа пакласьці іх у сваю кішэню? Я мяркую, што расейцы пакараюць нас прыкладна на палову ад цяперашняга экспарту. Пакінуць нам сэгмэнт на 400-500 мільёнаў даляраў малочных прадуктаў штогод. І мы на гэтым супакоімся. Самі будзем глытаць сьлёзы”.

Расейскія экспэрты заяўляюць, што калі Беларусь далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, то тады стане яшчэ вастрэйшай праблема рэалізацыі прадукцыі ня толькі на зьнешніх рынках, але й на ўласным.



Даведка. Больш як 1,2 мільёна малочных кароў утры§мліваюцца ў сельскагаспадарчых арганізацыях Беларусі і каля 230 тысяч — у прыватных гаспадарках. Спажываньне малака і малочных прадуктаў на душу насельніцтва складае 233 кіляграмы. Не запатрабаваныя ўнутраным продажам 2,5 мільёна тон малака. На экспарт гатуецца 99 тысяч тон сыроў і тварагу, 58 тысяч тон сухога абястлушчанага малака, 55 тысяч тон масла.
XS
SM
MD
LG